21 чэрвеня Эўразьвяз зацьвердзіў чацьвёрты пакет санкцыяў адносна Беларусі. Якім быў вынік папярэдніх санкцыяў ЭЗ? Што Лукашэнка мусіць зрабіць, каб пазьбегнуць сэктаральных санкцыяў? Ці пойдуць беларускія ўлады на далейшую эскаляцыю? Якімі будуць крокі Расеі ў адказ на новыя санкцыі адносна Беларусі?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста адказваюць Павал Сьлюнькін, экспэрт Эўрапейскай рады міжнародных адносінаў, былы беларускі дыплямат, і Анатоль Котаў, сябра Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, адказны за зьнешнюю палітыку і гандаль, былы супрацоўнік кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Беларусі.
Котаў
- Гэта новая рэчаіснасьць, калі мы гаворым пра сэктаральныя санкцыі.
- Эўразьвязу давялося распрацоўваць адмысловую юрыдычную базу для такіх санкцыяў.
- Санкцыі ўводзяцца не таму, што нехта спрабуе іх лабіяваць, як гэта спрабуе прадставіць беларуская дзяржаўная прапаганда.
- Санкцыі ўводзяцца за канкрэтныя дзеяньні.
- За апошнія два месяцы быў захоп самалёта, быў спынены кантроль за патокам нелегальных мігрантаў у ЭЗ, гучаць пагрозы, што Беларусь ня будзе спыняць наркатрафік.
- Сёньня зьявілася інфармацыя, што Беларусь мяняе сыстэму экспартнага кантролю за экспартам узбраеньняў і прадукцыі падвойнага прызначэньня.
- Гэта ўсё нядобрыя сыгналы. Зь беларускага боку робіцца ўсё, каб санкцыі ўводзіліся хутчэй і былі мацнейшыя.
- Беларускі бок ня быў гатовы да такой жорсткай рэакцыі.
- Пэрсанальныя санкцыі і нават санкцыі адносна асобных прадпрыемстваў глябальна не мяняюць сытуацыю.
- А вось сэктаральныя санкцыі — гэта іншая рэч, гэта больш сур’ёзна.
- Гэтых санкцыяў яшчэ можна пазьбегнуць. Для гэтага дастаткова выканаць тры ўмовы: вызваліць усіх палітзьняволеных, пачаць крымінальныя справы супраць фальсыфікатараў і выканаўцаў рэпрэсіяў і правесьці новыя выбары.
- Ёсьць тры міты пра санкцыі: санкцыі не працуюць, санкцыі штурхаюць Беларусь у абдымкі Расеі, санкцыі балючыя не для рэжыму, а для звычайных беларусаў.
- Усе гэтыя міты эксплюатуюцца як некаторымі эўрапейцамі, гэтак і беларускай прапагандай.
- Ніхто ня ў стане пралічыць, які будзе эканамічны эфэкт сэктаральных санкцыяў.
- Санкцыі могуць спрацаваць, калі яны будуць уведзеныя на кароткі тэрмін, калі яны будуць балючыя і калі іх будзе складана абысьці.
- Сэктаральныя санкцыі больш адпавядаюць гэтым крытэрам.
- Усе разумеюць, што зь беларускім рэжымам можа і давядзецца размаўляць, але гэтая размова будзе вельмі кароткая.
Сьлюнькін
- Нечага падобнага беларускае грамадзтва чакала яшчэ летась.
- Усё, што было дагэтуль, гэта былі больш сымбалічныя санкцыі.
- Цяпер зроблены больш сурʼёзны крок.
- У 4-ы пакет трапілі бізнэсоўцы, якія даўно вядомыя як тыя, хто падтрымлівае ўладу.
- Насамрэч гэта толькі першы крок.
- ЭЗ не гатовы абмяжоўвацца сымбалічнымі санкцыямі.
- Калі справа дойдзе да сэктаральных санкцыяў, гэта будзе новая зьява ў беларуска-эўрапейскіх дачыненьнях.
- Тое, што сказаў кіраўнік дыпляматыі ЭЗ Бурэль, — гэта так і ёсьць: каб не інцыдэнт з самалётам Ryanair, мы б дагэтуль не пабачылі чацьвёрты пакет санкцыяў ЭЗ, а пра сэктаральныя санкцыі не было б і гаворкі.
- Трэці пакет санкцыяў быў зацьверджаны ў сьнежні 2020 году, з таго моманту колькасьць палітвязьняў у Беларусі больш чым падвоілася.
- За гэты час быў зьнішчаны Tut.by, адбылася сьмерць палітвязьня ў турме.
- Інцыдэнтам з самалётам, арыштам Пратасевіча і Сапегі беларуская ўлада пераступіла «чырвоную лінію», замахнулася на міжнародную бясьпеку.
- Беларускі палітычны крызіс перастаў быць унутраным, ён стаў ужо рэгіянальнай праблемай.
- У палітыцы няма нічога немагчымага.
- Пасьля 2010 году заходнія палітыкі таксама казалі, што адносіны з Беларусьсю ніколі ня вернуцца ў ранейшы стан.
- Але пасьля ўкраінскага крызісу 2014 году ўсё зьмянілася.
- Цяпер у нас ня толькі няма заходняга «крыла» дыпляматыі. Расея таксама цісьне.
- Расея ня хоча залежаць ад адной асобы.
- Цяпер ёсьць адчуваньне, што ўлада ня зможа кантраляваць сытуацыю, калі ёй давядзецца пайсьці на саступкі Захаду.
- Адзін крок — і, магчыма, мы зноў убачым шмат людзей на вуліцах.
- ЭЗ добра ведае прыклады, калі санкцыі не працавалі. Такіх прыкладаў шмат у гісторыі.
- Але перад якім выбарам стаіць ЭЗ — не рэагаваць на тое, што адбылося зь іх грамадзянамі, не рэагаваць на тое, што адбываецца ў Беларусі?
- Паказальная заява Бурэля, які сказаў, што ЭЗ будзе імкнуцца ў найменшай ступені пашкодзіць звычайным беларусам, «але нельга прыгатаваць амлет, не разьбіўшы яек».
Што было раней
- На пасяджэньні ў Люксэмбургу 21 чэрвеня міністры замежных спраў Эўразьвязу зацьвердзілі чацьвёрты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў Беларусі пакет санкцый супраць беларускага рэжыму.
- Санкцыйны сьпіс з 78 чалавек і 8 арганізацый, якім замарожваюцца актывы і забараняецца выдача візаў у Эўразьвяз, будзе сёньня апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу, такім чынам ён набудзе моц.
- 17 чэрвеня вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль заявіў, што трыгерам для ўвядзеньня эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму стаў інцыдэнт з самалётам Ryanair у Менску.
- «У выпадку зь Беларусьсю, калі б не было згону гэтага самалёта, мы б не абмяркоўвалі эканамічных санкцый. Гэтая падзея справакавала адказ», — заявіў ён.
- Сёньня Бурэль заявіў, што эканамічныя санкцыі ЭЗ адносна Беларусі будуць разгледжаныя на саміце ЭЗ 24–25 чэрвеня і зацьверджаныя пасьля яго.