Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэтыя дзеткі ня змогуць паехаць ні да бабулі, ні ў летнік». У Літве зьбіраюць сродкі, каб адвезьці дзяцей пацярпелых на мора


Узьбярэжжа Балтыйскага мора
Узьбярэжжа Балтыйскага мора

45 дзяцей, якія разам з бацькамі былі вымушаныя пакінуць Беларусь, паедуць у летнік на Балтыйскае мора. Фонд дапамогі беларусам у Літве «Разам» зьбірае сродкі, каб адправіць дзяцей у аздараўленчы цэнтар на курорце Швянтоі.

«Гэта была ідэя аднаго з нашых валянтэраў, ён літовец, напісаў мне: „Давай паспрабуем вывезьці дзяцей на мора?“. Я сказала яму, што гэта немагчыма, бо вельмі дорага, але ён пераканаў мяне, што варта паспрабаваць, і ўсё атрымаецца. Мы аб’езьдзілі марское ўзьбярэжжа ў Літве, і вось у Швянтойі (невялікі курортны гарадок, прыгарад Палангі) мы знайшлі аздараўленчы цэнтар. Правялі перамовы з дырэкцыяй, удакладнілі, колькі дзетак яны могуць прыняць. І далі інфармацыю ў нашыя чаты, што мы хочам зрабіць такі летнік. Зьмена будзе 10 дзён. Мы атрымалі заяўкі на 45 дзяцей ад 6 да 16 гадоў», — кажа валянтэрка фонду Віялета.

Віялета заўважае, што шмат дзетак перажылі ў Беларусі цяжкія падзеі і атрымалі псыхалягічныя траўмы, адбіваецца на іх і пераезд у новую краіну.

«У нас тут ёсьць трое дзетак, чыя мама змагла выехаць зь Беларусі толькі праз паўгода. Дзеці спачатку жылі з чужымі людзьмі, якія іх даглядалі, а потым з бабуляй. Але нават калі дзеці зьяжджаюць са сваімі бацькамі — гэта ўсё роўна вельмі вялікі стрэс. Па-першае, большасьць зь іх сапраўды ўцякае. У Беларусі дзяцей пагражаюць забраць органы сацыяльнай апекі за пазыцыю іх бацькоў, альбо іх бацькам пагражае нейкае пакараньне, штраф, турэмнае зьняволеньне. Вельмі часта ў гэтых семʼях былі ператрусы, і дзеці ўсё гэта бачылі. Таму яны ўжо ў псыхалягічна нестабільным стане, — тлумачыць валянтэрка. — Дадаецца і сам пераезд: чужая краіна, чужая мова, новая школа, усё іншае. Яны трапляюць у некамфортнае для іх асяродзьдзе. Вядома, гэта стрэс і для дарослых людзей, але ў дзетак ён мацнейшы. І тут ёсьць прыгнечаныя дзеткі, яны ня вельмі ідуць на кантакт, шмат каму патрабаваўся псыхоляг».

Валянтэрка дадае, што ўвогуле летні адпачынак вельмі важны.

«Лета для любога чалавека — гэта важна. Тым больш яно такое кароткае ў нашым рэгіёне. Мы, дарослыя, усе ўзгадваем сваё лета ў дзяцінстве дзесьці ў лягеры ці ў бабулі на вёсцы. Цяпер мы разумелі, што беларускія дзеткі ня змогуць сёлета паехаць ні да бабулі, ні ў нейкі летнік, і мы падумалі, што будзе добра, калі мы падорым ім кавалачак шчасьця».

Летнік было знайсьці складана, кажа Віялета, бо звычайна ўсе вольныя месцы разьбіраюць яшчэ ўзімку. Але адміністрацыя аздараўленчага цэнтру праніклася гісторыяй дзяцей і іх сем’яў і ўсяляк дапамагае.

«У нас ёсьць дамоўленасьць зь летнікам, што 30 дзяцей едуць у першую зьмену з 28 чэрвеня. Астатнія 15 дзетак паедуць крышку пазьней, як вызваляцца месцы, дакладных тэрмінаў пакуль няма. Калі ў нас будзе больш сродкаў, то мы набяром яшчэ больш дзяцей».

На адпачынак аднаго дзіцяці патрэбна 225 эўра за дзесяць дзён. Каманда фонду ўжо сабрала каля 4500 эўра, а трэба 10 000.

«Увогуле, кошт летніку на адно дзіця складае 345 эўра, але частку сумы кампэнсуе дзяржава, Міністэрства адукацыі Літвы, нават калі гэта дзеці-замежнікі, але вучацца ў літоўскіх школах», — кажа валянтэрка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG