На гэтым фота — сябры гомельскай каманды «Страна для жизни». 15 траўня 2020 году ЦВК скончыла прыём дакумэнтаў на рэгістрацыю ініцыятыўных груп кандыдатаў у прэзыдэнты. Сярод першых адмовілі групе Сяргея Ціханоўскага. Свабода даведалася, што стала з кожным зь ягоных паплечнікаў на фота за гэты драматычны год.
Цёплым вечарам 30 ліпеня 2020 году ў райцэнтры Акцябрскім сабралася кампанія «Страны для жизни». Актывісты правялі агітацыйны пікет. Потым месьцічы запрасілі іх у музэй матацыклаў.
«Людзі вельмі цёпла нас сустракалі. Мы былі натхнёныя. Юра Ўласаў іграў на піяніна палянэз Агінскага, мы сьпявалі, было вельмі душэўна», — расказвае Алена Давыдава. Цяпер яна ў эміграцыі. Яе сябры — хто ў турме, хто зьехаў з краіны.
У турме
Аляксандар Шабалін
Аляксандру Шабаліну — 37 гадоў. Ён мае вышэйшую эканамічную адукацыю. Апошнім часам працаваў таксістам. У Аляксандра і ягонай жонкі Марыны — чацьвёра дзяцей: двойня — хлопчык і дзяўчынка, ім па 14 гадоў, 9-гадовы хлопчык і 8-гадовая дзяўчынка.
Увесну 2020 году Аляксандар далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага. Зьбіраў подпісы ў падтрымку ягонай жонкі Святланы Ціханоўскай. Трапляў пад затрыманьні.
Апошні раз яго затрымалі 6 жніўня. Ён трапіў у СІЗА на Валадарскага. Аляксандра абвінавацілі разам зь іншымі сябрамі каманды ў «масавых беспарадках» і «захопе будынкаў».
На дзяржаўнай тэлевізіі круцілі кадры з «прызнаньнямі» Аляксандра. На судзе ў Гомлі ён казаў, што тыя «прызнаньні» выбілі пад псыхалягічным і фізычным ціскам. Яго білі па галаве, душылі, вымушалі вывучыць тое, што напісалі яму на паперцы сьледчыя. «Прымусілі абгаварыць сябе і паплечнікаў, пасьля таго як мяне білі і душылі», — сказаў абвінавачаны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы хадзілі па ступнях затрыманых і пыталі: „Хочаш — і табе так будзе?“» На судзе ў Гомлі абвінавачаныя расказалі пра гвалтВінаватым ён сябе не прызнаў. Суд Чыгуначнага раёну пакараў яго пазбаўленьнем волі на 6 гадоў.
На судзе Аляксандар дзякаваў беларусам за лісты, за падтрымку.
«Ня думайце, што просты ліст, які вы мне даслалі, для мяне ня важны. Наадварот, для мяне і іншых зьняволеных гэта вялікая маральная падтрымка. Суду я хачу сказаць, што пры прыняцьці рашэньня пра нашу вінаватасьць ці невінаватасьць вы мусіце ўлічыць, што нашая справа — палітычна матываваная».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Давераных асоб Ціханоўскай з Гомля пакаралі пазбаўленьнем волі ад 6 да 6 з паловай гадоў«У нас было два спатканьні пасьля суду. Апошняе — 8 траўня. Аляксандар трымаецца. Канечне, я ня ведаю, як там у камэры... Але на спатканьні ён усьміхаўся, падбадзёрваў мяне. Па жыцьці ён мяне стараўся ўвесь час абараніць ад непрыемнасьцяў. Таму, думаю, ён і не падае выгляду, калі нешта ў яго ня так», — сказала Марына, жонка Аляксандра.
Юры Ўласаў
Юрыю Ўласаву 53 гады. Жанаты, двое непаўналетніх дзяцей. Працаваў у дзяржаўных структурах. Потым сышоў і актыўна займаўся грамадзкай дзейнасьцю. Браў удзел у «Маршах недармаедаў» у 2017 годзе. Актыўна займаўся экалягічнай праблемай у Навабеліцкім раёне — смуродам з фабрыкі «Гомельшпалеры».
Далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага ў 2019 годзе, калі блогер арганізаваў «Кармленьне галубоў» на ўзьбярэжжы ракі Сож у Гомлі.
7 траўня 2020 году ў Гомлі прайшла акцыя ў падтрымку арыштаванага напярэдадні Сяргея Ціханоўскага. АМАП схапіў Юрыя, яму прысудзілі 15 сутак. Затым — яшчэ 30 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Па вызваленьні прымаў актыўны ўдзел у зборы подпісаў і агітацыі за Сьвятлану Ціханоўскую. Каманда правяла агітацыю бадай ва ўсіх райцэнтрах Гомельскай вобласьці. Сотні людзей прыходзілі на пікеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад хатняй гаспадыні да палітычнага лідэра. Роўна год таму Ціханоўская падала дакумэнты ў ЦВК. ФОТАБыла традыцыя: напрыканцы пікетаў людзі запальвалі ліхтарыкі на мабільных і ўсе разам сьпявалі «Разбуры турмы муры».
6 жніўня 2020 года Юрыя Ўласава схапілі ва ўласнай кватэры. Ён сядзеў на «Валадарцы» як абвінавачаны ва ўдзеле ў «масавых беспарадках» і «захопе будынкаў».
Сёлета 4 траўня суд Чыгуначнага раёну пакараў Уласава пазбаўленьнем волі на шэсьць з паловай гадоў.
На судзе Юры расказваў, што пачаў займацца палітыкай у 2019 годзе. На выбарах у парлямэнт быў даверанай асобай кандыдаткі Алены Давыдавай. На прэзыдэнцкіх выбарах быў даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Учатырох хацелі захапіць усе выканкамы і пастарункі». Што вядома пра справу аб «захопе будынкаў» у Гомлі«Падчас выбарчых кампаній я асьвятляў праблемы, якія існуюць у нашым грамадзтве, асабліва эканамічныя, прапаноўваў шляхі іх вырашэньня. Першае, чым я заўсёды кіраваўся і кіруюся, — гэта законам. Тое, што зь мяне зрабілі злачынцу, крымінальніка, — абсурд. Я добра ведаю выбарчае і крымінальнае заканадаўства і перакананы, што дзейнічаў строга ў адпаведнасьці з законам», — выказаўся ў апошнім слове на судзе Юры.
Вядома, што ў СІЗА яму не перадаюць нічые лісты, апроч як ад жонкі. Таксама не аддаюць газэту «Новы час», на якую яго падпісалі.
Тацяна Канеўская
Тацяне Канеўскай 54 гады. Яна мае адукацыю ў сфэры культуры, дзе і працавала. Тацьцяна — адна з заснавальніц руху «Маці 328». Яна ўдзельнічала ў галадоўцы супраць 320-га рэпрэсіўнага наркатычнага артыкула Крымінальнага кодэксу, дамагалася зьменаў у заканадаўства. Дзякуючы яе і іншых намаганьням наркатычнае заканадаўства зьмянілі. Многія зьняволеныя за наркотыкі ўпершыню падпалі пад амністыю.
У Тацяны чацьвёра сыноў. Малодшаму Георгію — 14 гадоў. 26-гадовы Дзьмітрый цяпер таксама ў СІЗА. Яго абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу) за допіс у тэлеграм-чаце на адрас міліцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць сына палітзьняволенай Тацяны Канеўскай пачалі крымінальную справуКанеўскую затрымалі 8 жніўня па адміністрацыйным артыкуле. 10 жніўня суд накіраваў справу на дапрацоўку. Тацяна пайшла па рэчы ў аўтамабіль канвою, але ўжо адтуль ня выйшла. Зноў апынулася спачатку ў ІЧУ, потым — у СІЗА-1 на Валадарскага.
4 траўня суд Чыгуначнага раёну Гомля пакараў яе пазбаўленьнем волі на 6 гадоў.
У апошнім слове Тацяна падзякавала ўсім беларусам за падтрымку. Яна атрымала каля тысячы лістоў, у тым ліку з-за мяжы.
Яна зьвярнулася да суду: «Вы добра разумееце, што абвінавачваньне і доказы сфальсыфікаваныя. Вы судзіце невінаватых. Я не баюся тэрміну, гэта проста лічбы. Але ў мяне падрастае сын, у якога вы сваім абвінаваўчым прысудам выклічаце злосьць, а яна пераўтворыцца ў агрэсію. Прыміце правільнае рашэньне перадусім для самога сябе, бо ў гэтай сытуацыі вырашаецца пытаньне вашага гонару і годнасьці, а ня мой лёс і мой тэрмін».
Дзьмітры Івашкоў
Дзьмітрыю Івашкову 39 гадоў. Жанаты, сыну Мікіту 11 гадоў. Дзьмітрый скончыў дарожна-будаўнічы тэхнікум, затым Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт транспарту. Працаваў інжынэрам-канструктарам, прарабам, начальнікам будаўнічага ўчастку. Апошнім часам разам з бацькам займаўся вытворчасьцю вырабаў з мэталу.
Увесну 2020 году Дзьмітры далучыўся да каманды Сяргея Ціханоўскага. Удзельнічаў у зборы подпісаў і кампаніі агітацыі за Сьвятлану Ціханоўскую.
Міліцыя затрымала яго 6 жніўня, моцна пабіўшы. Нягледзячы на шматлікія траўмы, актывіста арыштавалі на 15 сутак. Пакараньне адбываў у Брагіне — на той час гомельскі ІЧУ быў перапоўнены. У ізалятары пачала гнаіцца пашкоджаная нага. Трапіў у шпіталь.
Пасьля выпіскі быў вымушаны доўгі час ня жыць дома, хавацца, бо пад домам дзяжурыла міліцыя. Дзьмітрыя шукалі.
27 верасьня ён выйшаў на Марш пратэсту ў Гомлі, дзе яго затрымаў АМАП. Спачатку размова ішла пра адміністрацыйны арышт. Потым Дзьмітрый апынуўся на «Валадарцы» і стаў абвінавачаным у крымінальнай справе аб «масавых беспарадках» і «захопе будынкаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На затрыманага ў Гомлі распачалі крымінальную справу4 траўня суд Чыгуначнага раёну прызнаў яго вінаватым і асудзіў на 6 гадоў пазбаўленьня волі.
У апошнім слове Дзьмітрый сказаў, што не прызнае прэзыдэнтам «3%», і заявіў: «Мой прэзыдэнт — Сьвятлана Георгіеўна Ціханоўская! Жыве Беларусь!».
У эміграцыі
Аляксей Жулаеў
«Мне 44 гады. Жанаты, дзьве дачкі. Лізе — 11 гадоў, Соні — 7. Працаваў мантажнікам вокнаў.
З чаго ўсё пачалося? Раней я не асабліва цікавіўся палітыкай. Увосень 2019 году мяне зацікавіў сваімі ролікамі Сяргей Ціханоўскі. Ён спачатку расказваў аб праблемах прадпрымальнікаў. Рабіў гэта адкрыта, папулярна. Потым пачаў гаварыць пра тое, што ўвогуле робіцца ў краіне, як улада проста кідае людзей! Потым я хадзіў на «кармленьне галубоў» на ўзьбярэжжы Сажа. Там пазнаёміўся зь Дзьмітрыем Лукомскім, Юрыем Уласавым, іншымі цікавымі людзьмі.
Калі пачаліся выбары, то далучыўся да каманды «Страна для жизни», зьбіраў подпісы за Сьвятлану Ціханоўскую. Першы раз мяне схапілі і пасадзілі на 5 сутак 14 ліпеня 2020 году. Тады была акцыя ў Гомлі, але я, як ні дзіўна, ня ўдзельнічаў, проста ішоў дахаты з працы.
Друкавалі ўлёткі кшталту «Стоп таракан!», распаўсюджвалі іх.
Тады я не баяўся, што мяне затрымаюць ці пасадзяць. Бо быў упэўнены, што мы ўсё робім правільна і законна. У той час я ня проста спадзяваўся на перамогу Ціханоўскай, а моцна ў гэта верыў. І цяпер я ўпэўнены, што Ціханоўская перамагла на выбарах, але ўзурпатар забраў сабе нашы галасы.
Мяне затрымалі і пасадзілі на 15 сутак 6 жніўня. Міліцыя заявіла, што я падобны да таго, хто скраў пральны парашок у краме. Па выніку далі «суткі» за непадпарадкаваньне. Сядзеў у Брагіне, бо пасьля 10 жніўня гомельскі ІЧУ быў перапоўнены. Мая жонка пяць дзён ня ведала, дзе я, аббегала ўсе гомельскія аддзелы.
Пасьля выхаду з «сутак» паступалі розныя званочкі, што мяне шукае міліцыя. Я вырашыў хавацца, жыў на лецішчы ў сяброў. Увесну 2021 году мне пачалі тэлефанаваць са Сьледчага камітэту, запрашаць на гутаркі ў якасьці сьведкі. Тут якраз пачыналіся суды ў Канеўскай, Уласава, Івашкова і Шабаліна. У нас сёньня ты сьведка, а заўтра сядзіш у турме... Таму я вырашыў зьехаць з краіны, пакуль ня позна.
Мне дапамог фонд «Страна для жизни» на першым этапе. Спачатку я перабраўся ва Ўкраіну, адтуль — у Польшчу. Тут уладкаваўся на працу на будоўлю.
Той прысуд, які агучылі нашым людзям — Канеўскай, Шабаліну, Івашкову і Ўласаву — абсалютна нічым не даказаны, несправядлівы. На якой падставе быў прысуд? За нейкія там размовы, за думкі ўслых?
Думаю, у бліжэйшыя два гады ў краіне нічога ня зьменіцца. Будзе Паўночная Карэя. Хоць яна і так ужо амаль пабудаваная. Нават тое, што цяпер чалавек ня можа вольна выехаць з краіны. Я меў гуманітарную візу. Прыехаў на беларуска-польскую мяжу. Мяне ня выпусьцілі беларускія памежнікі. Сказалі, што я ня маю прычын выяжджаць зь Беларусі. Сказалі ляцець самалётам. А дзе ўзяць грошы на самалёт?
Я сумую па жонцы, дзецях... Але пакуль не магу вярнуцца — гэта небясьпечна. Я хачу вярнуцца ў Беларусь, якая будзе вольнай, і працаваць на яе дабрабыт. На дабрабыт Лукашэнкі і АМАПу я працаваць не хачу.
У Варшаве шмат беларусаў. Ведаю, што тут недзе і Алена Давыдава з нашай каманды. Можа, сустрэнемся на якой-небудзь акцыі салідарнасьці».
Алена Давыдава
«Мне 39 гадоў. Замужам, трое дзяцей — 3, 9 і 14 гадоў. Дзьве вышэйшыя адукацыі — біяфак і мэдычны ўнівэрсытэт. Працавала на «хуткай» і лекарам-бактэрыёлягам. Мая грамадзкая дзейнасьць пачалася з экалягічнай праблемы — смуроду ад заводу «Гомельшпалеры». Мы змагаліся з фабрыкай, прайшлі ўсе колы «пекла» — нашай улады. Але нас ня чулі.
Я спрабавала зарэгістраваць сваю ініцыятыўную групу як «кандыдат пратэсту» ад каманды Мікалая Статкевіча. Перад паездкай у Менск мяне абвінавацілі ў тым, што нібыта я магу быць хворая на каранавірус. На мяне палявалі, таму давялося таемнымі сьцежкамі ехаць у Менск, каб падаць дакумэнты.
Непрыемна было, што дакумэнты на рэгістрацыю прымалі ў калідоры ЦВК, нават у прыёмную не пусьцілі. Я абурылася, што гэта непавага да нас. Потым Лідзія Ярмошына выступала і сказала, што я хацела прарвацца ў прыёмную, каб плюнуць ёй і твар і заразіць каранавірусам. Сьмешна!
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэльчарка з Гомля адказала Ярмошынай пра «каранавірусны плявок»Потым я далучылася да каманды «Страна для жизни». Мы ладзілі пікеты, агітацыю, езьдзілі па ўсёй вобласьці. У райцэнтрах на сустрэчы прыходзілі ўсё больш і больш людзей. Мы не палітыкі, мы былі дылетанты. Але людзі вельмі добра і цёпла сустракалі нас, натхнялі.
У дзень галасаваньня 9 траўня мой дом быў у аблозе міліцыі. Мы не маглі нікуды выйсьці. Сяброўка прынесла і перадала малако для дзяцей — яе затрымалі. 10 жніўня я ўсё ж выйшла на вуліцу — і мяне затрымалі. У хатняй адзежы. Тапкі я згубіла пры затрыманьні, таму ў аддзел прывезьлі босай, а адтуль — у СІЗА. Яшчэ ў аддзеле адзін міліцыянт абражаў мяне і моцна стукнуў па галаве...
І вось сяджу я ў СІЗА, страшна мерзнуць ногі, бо там падвал нейкі быў, падлога халодная. Я расьціраю ногі, і тут у камэру заводзяць маю сяброўку Сашу! Я пытаюся, ці няма ў яе часам шкарпэтак. А яна якраз прыхапіла! Цяпер гэтыя шкарпэткі са мной у Варшаве.
У СІЗА я прабыла трое сутак.
А другі раз мяне затрымалі на Маршы пратэсту 27 верасьня. Тады АМАП зламаў мне нагу. Я сядзела ў ізалятары ў гіпсе. А прыбіральня там высокая, я з нагой у гіпсе не магла туды залезьці. Прасіла вядро, прасіла, каб мяне агледзеў фэльчар — адмовілі. Такі маленькі садызм.
Да вясны мяне не чапалі. У красавіку міліцыянты пераскочылі праз наш плот і пачалі грукаць ва ўсе вокны. Наш дом зноў быў у аблозе. Ноччу я выбралася з хаты з пакункам, які я зьбірала больш для «сутак», а не замежнай паездкі. Дабралася да Бранску, потым — да Масквы, адтуль — да Стамбулу, і нарэшце трапіла ў Кіеў. Тут дачакалася сваёй сям’і, і цяпер мы ўсе ў Варшаве.
Дарэчы, назаўтра пасьля маіх уцёкаў да мужа прыходзілі з ГУБАЗіК. Казалі, што маюць пастанову на мой арышт, але не зьбіраюцца мяне арыштоўваць і хочуць, каб мы «супрацоўнічалі».
Я веру ў перамены ў Беларусі. Думаю, яны адбудуцца тады, калі эканамічныя праблемы падымуць з канап тых людзей, якія «ў доміку» і дагэтуль лічаць, што іх нічога ня тычыцца. Спадзяюся, што хутка ў дзяржавы ня будзе грошай на АМАП, гэтых садыстаў«.
Дзьмітрый Рудзянкоў
«Мне 44 гады. Жанаты, пяцёра дзяцей. Чацьвёра — непаўналетнія. Працаваў у сфэры перавозак. Пазнаёміўся зь Сяргеем Ціханоўскім, калі ён здымаў ролікі аб праблемах прадпрымальнікаў, у тым ліку пра таксі. Ён выклікаў давер, таму я далучыўся да ягонай каманды.
Зьбіраў подпісы, дапамагаў з транспартам, арганізацыяй пікетаў. Глядзеў, каб не было правакацый — рознай дзейнасьцю займаўся. Зьбіраў нашу каманду, вазіў па гарадах. Неяк на маршах у Гомлі мяне і не затрымлівалі.
Але калі ўвесну пачаліся суды над сябрамі каманды Ціханоўскага, калі ў Горадні судзілі Арановіча, Кнігу, Разьнічэнку, то пачалі і мяне выклікаць позвамі. Я насьцярожыўся, бо сёньня ты сьведка, а заўтра ты сядзеш. Як я зьехаў ва Ўкраіну, то літаральна назаўтра дахаты прыяжджаў атрад „красаўцаў“ на „Газэлі“. То бок ужо пачалі шукаць.
Я шчыра ні пра што не шкадую. Мы ўсё рабілі правільна. Можа, былі памылкі — але ўсе мы людзі і маем права на памылку. Можа, не „даціснулі“ тады ўладу...
Цяпер нашы людзі — Канеўская, Шабалін, Уласаў і Івашкоў — сядзяць ні за што. За тое, што ўзялі ініцыятыву. А ў нас ініцыятыўных і напорыстых ня любяць. Нашай уладзе патрэбныя толькі такія людзі, якія могуць ківаць галавой. Пакуль ёсьць такія людзі, і шмат, то наша ўлада будзе квітнець. Але гэта ўсё да пары.
Цяжка, што жонка засталася адна зь дзецьмі. У нас няма бабуль-дзядуль, каб дапамагаць. Я і паехаў, каб мець магчымасьць працаваць і забясьпечваць сям’ю. Каб мяне „закрылі“ — то на жонку лёг бы яшчэ большы цяжар: адвакаты, перадачы...
Цяпер я спрабую вучыць польскую мову. Пакуль ідзе ня надта, бо жыву ў гостэле, дзе большасьць — украінцы і беларусы. Каб мяне пасадзіць на тыдзень у камэру з палякам, то працэс пайшоў бы хутчэй. Жартую».
Віялета Майшук
«Я самая маладая была ў камандзе «Страны для жизни» — 23 гады. Палітыкай раней не цікавілася. Мяне Дзіма (сябра каманды «Страна для жизни» Дзьмітры Лукомскі. — РС) уцягнуў у 2019 годзе, калі сам пайшоў назіральнікам на выбары ў парлямэнт і стаў сьведкам масавых фальсыфікацый. Потым мы разам зь Дзімам «заліпалі» на роліках Сяргея Ціханоўскага. Дзіма пачаў актыўна ўдзельнічаць у ягонай камандзе, а я працавала фатографам. Потым падумала: «А чаго я сяджу, таксама хачу ўдзельнічаць!». І пачала рабіць здымкі, каляжы, езьдзіла практычна на ўсе пікеты, здымала, адказвала за гук, музыку і мікрафоны.
Мне Ціханоўскі падабаўся — ён даваў людзям выказацца, расказваў праўду. Ён быў у Гомлі 28 траўня, а Дзіма якраз тады сядзеў у ізалятары. Я падышла да Ціханоўскага, расказала пра Дзіму — было прыемна, што ён яго памятаў. Ён такі клясны і незвычайны чалавек!
Мае бацькі жывуць у Петрыкаве. Яны, дарэчы, ніколі не хадзілі на выбары, толькі сёлета пайшлі. У родным Петрыкаве таксама выходзілі людзі, у тым ліку мае бацькі, на акцыі салідарнасьці. Там іх было чалавек пятнаццаць. Мне здаецца, нікога за акцыі там не каралі.
Міліцыя пачала чапляцца да мяне ўвосень. Выклікалі, пагражалі крымінальнай справай, што я нібыта абразіла старшыню ўчастковай камісіі. У Дзімы наогул былі праблемы, ён хаваўся ад міліцыі, бо неаднаразова сядзеў на «сутках».
Мы вырашылі зьехаць ва Ўкраіну. Зборы былі вельмі цяжкія... Маральна было цяжка: пакідалі родныя сьцены, сваякоў, катоў... І ехалі ў невядомасьць, на няпэўны тэрмін.
Ва Ўкраіне мне вельмі падабаецца. Мы абое знайшлі працу, зарабляем больш, чым мелі ў Беларусі. Я працую па спэцыяльнасьці — фатографам. На працы да мяне больш ляяльна ставяцца, чым у Беларусі, і адносіны да людзей тут лепшыя.
Мы ехалі і думалі, што хутка вернемся. Цяпер нават ня ведаю калі.
Жахліва, што Канеўскай, Уласаву, Шабаліну і Івашкову далі такія тэрміны! Ня трэба было садзіць людзей, яны нікога не забілі, не абакралі, тым больш на такія тэрміны.
Пра свой удзел у камандзе «Страна для жизни» не шкадую ні кроплі. Толькі хачу, каб хутчэй адбыліся перамены ў Беларусі. Але пакуль улада ў руках Лукашэнкі — гэтага ня будзе".
Дзьмітры Лукомскі
«Мне 29 гадоў, працаваў гукарэжысэрам у каледжы народных мастацкіх промыслаў. Да 2019 году мала цікавіўся палітыкай. Увосень 2019-га ўбачыў ролікі Сяргея Ціханоўскага, і ён мяне зацікавіў. Таму пайшоў назіральнікам на выбары ў парлямэнт. Натуральна, я раней чуў пра фальсыфікацыі і ўсё такое. Але калі ўбачыў гэтае ўсё нахабства камісіі на свае ўласныя вочы, мяне проста «падарвала»!
Папраўдзе, я раней не давяраў бел-чырвона-беламу сьцягу, насьцярожана ставіўся. Прапаганда працуе. Я думаў, што пад тым сьцягам ходзяць, ну, як сказаць, «праплачаныя». Пасьля таго як я ўдзельнічаў у назіраньні і бачыў фальсыфікацыі, я зьмяніў думку. Зразумеў, каму можна давяраць, а каму — не. Я пачаў хадзіць на «кармленьне галубоў», там пазнаёміўся з Канеўскай, Уласавым, Івашковым...
Я далучыўся да каманды «Страна для жизни», зьбіраў подпісы. Езьдзілі па ўсіх райцэнтрах, праводзілі агітацыйныя пікеты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тэрарызуюць усю сям'ю». Жыхар Гомля заяўляе, што на яго тыдзень палюе міліцыя за акцыю ў падтрымку Сяргея ЦіханоўскагаТрэцяга жніўня ад знаёмага міліцыянта даведаўся, што я ў сьпісе на затрыманьне. Таму сышоў зь Віялетай (Майшук. — РС) з хаты. Спачатку жылі на «кансьпіратыўнай» кватэры, потым я знайшоў Віялеце іншае жытло, а сам сышоў у лес. У мяне была мэта — застацца на волі да дня выбараў 9 жніўня. Жыў у лесе, паліў вогнішча, варыў есьці, неяк прыстасаваўся.
9 жніўня я прыехаў у Гомель. У цэнтры былі людзі, пачаліся затрыманьні, але самае жорсткае я ўбачыў каля ўнівэрмагу «Гомель»: перакрытая дарога, куча аўтазакаў, людзей б’юць, па дварах за імі ганяюцца салдаты са шчытамі!
10 жніўня я зноў быў у горадзе. На ровары. Бачыў, як жорстка зьбівалі падлеткаў. Каля цырку бягуць два-тры падлеткі, іх даганяе міліцыянт, хапае і пачынае жорстка біць!
Урэшце схапілі і мяне. У Цэнтральным РАУС вельмі абрадаваліся, калі мяне туды прывезьлі. Там ужо і білі, і зьдзекаваліся, і вакол былі лужыны крыві, выбітыя зубы... Гэта было проста пекла. У ізалятар мяне прывезьлі непрытомнага.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывісту з Гомля, раней моцна пабітаму міліцыяй, далі 10 дзён арышту15 жніўня мяне вызвалілі з ізалятара. І я быў у шоку, калі ўбачыў, колькі людзей у горадзе. Было такое натхненьне, радасьць! Я пачаў весьці стрымы на канал «Народная Грамада».
На мяне зноў пачалі паляваць. Выйшаў з дому — і мяне схапілі. Далі 10 сутак і яшчэ 11 — тых, за жнівень, якія не адседзеў.
Потым у Чыгуначным РАУС пагражалі крымінальнай справай, патрабавалі, каб я нічога не здымаў, бо пасадзяць. Тут яшчэ пачалі мяне і Віялету цягаць нібыта за абразу старшыні выбарчай камісіі... Я падумаў, што ў лесе цяпер ужо холадна, дый рэсурсаў няма ў мяне. Таму мы вырашылі зьехаць ва Ўкраіну.
Думаю, тое, што я рабіў, — не дарма. Мая місія, Канеўскай, Івашкова, Шабаліна — давесьці кандыдата Ціханоўскую да выбараў — была выканана на 100%.
Сытуацыя зь пераездам стварыла, вядома, нязручнасьці. Я нават на пахаваньне дзядулі ня змог прыехаць. Але з плюсаў адзначу тое, што мы не адны тут, многія людзі дапамаглі нам, праявілі салідарнасьць — гэта прыемна.
Ва Ўкраіне мне падабаецца. Убачыў ну проста іншы сьвет. Гэта ня тая Ўкраіна, пра якую расказвае наша прапаганда. Канечне, цягне на Радзіму. Але пакуль ехаць туды для нас небясьпечна".