«Абліваемся халоднай вадой над унітазам». Як вязьні перажываюць анамальную сьпякоту і задуху

Вязьні ізалятару ў Жодзіне, фота чытача тэлеграм-каналу belamova

На слупку больш за 32 градусы. А што ў такую сьпякоту адбываецца ў перапоўненых беларускіх вязьніцах?

Мікалай (імя зьмененае. — РС) яшчэ дзень таму «сядзеў» у адным з абласных СІЗА, дзе агулам адбыў больш за 2 месяцы. Апошні тыдзень у ізалятары былы вязень называе кашмарам.

«Дзікая сьпякота і духата ў камэрах. Людзі ратуюцца тым, што абліваюцца халоднай вадой над унітазам», — расказаў ён адразу пасьля суду. І даслаў праваабаронцу Ўладзімеру Левінаву апісаньне ўмоў, якія зазнаў. Вось некаторыя цытаты зь ліста.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Казлоў: «Чалавека за пытаньне кінулі ў камэру голым. Фашызм адчувае сябе зусім камфортна ў ЦІПе, у СІЗА». ВІДЭА

Паветра

Праз высокую летнюю тэмпэратуру і адсутнасьць вэнтыляцыі дзікая сьпякота і духата ў камэрах.

Камэр для тых, хто ня курыць, няма. Ва ўсіх камэрах, дзе пабываў, не працуе выцяжка. Дым ад цыгарэт стаіць густым туманом, бо няма ніякага руху паветра.

На дадатак да ўсяго паветру шкодзіць адкрытая зьверху туалетная кабіна. Усе пахі застаюцца ў камэры, бо няма вэнтыляцыі. Каб зьменшыць пахі, вязьні падпальваюць запалкі ці паперу, але ад гэтага дыхаць не лягчэй.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адміністрацыя сьвядома перапаўняе камэры». Журналіст пра 10 сутак у турме на Акрэсьціна

Прагулкі

Прагулкі ў цесных «дворыках» ад адной гадзіны да дзьвюх, але па факце за 72 дні ніводнага разу не было прагулкі больш за гадзіну. У асноўным па 15–20 хвілін. Адзін раз была прагулка на 40 хвілін, але разоў дзесяць усяго па 10 хвілін у дзень.

Душ

Здараюцца непаладкі з гарачай вадой і, як вынік, — адмова ў наведваньні душу, які павінен быць раз на тыдзень.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жонка зьняволенага Пачобута даведалася пра стан мужа, хворага на COVID-19

Ежа

Суп з вады і капусты на самым дне. Другая страва зь недаваранага гароху, панцаку і незразумелага мяса. Альбо развараная макарона ў выглядзе клейстару. Альбо сечка з пахам машыннай алівы. Вялікія косткі ў кашы, аб якія непадрыхтаваны чалавек можа пашкодзіць зубы. Хлеб жахлівай якасьці, ад якога ўвесь час запоры і ўздуцьці кішэчніка.

Пры гэтым забараняюць перадаваць добрую ежу: мясныя вырабы, сыр, бананы, печыва, мінэральную ваду. Лыжкі перадаюцца разам зь ежай, а ў перапынках паміж прыёмамі ежы ўжываць плястмасавыя прыборы забаронена, іх нельга трымаць у камэры. У выніку людзі ядуць цюбікамі з-пад зубной пасты, разьмешваюць зубнымі шчоткамі, карыстаюцца старымі іржавым кружкамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цётка Сьцяпана Латыпава расказала, у якім ён стане пасьля спробы сіуцыду і апэрацыі. ВІДЭА

Мэддапамога

У выпадку захворваньня атрымаць рэальную мэдычную дапамогу немагчыма. Лекар у лепшым выпадку абыходзіць камэры раз на тыдзень і лекуе ўсіх хворых анальгінам. Фэльчар раздае абязбольвальныя.

Фізпрактыкаваньні

Забароненая абсалютна любая фізычная актыўнасьць, гэта адразу расцэньваецца як падрыхтоўка да ўцёкаў. На прагулках забароненыя нават махі рукамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволеная Юлія Слуцкая скардзіцца на здароўе, праблемы зь перапіскай і перадачамі

Ліставаньне

Мікалай расказаў аб праблемах з карэспандэнцыяй: пазьнікала шмат ягоных лістоў на волю, гэтак жа зьнікла і частка карэспандэнцыі, якую дасылалі яму. «Некаторыя лісты ляжалі ў цэнзара тыднямі», — кажа ён.

Былы вязень заўважыў і тое, што яшчэ да суду яго пазначылі як палітычнага: «З прычыны навешанай стужкі аб „схільнасьці да экстрэмізму“ дазвалялі спаць толькі на верхнім ярусе і абавязкова каля выхаду з камэры. Сьвятло ноччу б’е проста ў вочы, таму вельмі складана заснуць».

Паводле праваабаронцы Паўла Левінава, ізалятары ў Беларусі не абсталяваныя лядоўнямі, што наўпрост адбіваецца на якасьці і калярыйнасьці ежы, якую атрымліваюць вязьні.

«Як праваабаронцу давялося пабываць у турмах ва Ўкраіне і на свае вочы пабачыць лядоўні, усталяваныя ў калідорах вязьніцы. Вязьні могуць імі карыстацца, калі трэба, там у сьпякоту ежа добра захоўваецца. А ў нас гэтага няма, дзяржава фактычна не забясьпечвае права вязьняў на добрае і бясьпечнае харчаваньне», — канстатуе Павал Левінаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Доктар тэмпэратуру памераў рукой». Як хварэюць на COVID-19 у беларускіх турмах

Палітычныя ў перапоўненых камэрах

Мікалай сядзеў у віцебскім ізалятары ў камэрах, разьлічаных на 8 чалавек. Згадвае, што толькі ў адной камэры іх было 9, і то «лішняга» падсялілі, бо адзін зь іх у той дзень вызваляўся.

А вось як трываюць у гэтыя сьпякотныя дні ў Магілёўскім сьледчым ізалятары актывісты «Эўрапейскай Беларусі» Максім Вінярскі, Павал Юхневіч, Яўген Афнагель, Андрэй Войніч? Паводле Алены Церашковай, сястры Максіма Вінярскага, зь ім у камэры 16 чалавек.

«Там вельмі цяжкія ўмовы. Задуха. Прагулкі бываюць, але не заўсёды. Калі хто захварэў, дык некаму трэба зь ім заставацца, ці ўвогуле ніхто не ідзе. Ведаю, што ёсьць праблема з добрай пітной вадой. Мог бы расказаць больш, але ў спатканьні адмовілі», — расказала Алена.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Камэры ў „амэрыканцы“ перапоўненыя, арыштанты ляжаць на „верталётах“». Што новага ў справах затрыманых анархістаў

Кацярына Людвіг, жонка Яўгена Афнагеля, паведаміла, што для вязьняў магілёўскага СІЗА не прымаюць вэнтылятары.

«У мужа ў камэры 17 ці 18 чалавек, там гэткіх вялікіх камэр шмат, ва ўсіх большасьцю палітычныя. А вэнтылятараў для іх не прымаюць. Яны затарваюцца пітной вадой, але ня ведаю, ці хапае. Хутка да яго паедзе адвакат, тады будзем ведаць больш, як Яўген спраўляецца са сьпякотай», — расказала жонка Афнагеля Кацярына .

А вось што пра Паўла Юхневіча расказала яго сваячка: «У камэры насамрэч сьпякотна, 18 чалавек. Ежа псуецца, таму Павал сказаў нічога не перадаваць, акрамя садавіны, гародніны і хлебцаў. Вэнтылятараў у Магілёве не прымаюць. Ведаю, што ў адпаведнасьці зь нейкай дадатковай пастановай у сувязі з высокай тэмпэратурай можна перадаваць дадаткова 5 літараў вады на месяц звыш агульнай вагі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Барак узмоцненага рэжыму». Лідэр страйкаму «Беларуськалію» пра свае 45 сутак

«Кармушка» для вязьня ў Старых Дарогах

Днямі пасьля 45 сутак адміністрацыйнага арышту выйшаў з ізалятара ў Старых Дарогах лідэр страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Яго спачатку трымалі ў ізалятары Салігорску, але большую частку пакараньня ён адбываў у Старых Дарогах. Мяркуе, што перавялі туды адмыслова. Расказаў, як перажывалі сьпёку.

«Сядаеш каля „кармушкі“ (акенца ў дзьвярах камэры, празь якое падаецца ежа. — РС) і глыбока дыхаеш больш-менш нармальным паветрам. Хоць 5 хвілін падыхаў, і ўжо можна трываць. Далей сядзіш на лаве, абліваесься потам, як у лазьні. Што зробіш? Але бытавыя ўмовы для мяне не такія важныя, галоўнае, каб вакол былі нармальныя людзі», — кажа Анатоль Бокун.