«Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў». Юрыст НАК пра тое, якім будзе беларускі Нюрнбэрг

Катаваньні на Акрэсьціна. Здымка belsat.eu. Ілюстрацыйнае фота.

Адказны ў пытаньнях юстыцыі ў Народным антыкрызісным кіраўніцтве юрыст Міхаіл Кірылюк — пра аналяг Нюрнбэрскага працэсу для беларускага рэжыму, пра тое, хто трапіць на лаву падсудных, наколькі важныя цяпер справы аб злачынствах супраць чалавечнасьці паводле прынцыпу ўнівэрсальнай юрысдыкцыі.

Глядзіце размову цалкам на відэа

Асноўныя тэзісы Міхаіла Кірылюка

Чым беларускі трыбунал будзе адрозьнівацца ад нюрнбэрскага

— Нюрнбэрг часта згадваюць у сувязі зь беларускімі абставінамі, але ўсё ж Нюрнбэрскі працэс, трыбуналы па былой Югаславіі ці Руандзе — гэта трыбуналы пасьля вайны, пасьля ваенных злачынстваў і пасьля генацыдаў. На сёньня ў Беларусі вайны дэ-факта няма, хоць многія называюць тую ступень прававога дэфолту грамадзянскай вайной супраць свайго народу. У нас крыху іншыя абставіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Франак Вячорка: Ёсьць мэханізм, каб прыцягнуць Лукашэнку да адказнасьці

Чаму важны зварот беларусаў у Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны


— Мы былі ў кантакце з праўнікамі, якія рыхтавалі справы, зь якімі зьвярнуліся ў Фэдэральную пракуратуру Нямеччыны, заявіўшы аб учыненьні Аляксандрам Лукашэнкам злачынстваў супраць чалавечнасьці. Гэта быў вялікі памер матэрыялаў. Цяпер слова за нямецкім генэральным пракурорам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нямецкія адвакаты ад імя 10 рэпрэсаваных беларусаў патрабуюць прызнаць Лукашэнку і ягоны рэжым «тэрарыстычнымі»

Як можа працаваць унівэрсальная юрысдыкцыя

— Калісьці большасьць краінаў сьвету падпісалі Канвэнцыю супраць катаваньняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных ці прыніжаючых годнасьць відаў абыходжаньня і пакараньня. Згодна з канвэнцыяй злачынствы супраць чалавечнасьці, такія як катаваньні, настолькі небясьпечныя ня толькі для асобных людзей, але і для міжнароднай бясьпекі, што адмятаецца прынцып тэрытарыяльнасьці. У нармальнай сытуацыі кожная краіна расьсьледуе злачынствы на сваёй тэрыторыі, і гэта звычайны прынцып. А калі справа тычыцца катаваньняў, гэты прынцып не працуе, і любая краіна мае права заводзіць справы, выклікаць на допыты, зьбіраць доказы. І ня мае значэньня, ці былі закранутыя нямецкія ці беларускія грамадзяне. Гэта мае значэньне для бясьпекі ўсіх краінаў, таму кожная краіна мае права рабіць такія захады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская расказала, колькі заяў за катаваньні ў Беларусі падалі ў рамках унівэрсальнай юрысдыкцыі

Чаму гэта тычыцца непасрэдна Беларусі

— Беларусь гэтую канвэнцыю ратыфікавала. У сьвеце ёсьць ня так шмат краінаў, якія не падпісалі і не ратыфікавалі гэтую канвэнцыю, Калі заглянуць у старонку Вікіпэдыі, там амаль уся мапа сьвету зялёная (гэтым колерам адзначаныя краіны, які ратыфікавалі канвэнцыю). Калі справа будзе даведзеная да фіналу, то тыя людзі, імёны якіх будуць у прысудах, змогуць усё астатняе жыцьцё хавацца ў краінах кшталту Самалі.

Чаму менавіта Лукашэнку абвінавачваюць у злачынствах супраць чалавечнасьці


— Цяжка даказаць сувязь паміж загадамі, якія аддаваў, на думку нямецкіх праўнікаў, Аляксандар Лукашэнка, і тымі злачынствамі, што рабілі беларускія сілавікі. Сувязь не відавочная, няма відэазапісу, дзе Аляксандар Лукашэнка аддае на камэру такія загады ці прызнаецца ў чымсьці. Але калі глядзець зь юрыдычнага пункту гледжаньня, то ўся структура пабудаваная такім чынам, што немагчыма такія рэчы рабіць бязь ведама і згоды найвышэйшай асобы. Ёсьць прававая канструкцыя — прэзыдэнт кіруе Саветам міністраў, ён наймае, звальняе, яны перад ім адказныя, МУС яму цалкам падпарадкоўваецца. Ён таксама зьяўляецца вярхоўным галоўнакамандуючым. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня немагчыма тут адмовіцца...

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы міжнародны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі? Адказвае дырэктарка Маскоўскай Хэльсынскай групы

Чаму варта зьвяртацца з заявамі пра катаваньні ў беларускія інстанцыі

— Гэта яшчэ адна ўмова, калі прымяняецца гэтая канвэнцыя — калі людзі зьвярнуліся ў Сьледчы камітэт, пракуратуру, іншыя адказныя інстанцыі і не атрымалі там прававой абароны. Мы ведаем, што там адмовяць зь нейкіх выдуманых прычын, але той факт, што ты прадставіў усе доказы катаваньня — фатаздымкі, мэдычныя сьведчаньні, паказаньні сьведак, а Сьледчы камітэт і пракуратура адмовіліся разглядаць гэтую справу ці зацягнулі яе на пэўны час, — усё гэта зьяўляецца доказам для юстыцыі «краіны здаровага чалавека», каб распачынаць такія справы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Катаваньні ў Беларусі: Кіраўнік міжнароднай плятформы тлумачыць, як сілавікоў прыцягнуць да адказнасьці

Якім мае быць міжнародны трыбунал над рэжымам Аляксандра Лукашэнкі

— Уяўленьне пра суд пад рэжымам залежыць ад таго, у якім пункце мы прыйдзем да гэтай новай Беларусі і ў якім стане будзе сыстэма юстыцыі на той час. Ёсьць думка дакладчыка АБСЭ, што ў Беларусі сыстэма юстыцыі настолькі разбураная, што ёсьць падставы для адкрыцьця міжнароднага трыбуналу. Немагчыма сіламі беларускай юстыцыі выносіць прысуды ў адносінах да гэтых высокапастаўленых сілавікоў. І дакладчык АБСЭ прапануе стварыць міжнародны трыбунал.

Міжнародны трыбунал пад эгідай ААН ці разгляд у Міжнародным крымінальным судзе

— Потым былі заявы, што гэты міжнародны трыбунал будзе зроблены пад эгідай ААН. Таксама гэта можа адбыцца ў Міжнародным крымінальным судзе, калі Беларусь прыме на сабе юрысдыкцыю Міжнароднага крымінальнага суду, бо Беларусь не падпісала дагэтуль Рымскі статут, і таму гэтыя справы там не разглядаюцца. І гэта можа зрабіць новае кіраўніцтва Беларусі.

Колькі людзей могуць судзіць

— Усе міжнародныя трыбуналы — справа ня танная і ня хуткая, калі паглядзець на гістарычныя прыклады. Там будуць праводзіцца працэсы па некалькіх дзясятках, мабыць, некалькіх сотнях высокапастаўленых асобаў. Увогуле ў гэтых злачынствах бралі ўдзел тысячы людзей. І тут беларусам самім прыйдзецца вырашаць гэтую сытуацыю з судовымі працэсамі. Самім прыйдзецца фармаваць новы парлямэнт, новую судовую сыстэму, актыўна ўдзельнічаць у грамадзка-палітычным жыцьці, каб не дапусьціць гэтага зноў і разабрацца з той сытуацыяй, што ёсьць цяпер.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: НАК вынесла на грамадзкае абмеркаваньне праект закону аб рэабілітацыі ахвяраў рэпрэсій у Беларусі

Якія ёсьць іншыя варыянты міжнароднага суду

— Беларусам самім трэба пагадзіцца на тое, каб юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суду пачала распаўсюджвацца на Беларусь. Гэта адзін варыянт, другі варыянт — суд пад эгідай ААН. Трэці варыянт — прамежкавы, які існуе цяпер, гэта ўнівэрсальная юрысдыкцыя. Калі ёсьць доказы па канкрэтных асобах, якіх можна ідэнтыфікаваць па нейкіх прыкметах і якія ўдзельнічалі ў катаваньнях, то ў дачыненьні да іх ужо зараз трэба пачынаць крымінальны перасьлед у краінах, якія згодныя гэта рабіць, каб фіксаваць факт злачынства, і гэта дае магчымасьць адправіць чалавека ў міжнародны вышук.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Некаторыя „сілавікі“ катавалі людзей з асалодай». Беларускі праваабаронца расказаў, як зьбіраюць доказы злачынстваў

Хто будзе на лаве падсудных, акрамя кіраўнікоў сілавога блёку і найвышэйшага кіраўніцтва?

— 30 тысяч чалавек былі адвольна затрыманыя. Гэта прызнаюць усе магчымыя міжнародныя арганізацыі, ААН, АБСЭ, Камітэт па правах чалавека ды іншыя... І, як усе яны адзначаюць, вынесеныя прысуды ня мелі на мэце абарону грамадзтва, а рабіліся дзеля палітычнага перасьледу. Вынясеньне прысуду з палітычнай мэтай, каб забараніць чалавеку выказваць свае думкі, — гэта службовае злачынства і паводле дзейнага Крымінальнага кодэксу. Калі чалавек у форме зьбівае кагосьці (начальнік турмы ці наглядчык), гэта злачынства. Усе гэтыя справы павінны быць расьсьледаваныя.

Your browser doesn’t support HTML5

Юрыст: Пад суд трапяць некалькі сотняў высокапастаўленых асобаў