МАЗ і БелАЗ трапілі пад санкцыі. Колькі іх прадукцыі куплялі ў ЭЗ

Грузавікі МАЗ на выставе. 2019 год

21 чэрвеня ЭЗ зацьвердзіў чарговы пакет санкцый. У сьпіс трапілі два буйныя прамысловыя гіганты: МАЗ і БелАЗ. Глядзім, ці карысталася попытам іхная прадукцыя ў краінах ЭЗ.

Грузавыя аўтамабілі

Летась Беларусь прадала грузавікоў у краіны ЭЗ на 4,1 мільёна даляраў. Асноўныя пакупнікі ў ЭЗ — Польшча, Літва, Латвія, Чэхія, Эстонія.

Але ўсё ж найбольш грузавых аўтамабіляў Беларусь прадавала і прадае ў Расею — на $342 млн за год, Індыю — на $83,5 млн за год, Украіну — $57,2 млн.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексін, Гуцэрыеў, Зайцаў, Цяцерын. Што за набліжаныя да Лукашэнкі бізнэсоўцы падпалі пад санкцыі

Самазвалы

Кар’ерных самазвалаў летась Беларусь прадала ў ЭЗ на 3,3 мільёна даляраў. Гэта толькі 10 адзінак. Агулам жа за год у розныя краіны Беларусь прадала 435 адзінак гэтай тэхнікі. З краін ЭЗ самазвалы куплялі Польшча, Баўгарыя.

Найбольш самазвалаў купляла Расея (на $106 млн), Індыя (на $83 млн), Узбэкістан (на $55 млн).

Украіна пакуль не далучалася да новых санкцый ЭЗ, але летась там купілі беларускіх самазвалаў на $13,7 млн.

Самазвал БелАЗ

Што цяпер з МАЗам і БелАЗам

Чысты прыбытак МАЗу за мінулы год — 142 тысячы рублёў, годам раней былі чыстыя страты на 497 тысяч рублёў. Па кароткатэрміновых абавязаньнях завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, за год гэты доўг вырас на 300 тысяч рублёў. Гэта вынікае з дадзеных адзінага парталу фінансавага рынку.

Па доўгатэрміновых пазыках завод вінен 487 мільёнаў рублёў, за год доўг вырас на 33 мільёны рублёў.

Чысты прыбытак БелАЗу за мінулы год — 30 мільёнаў рублёў, годам раней было 265 мільёнаў рублёў. То бок за год чысты прыбытак скараціўся ў 8 разоў. Колькасьць пэрсаналу скарацілася на 571 чалавека за год.

Па кароткатэрміновых абавязаньнях завод вінен больш за 1 мільярд рублёў, па доўгатэрміновых — 394 мільёны рублёў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сохра», «Брэміна Груп», «БелАЗ», «МАЗ». Што за кампаніі падпалі пад санкцыі Эўразьвязу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прайшоў месяц пасьля пасадкі самалёта Ryanair у Менску. Што зьмянілася за гэты час