На судзе ў Берасьці пракуроры запрасілі тэрміны 12 фігурантам «карагоднай справы»

Карагод у Берасьці 13 верасьня

Пракуроры Ярошык і Плышэўскі патрабуюць падсудным «хіміі» і «хатняй хіміі».

У берасьцейскім Доме правасудзьдзя працягваецца суд над чацьвёртай групай абвінавачаных ва ўдзеле 13 верасьня ў карагодзе на скрыжаваньні бульвару Касманаўтаў і праспэкту Машэрава.

Усяго на падсуднай лаве 12 чалавек. Справу разглядае судзьдзя Сяргей Маручак.

28 траўня ў судзе Берасьцейскага раёну дзяржаўныя абвінаваўцы Аляксей Ярошык і Аляксандар Плышэўскі папрасілі судзьдзю прызнаць іх вінаватымі па ч.1 ст.342 Крымінальнага кодэксу і прызначыць пакараньне для:

  • Яўгена Сіняка — 2 гады «хіміі»,
  • і ягонага сына, 19-гадовага палітвязьня Арсена Сіняка — 2 гады «хіміі» (ён з 9 лютага знаходзіцца ў берасьцейскім СІЗА № 7 ),
  • паэта-пчаляра Мікалая Папекі — 2 гады «хіміі»,
  • Андрэя Ляшко — 1 год 6 месяцаў «хіміі»,
  • яго цяжарнай жонкі, маці дваіх дзяцей Паліны Ляшко — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»,
  • Рамана Яхіна — 2 гады «хатняй хіміі» (палітзьняволены, знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА № 7 з 9 лютага 2021),
  • Вольгі Глушэнь — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі» (палітзьняволеная, знаходзяцца ў берасьцейскім СІЗА № 7),
  • Марыны Дарашук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»,
  • Рамана Дземідовіча — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»,
  • Вікторыі Каральчук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»,
  • Алесі Крамчанінай — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі»,
  • Сьвятланы Марчук — 1 год 6 месяцаў «хатняй хіміі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пастаялі некалькі хвілін, паглядзелі». У «карагоднай справе» будуць судзіць цяжарную жанчыну, якая мае дваіх малых дзяцей

Усіх іх абвінавачваюць паводле ч. 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу («Падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку»). Санкцыя ў гэтым выпадку прадугледжвае штраф, або арышт, ці абмежаваньне або пазбаўленьне волі на тэрмін да трох гадоў. Ніхто з 12 фігурантаў да гэтага моманту ня меў судзімасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Такія працэсы трэба праводзіць на стадыёне». У Берасьцi cудзяць яшчэ 12 фігурантаў «карагоднай справы»

Азнаёміцца са справай на беларускай мове нельга

Адзін зь фігурантаў справы, пружанскі паэт і пчаляр Мікола Папека (сябра Беларускага ПЭН-цэнтру, Саюзу беларускіх пісьменьнікаў), доўга змагаўся (у тым ліку на судовых паседжаньнях) за магчымасьць азнаёміцца з матэрыяламі справы па-беларуску. Аднак атрымаў ад судзьдзі Маручанка пісьмовы адказ, у якім той зазначыў, што «падстаў для азнаямленьня з матэрыяламі справы на беларускай мове няма».

«На жаль, я зразумеў, што ў гэтых структурах юстыцыі зьневажаюць і дыскрэдытуюць беларускую мову. Больш за тое, людзям, якія размаўляюць па-беларуску, больш і „дастаецца“: іх б’юць, пазначаюць колерам», — сказаў Мікола Папека ў размове са Свабодай перад пачаткам першага судовага паседжаньня.

Раней паэт дамогся, каб на допыце ён мог размаўляць на роднай мове. Тады яго дапытвалі празь перакладчыка.

У чым абвінавачваюць падсудных?

Згодна з вэрсіяй абвінавачаньня, падсудныя ў групе зь іншымі асобамі наўмысна ўзялі актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Іх дзеяньні нібыта былі спалучаныя зь непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады, пацягнулі за сабой парушэньне працы транспарту, арганізацый і прадпрыемстваў. У прыватнасьці, з прычыны прастою тралейбуснаму парку была нанесеная шкода 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек, на некалькі гадзін зачыніліся гандлёвыя павільёны і рэстаран хуткага харчаваньня. Пацярпелым бокам у справе выступаюць тралейбусны і аўтобусны паркі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці судзяць 13 новых фігурантаў «карагоднай справы»

У Берасьці ў «справе карагода» раней адбыліся ўжо 3 суды. Суды над чацьвёртай (12 асобаў) і пятай групай (13 асобаў) яшчэ працягваюцца. Агулам асудзілі 34 фігуранты, траіх зь іх адправілі ў калёнію.

Справа карагодаў — адна з самых масавых палітычных справаў у Беларусі. Колькасьць абвінавачаных у ёй на гэты момант складае больш за 70 чалавек. Аднак сілавікі да сёньня працягваюць шукаць удзельнікаў тых падзеяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 3 гадоў выхаваўчай калёніі і да 5 гадоў у турме. У Берасьці вынесьлі прысуд 13 фігурантам «справы аб пагромах» 10 жніўня