Экспарт на 3,1 мільярда даляраў. Як Украіна можа зрабіць «балюча» беларускай эканоміцы

Архіўнае фота. Мэр Кіева Віталь Клічко выпрабоўвае беларускі трактар МТЗ, 2017 год

Украіна прыгразіла афіцыйнаму Менску «зрабіць балюча» за запрашэньне прадстаўнікоў самаабвешчанай ЛНР у Менск. Глядзім, як гэта можа адбіцца на эканоміцы.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба паабяцаў адрэагаваць на заяву Аляксандра Лукашэнкі, які даў згоду пусьціць у Менск сьледчых з самаабвешчанай ЛНР, каб тыя дапыталі беларускага блогера Рамана Пратасевіча. Што зьвязвае эканоміку Беларусі і Ўкраіны?

Экспарт

Адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх нафтапрадуктаў

Па статыстыцы экспарту за студзень-сакавік гэтага году, Украіна на другім месцы па набыцьці беларускіх нафтапрадуктаў. Іх прадалі ва Ўкраіну на 413 мільёнаў даляраў. Больш толькі ў Нідэрлянды — на 431 мільён даляраў, вынікае з дадзеных Белстату.

За 2020 год ва Ўкраіну прадалі нафтапрадуктаў на 1,2 мільярда даляраў. Гэта больш, чым у іншыя краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне раскрылі маштабную схему кантрабанды нафтапрадуктаў зь Беларусі і Расеі

Адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх азотных угнаеньняў

Украіна, па выніках мінулага году, — адзін з асноўных пакупнікоў беларускіх азотных угнаеньняў. Гэтага тавару ва Ўкраіну летась прадалі на 43 мільёны даляраў. Больш толькі ў Францыю — на 50 мільёнаў даляраў.

Сёлета са студзеня па сакавік Украіна набыла азотных угнаеньняў зь Беларусі на 14,5 мільёна даляраў. І гэта рэкорд за гэты час сярод усіх іншых краін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна мае абмежаваць пастаўкі беларускіх угнаеньняў. Раней ад гэтага адмовіліся пад ціскам аграрыяў

Другі буйны пакупнік беларускіх трактароў

Сёлета са студзеня па сакавік Беларусь прадала ва Ўкраіну трактароў і седлавых цягачоў на 29 мільёнаў даляраў. Больш толькі ў Расею — на 85 мільёнаў.

За мінулы год Беларусь прадала ва Ўкраіну трактароў на 62 мільёны даляраў, ізноў жа больш — толькі ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 227 камбайнаў, 39 664 трактары. Хто і пачым набывае «гонар беларускай прамысловасьці»

Чацьверты буйны пакупнік беларускіх грузавікоў

Са студзеня па сакавік Украіна набыла беларускіх грузавікоў на 57 мільёнаў даляраў, больш — толькі Расея, Індыя і Ўзбэкістан.

Імпарт

Другі пастаўшчык сланечнікавага алею

Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне сланечнікавага алею на 15 мільёнаў даляраў. Украіна — другі буйны пастаўшчык гэтага прадукту ў Беларусь. На першым месцы — Расея: там закупілі сланечнікавага алею ў чатыры разы больш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: З Расеяй мінус 22%, з Украінай мінус 24%. У Беларусі зьніжаецца таваразварот з асноўнымі гандлёвымі партнэрамі

Асноўны пастаўшчык чыгуначных і трамвайных вагонаў

Летась Беларусь набыла ва Ўкраіне чыгуначных і трамвайных вагонаў на 61,5 мільёна даляраў. Украіна — асноўны пастаўшчык гэтай прадукцыі ў Беларусь.

Таксама Беларусь закупляе ва Ўкраіне:

  • Лекі
  • Плястмасавую тару
  • Пракат са сталі
  • Тару з паперы і кардону
  • І шмат чаго іншага

У 2020 годзе таваразварот паміж Беларусьсю і Ўкраінай склаў 4,5 мільярда даляраў. Экспарт — 3,1 мільярда, імпарт — 1,4 мільярда.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўвяла абмежаваньні на пастаўку грузавога і пасажырскага транспарту зь Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна абмежавала пастаўкі запалак зь Беларусі і Расеі, абвінаваціла іх у дэмпінгу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украіна ўводзіць забароннае мыта на імпарт цэмэнту з Расеі, Беларусі і Малдовы