Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Некаторыя „сілавікі“ катавалі людзей з асалодай». Беларускі праваабаронца расказаў, як зьбіраюць доказы злачынстваў


Праваабаронца Сяргей Усьцінаў
Праваабаронца Сяргей Усьцінаў

Праваабаронца Сяргей Усьцінаў уваходзіць у склад кіраўніцтва беларускай арганізацыі «Прававая ініцыятыва», якая стала адной з заснавальнікаў Міжнароднага камітэту расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі. Камітэт падрыхтаваў ужо тры папярэднія справаздачы, зь якімі можа азнаёміцца любы ахвочы, а таксама справаздачы для спэцыяльнага дакладчыкааб правах чалавека ў Беларусі ААН і ў межах Маскоўскага мэханізму АБСЭ.

На пачатку красавіка ў Беларусі завялі крымінальныя справы супраць некалькіх валянтэраў арганізацыі, і таму яны вымушаныя былі ўцякаць у суседнія краіны. Але яны працягваюць сваю дзейнасьць, знаходзячыся ва Ўкраіне, Польшчы ці Літве.

Сяргей Усьцінаў расказаў Свабодзе, ці зьменшыўся ўзровень катаваньняў у месцах утрыманьня і як валянтэры зьбіраюць доказы злачынстваў беларускіх сілавікоў.

Ня ўсе ахвяры гатовыя расказваць пра катаваньні

Сяргей Усьцінаў кажа, што моц ціску на затрыманых у адміністрацыйных і крымінальных справах ня зьменшылася ў параўнаньні са жніўнем мінулага году, калі адбыліся найбольш масавыя акцыі пратэсту.

«Беларусаў як катавалі, так і працягваюць катаваць дагэтуль», — кажа Сяргей. Паводле яго, найбольш жорстка да грамадзян ставяцца ў ЦІП на Акрэсьціна і ў жодзінскім ІЧУ.

«Ужо не навіна, што ў ІЧУ і ЦІП не даюць спаць, выключаюць ацяпленьне, выліваюць вадкасьць з хлёркай на падлогу, ад якой больш шкоды, чым карысьці. Некаторых „палітычных“ беспадстаўна зьмяшчаюць у карцэр і не перадаюць перадачы. Прымушаюць згортваць матрацы і забараняюць ляжаць удзень. Жыцьцё арыштаваных пад пагрозай з прычыны паўсюднага неаказаньня мэдычнай дапамогі. Выпадкі пабіцьця затрыманых таксама застаюцца нярэдкімі», — дадае праваабаронца.

Паводле яго, усе гэтыя «адмысловыя ўмовы» знаходжаньня ў ізалятарах прыраўноўваюцца да катаваньняў.

«Мы ўжо апыталі больш за 1000 пацярпелых, працягваем апытваць і дакумэнтаваць усе факты. Толькі пададзеных заяваў аб катаваньнях, паводле розных дадзеных, было каля 2 300. Але ёсьць мноства пацярпелых, якія не падаюць заяваў ад боязі быць прыцягнутымі да крымінальнай адказнасьці або з прычыны ціску сьледчых на іх», — паведаміў Сяргей Усьцінаў.

«Садызм сілавікоў падагравае кіраўніцтва»

Праваабаронца расказвае, што дакумэнтацыя катаваньняў і злачынстваў ажыцьцяўляецца паводле міжнародных стандартаў, прадугледжаных для такой дзейнасьці.

«У Камітэце (расьсьледаваньня катаваньняў. — РС) працуюць некалькі груп: дакумэнтатары, расшыфроўшчыкі, аналітычная і юрыдычная група, адвакаты. Спачатку з пацярпелым сустракаюцца дакумэнтатары і апытваюць яго, потым расшыфроўшчыкі набіраюць інтэрвію. На наступным этапе ўся гэтая інфармацыя накіроўваецца ў адмысловую базу. Калі некаму з пацярпелых патрэбна юрыдычная дапамога, падключаюцца юрысты, а аналітыкі пасьля вывучэньня ўсіх анкет аналізуюць і зводзяць усё ў справаздачу».

Паводле Сяргея Усьцінава, на тле масавасьці і жорсткасьці ў паводзінах сілавікоў асаблівае месца займаюць катаваньні паводле нацыянальнай прыкметы, гендэру і нават паводле прыкметы вонкавага выгляду людзей.

«Найстрашней, што частка сілавікоў катавала людзей зь яўнай асалодай, атрымліваючы ад гэтага задавальненьне, што можа сьведчыць аб пэўных праблемах з псыхікай у такіх людзей», — кажа Сяргей Усьцінаў.

«Мне здаецца, што шмат у каго зь іх ёсьць схільнасьць да садызму, якую падаграваюць пэрсанальна Аляксандар Лукашэнка, міністар унутраных справаў або іншыя прадстаўнікі кіраўніцтва сілавых органаў, якія патрабуюць „любой цаной выратаваць Радзіму“. У выніку маем неадэкватных катаў, гатовых катаваць і забіваць па першым загадзе», — дадаў праваабаронца.

«Працягваем працаваць, нягледзячы на ціск»

Сяргей Усьцінаў паведаміў, што валянтэры і праваабаронцы, якія зьбіраюць і дакумэнтуюць катаваньні, знаходзяцца пад ціскам улады.

«У сакавіку ў кватэру Івана Краўцова, аднаго з нашых валянтэраў, уварваліся васьмёра сілавікоў. Яны катавалі яго, каб атрымаць паролі да кампутара і тэлефона. Потым склалі адміністрацыйны пратакол і праз ілжывыя абвінавачаньні пасадзілі на 25 дзён. Пасьля некалькі сяброў камітэту вымушаныя былі ўцякаць зь Беларусі, у тым ліку і я».

Паводле праваабаронцы, ужо пасьля іхнага ад’езду стала вядома, што супраць Івана Краўцова завялі крымінальную справу за нібыта арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак, а на пачатку красавіка ў кватэры праваабаронцы Эніры Браніцкай і ў яе бацькоў правялі вобшук.

«Тыя, хто праводзіў ператрус, адкрыта сказалі, што рэальнай прычынай зьяўляецца дзейнасьць Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі. Але, нягледзячы на тое, што частка каманды зьехала з краіны, камітэт працягвае працаваць і хутка падрыхтуе чарговую справаздачу пра катаваньні. Зразумела, што наша дзейнасьць, як костка ў горле для рэжыму, бо мы неаднойчы заяўлялі, што зробім усё магчымае, каб прыцягнуць усіх вінаватых у катаваньнях да адказнасьці, і гэтыя вінаватыя, вядома ж, баяцца», — падкрэсьліў Сяргей Усьцінаў.

Праваабаронца паведаміў, што Міжнародны камітэт расьсьледаваньня катаваньняў стаў сустаршынём Міжнароднай плятформы для Беларусі па прыцягненьні вінаватых да адказнасьці (International Accountability Platform for Belarus).

«Менавіта таму цяпер чыніцца такі ціск, і, найхутчэй, рэжым будзе зьвяртацца да Ўкраіны з просьбай нас выдаць. Але мы ўсё ж спадзяёмся, што гэтага не адбудзецца і што мы зможам далей тут працаваць у бясьпецы. Проста хачу сказаць, што калі мы раптам апынёмся на тэрыторыі Беларусі, то гэта будзе зроблена не па добрай волі», — дадаў Сяргей Усьцінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG