Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як тлумачыць дзецям падзеі ў Беларусі? Размова з псыхолягам


Дзіцячы малюнак. ілюстрацыйнае фота
Дзіцячы малюнак. ілюстрацыйнае фота

Ян Максімюк размаўляе з псыхолягам і псыхатэрапэўткай Вікторыяй Мельнікавай пра тое, як гаварыць зь дзецьмі пра грамадзка-палітычныя падзеі ў цяперашнім жыцьці Беларусі.

Вікторыя Мельнікава сьцісла:

  • Для бацькоў гэта вялікі выклік — гаварыць на «цяжкія» тэмы ў сёньняшнім жыцьці Беларусі, калі няма «адназначнасьці» і «правільных адказаў».
  • Цяперашняя сытуацыя ў Беларусі ўплывае ня толькі на псыхіку школьнікаў, але і на дзяцей дашкольнага ўзросту, на дзяцей да шасьці гадоў.
  • На дзяцей у малодшым школьным узросьце вялікі ўплыў маюць школьныя настаўнікі.
  • Дзяцей у падлеткавым узросьце бацькі павінны вучыць «бачыць сытуацыю з розных бакоў, разумець розныя пункты погляду».
  • Сёньняшняя ўлада разумее, што яна прайграе ў інфармацыйным полі, якое тычыцца выхаваньня дзяцей.
  • «Сёньняшнія пакаленьні дзяцей ня так проста паламаць».

Напружанасьць у дашкольным узросьце

«Дзіця — эмацыйна залежнае ад стану бацькоў. Мы ўсе, дарослыя, цяпер знаходзімся ў такім нязвычным стане. Напрыклад, у дэфіцыце ў нас — пачуцьцё бясьпекі. Таму што бясьпека ў краіне цяпер вельмі ўмоўная. І гэтая псыхаэмацыйная напружанасьць ня можа не адбівацца на нашых дзецях. Калі мы гаворым пра дашкольнікаў да шасьці гадоў, то гэта могуць быць усялякага роду станы напружанасьці. Дзіця так наладжанае, што яно можа не разумець тлумачэньняў на словах таго, што адбываецца з дарослымі. Але яно моцна адчувае эмацыйныя рэакцыі».

«Калі мы гаворым пра дашкольны ўзрост, то добра было б, каб мы ў нейкай форме — магчыма, сказкі — гаварылі пра тое, што, вось, ёсьць злы кароль і ёсьць чорныя слугі злога караля, напрыклад, і што народ верыць у тое, што злога караля можна перамагчы дабрынёй. Што людзі стараюцца быць ваярамі сьвятла. Гаворачы ў такой даходлівай форме, мы можам палегчыць дзіцяці тую напружанасьць, якую яно адчувае».

Калі пункты гледжаньня не супадаюць

«Калі мы гаворым пра малодшы школьны ўзрост, то тут значную ролю адыгрывае аўтарытэт настаўніка. Можна сказаць, што ў гэтым узросьце аўтарытэт бацькоў крыху ссоўваецца і на першы плян прыходзіць усё-ткі аўтарытэт настаўніка. І гэта, канешне, такі ўзрост, у якім дзеці ўжо спрабуюць нешта зразумець. (…) Нам важна разумець, што дзецям у школе таксама нешта кажуць. І што нашы пункты гледжаньня могуць не супадаць. Гэта проста ідэальная сытуацыя, калі мы можам быць у кантакце з настаўнікамі і разумець, што там адбываецца, што там дзіцяці кажуць».

«Мы павінны дакладна разумець, у якіх рэаліях існуе наша дзіця. Ідэальна, канешне, калі мы супадаем з настаўнікам у нейкім бачаньні, напрыклад — неўключэньня ў нейкія палітычныя размовы. Розныя бываюць пэдагогі. Але так бывае не заўсёды. І тады мы павінны ня проста даваць нейкія гатовыя адказы. Вельмі важна, каб мы маглі ў дзіцяці фармаваць яго сьветапогляд, напрыклад, задаваючы такія пытаньні: А як ты думаеш — што ў гэтай сытуацыі справядліва? Няхай дзіця само нараджае свае адказы пры нашым удзеле і нашай падтрымцы. І самае важнае — ня страціць кантакту зь дзіцём».

Паміж свабодай і адказнасьцю

«Калі гаварыць пра падлеткаў, то бок дзяцей у старэйшым узросьце, то асноўны вэктар разьвіцьця знаходзіцца ў дыхатаміі паміж свабодай і адказнасьцю. Яны імкнуцца заняць сваё месца ў гэтым. Яны ўжо прагнуць нейкай свабоды, і вельмі важна даносіць да іх тое, што свабода ўраўнаважваецца адказнасьцю. (…) Важна, каб мы ў сваім страху за нашых дзяцей не пазбавілі іх жыцьця, гэта значыць, не замкнулі іх дома. Каб быў кантакт і дапамога ў пошуку нейкіх адказаў, каб мы маглі вучыць бачыць сытуацыю, бачыць яе з розных бакоў, разумець розныя пункты погляду».

Вырашальная роля бацькоў

«Сама сёньняшняя ўлада разумее, што яна здорава прайграе ў гэтым інфармацыйным полі ў адрас дзяцей. Тыя дзеяньні, якія яны спрабуюць укараняць праз школу… Усё-ткі найважнейшую ролю ў гэтым, калі гаварыць, скажам так, пра ўдачную сямейную гісторыю, адыгрываюць бацькі. Яны ўсё роўна займаюць важнае месца ў жыцьці дзіцяці. Менавіта пункт гледжаньня бацькоў мінімальна паддаецца нейкаму крытычнаму фільтру ўнутры дзіцяці. Ён як быццам адразу ў душу западае. Гэта нармальна, так і павінна быць».

«У падлеткавым узросьце гэта крыху інакш. Таму што там такая важная задача сэпарацыі, аддзяленьня ад бацькоўскага пункту гледжаньня. Там важны пошук свайго пункту гледжаньня. Але я заўважаю, што гэтыя беларускія рэаліі здорава зблізілі менавіта падлеткаў і бацькоў. Скажу так: той агульны вораг усё-ткі працуе на згуртаваньне сямейнай супольнасьці. Гэта насамрэч такі час, калі мы можам сустракацца ў гэтай тэме, то бок дарослы зь дзецьмі, калі мы можам прагаворваць тое важнае, што цяпер адбываецца».

Вікторыя Мельнікава
Вікторыя Мельнікава

Аўтарытэтнасьць і аўтарытарнасьць

«На мой погляд, сёньняшняя школа не адпавядае рэаліям часу, яна стала зноў цалкам савецкай, а дзеці наагул ужо ня тыя, што былі раней. Іх ня так проста запалохаць, напрыклад; яны схільныя вучыцца ў тых, хто для іх валодае аўтарытэтам. Гэта пакаленьне, у якім вельмі яскрава выяўляецца канфлікт між аўтарытарнасьцю і аўтарытэтнасьцю. Настаўнікі, адчуваючы, што ў многім прайграюць, уключаюць аўтарытарнасьць і спрабуюць укараняць нейкія свае каштоўнасьці. Але, ведаеце, неяк бярэ гордасьць за сёньняшнія пакаленьні — ня так проста іх паламаць. Ёсьць у іх нейкая ўнутраная сіла — яны гатовыя супраціўляцца, я б гэта так акрэсьліла».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG