Ці прывядуць санкцыі да зрынаньня Лукашэнкі? Як інакш маглі б заходнія лідэры рэагаваць на сытуацыю ў Беларусі? Якой будзе рэакцыя Расеі на заходнія санкцыі адносна Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказвае былы беларускі дыплямат з 30-гадовым стажам, колішні амбасадар Беларусі ў Славаччыне Ігар Ляшчэня.
Ляшчэня
- Я яшчэ ўвосень казаў, што з абодвух бакоў будзе ісьці гульня на абвастрэньне.
- На сайце прадстаўніцтва ЭЗ прыводзіцца аргумэнтацыя, што санкцыі маюць на мэце — прымусіць улады вызваліць палітвязьняў і пачаць сапраўдны дыялёг з грамадзтвам.
- Эўразьвяз дзейнічае ў адпаведнасьці з падыходамі тых, каго называюць лідэрамі пратэсту, якія цяпер знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі.
- Паводле іх лёгікі на рэжым павінны быць унутраны і зьнешні ціск. Зьнешні — гэта санкцыі, з унутраным ціскам справы горшыя.
- Перайшлі да партызанскай барацьбы.
- Зараз ідзе калька слогану, які быў летась — «Нас 80%»
- Пратэст немагчыма, як гуму, расьцягваць на некалькі гадоў.
- Чаму праз 10 месяцаў пасьля пачатку пратэстаў Баграцоў не пакажа нам праграму Бабарыкі, чаму Цапкала не апублікуе сваю праграму?
- Санкцыі ЭЗ, якія ўведзеныя 21 чэрвеня, нарэшце распаўсюдзіліся на спадара Зайцава.
- Ён на пачатку нулявых быў памочнікам прэм’ера Сідорскага, тады яго марай было трапіць у МЗС.
- Мара ня спраўдзілася, а цяпер ён стаў бізнэсоўцам — цуд нейкі.
- Але гэтыя санкцыі распаўсюджваюцца і на такія прадпрыемствы, як МАЗ і БелАЗ.
- Напэўна, працаўнікі гэтых заводаў зададуць пытаньне — а што будзе потым?
- Калі будуць уведзеныя сэктаральныя санкцыі, іх наступствы будуць неадназначныя.
- Тыя, хто іх прымае, зыходзяць з таго, што ёсьць 80% актыўных змагароў, і трэба толькі націснуць, і яны выйдуць на вуліцу.
- Санкцыі маюць сэнс адносна «палацавых» фірмаў.
- Але калі размова ідзе цэлыя галіны, то там наступствы будуць неадназначнымі.
- Улады ўпэўненыя, што Захад наслухаўся Латушку, я мяркую, што ў Захаду ёсьць сваё меркаваньне.
- Але сытуацыю ў Беларусі могуць мяняць толькі тыя людзі, якія ў краіне — ня Захад і не эмігранты. І трэба працаваць зь людзьмі.
- А цяпер яны трапілі паміж двума баксэрамі: улада табе хук справа — рэпрэсіі, а Захад — хук зьлева, санкцыі на твой завод.
- Мяне зьдзівіла, што да 22 чэрвеня не прымеркавалі прыраўноўваньне бчб-сьцягу да нацысцкай сымболікі.
- Але ўчора быў маштабны выступ Лукашэнкі — відаць, вырашылі не перабіваць уражаньне ад яго.
- Улада будзе дзейнічаць паводле формулы Макея: вы па нас санкцыямі, а мы яшчэ больш зацісьнем грамадзянскую супольнасьць.
- У цяперашніх умовах калі людзі і выйдуць на вуліцу, яны выйдуць толькі адзін раз.
- Красавіцкае апытаньне Chatham House паказвае, што цяпер сытуацыя не такая, якой была летась у жніўні.
- Шмат людзей разгубленыя.
- У Пуціна, дарэчы, тых, хто яму сымпатызуе — 56%.
- Падтрымка самога Лукашэнкі — 25%. Але пазыцыі ўлады ўмацоўваюцца з прычыны адсутнасьці пазытыўнай, а не пратэстнай праграмы апазыцыі.
- Пакрысе зьніжаецца падтрымка пратэсту.
- Без пазытыўнага парадку дня маса, якая вагаецца, зьмірацца з уладай.
- Я б даў заходнім лідэрам адну параду — дапамагчы апазыцыі распрацаваць нармальную эканамічную праграму.
- Я мяне была дыскусія са штабам Ціханоўскай. Яны гавораць пра праграму велізарнай праграмы падтрымкі з боку Захаду, калі ня будзе Лукашэнкі.
- Але трэба, каб было што падтрымліваць.
- Ідзе спаборніцтва паміж Лукашэнкам і лідэрамі апазыцыі, якія ў замежжы, наконт вызначэньня, хто вінаваты ў цяжары санкцыяў.
- Хто ў гэтым спаборніцтве выйграе — вялікае пытаньне.
Што было раней
- На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
- Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, будзе сёньня апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набудзе моц.
- 17 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што трыгерам для ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску. «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічных санкцый. Гэтая падзея справакавала адказ», — заявіў ён.
- 21 чэрвеня Бурэль заявіў, што эканамічныя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЭЗ 24–25 чэрвеня і зацьверджаныя пасьля яго.
- Выступаючы ўвечары 22 чэрвеня на цырымоніі ўскладаньня вянкоў у мэмарыяльным комплексе «Берасьцейская крэпасьць», Аляксандар Лукашэнка сярод іншага закрануў тэмы міграцыі празь Беларусь у краіны Эўразьвязу і санкцыяў, уведзеных заходнімі краінамі супраць асобаў і прадпрыемстваў Беларусі.
- «Яны ( ЭЗ – РС) патрабуюць ад нас абараніць іх ад кантрабанды, ад наркотыкаў... Так і хочацца спытаць: вы што там, ачумелі наогул? Вы супраць нас разьвязалі гібрыдную вайну і патрабуеце ад нас, каб мы вас абаранялі, як і раней?» — сказаў Лукашэнка.
- Ды ачуйцеся вы нарэшце, ачумелыя і аблудныя!.. Санкцыі, правакацыі... Так і хочацца спытаць: вы што, гэта спэцыяльна робіце? Хочаце выпрабаваць межы на трываласьць, а новае пакаленьне беларусаў на патрыятычнасьць? Давайце паспрабуем», — заявіў Лукашэнка.