Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымы міжнародны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі? Адказвае дырэктарка Маскоўскай Хэльсынскай групы


Плякат на акцыі пратэсту пэнсіянэраў 9 лістапала 2020
Плякат на акцыі пратэсту пэнсіянэраў 9 лістапала 2020

Што азначае прыняцьце Радай правоў чалавека ААН рэзалюцыі аб расьсьледаваньні і дакумэнтаваньні злачынстваў у Беларусі? Ці пагражае Беларусі ваеннае ўварваньне Расеі для «падтрыманьня парадку»? Ці змогуць дэпартаваныя за пратэсты грамадзяне РФ вярнуцца ў Беларусь, дзе яны пражылі ўсё сваё жыцьцё?

Пагаварылі з выканаўчай дырэктаркай найстарэйшай расейскай праваабарончай арганізацыі Маскоўская Хэльсынская група Сьвятланай Астраханцавай. МХГ — сябра Міжнароднага камітэту расьсьледаваньня катаваньняў у Беларусі.

«Пакуль наша МЗС не гатовае ўступацца за дэпартаваных расейцаў, разлучаных зь сем’ямі»

Па дадзеных беларускіх праваабаронцаў, сярод усіх іншаземных грамадзян, затрыманых за фактычны або меркаваны ўдзел у пратэстах 2020 году, больш за ўсё было менавіта грамадзян Расеі. Паводле атрыманай з МЗС Расеі інфармацыі, у Менску з 9 жніўня па 31 кастрычніка было зафіксавана 126 выпадкаў прыцягненьня расейскіх грамадзян паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34 («Удзел у несанкцыянаванай акцыі»).

Частку гэтых людзей дэпартавалі зь Беларусі, нягледзячы на тое, што тыя пражылі тут большую частку жыцьця і маюць сем’і. Ці ёсьць міжнародныя мэханізмы абароны правоў высланых расейцаў, каб яны маглі вярнуцца ў Беларусь? Бо, у адрозьненьне ад беларусаў, грамадзяне РФ могуць зьвяртацца ў Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ).

Сьвятлана Астраханцава
Сьвятлана Астраханцава

— У дэпартаваных зь Беларусі расейцаў, на жаль, няма іншых прававых мэханізмаў для ўзьяднаньня сямʼі, акрамя як самастойна зьвяртацца ў міграцыйнае ведамства Беларусі з просьбай адмяніць рашэньне аб дэпартацыі, — тлумачыць Сьвятлана Астраханцава. — Афіцыйныя органы Расеі ня маюць права ўплываць на міграцыйную палітыку Беларусі. Пэрспэктыва звароту ў ЭСПЧ у сытуацыі, калі нехта зь сямʼі дэпартаваны ў Расею, а астатняя сямʼя застаецца ў Беларусі, выглядае сумнеўнай. Так, сямʼя разлучаная, парушана права на павагу прыватнага і сямейнага жыцьця, прадугледжанае Эўрапейскай канвэнцыяй аб абароне правоў чалавека. Але на якую краіну ў гэтым выпадку скардзіцца? Расея не парушала Канвэнцыі, а на Беларусь юрысдыкцыя ЭСПЧ не распаўсюджваецца. Тэарэтычна можна паспрабаваць дзейнічаць у межах Дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы, але я ня ведаю такіх прэцэдэнтаў.

МХГ робіць запыты аб прычынах дэпартацыі, але станоўчага выніку пакуль няма. На гэты момант нам вядомыя толькі выпадкі ўзьяднаньня сямʼі на тэрыторыі трэціх краін — Літвы, Польшчы, якія першапачаткова прыязна настроеныя і імкнуцца, каб людзі пакутавалі менш. А ў Расеі такіх мэханізмаў няма. Наша МЗС пакуль не гатовае заступацца за дэпартаваных расейцаў, семʼі якіх засталіся ў Беларусі.

«Рэзалюцыя РПЧ ААН — важны крок»

На днях Рада правоў чалавека ААН (РПЧ) прыняла рэзалюцыю аб Беларусі, якая запускае мэханізм расьсьледаваньня і дакумэнтаваньня злачынстваў супраць чалавечнасьці ў нашай краіне. Вярхоўны камісар у правах чалавека ААН атрымлівае шырокі мандат паўнамоцтваў.

Акрамя таго, стала вядома, што пры падтрымцы Даніі, Нямеччыны і Вялікай Брытаніі на базе арганізацыі Dignity запушчаны мэханізм для збору і захаваньня доказаў грубых парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі, якія могуць быць выкарыстаны для завядзеньня крымінальных спраў і прыцягненьня вінаватых да адказнасьці. Што азначаюць гэтыя ініцыятывы?

— Рэзалюцыя РПЧ ААН — важны крок, — лічыць Сьвятлана Астраханцава. — Цяпер абедзьве міжнародныя арганізацыі, у якіх удзельнічае Беларусь, запусьцілі міжурадавыя маніторынгавыя мэханізмы — ААН праз РПЧ і АБСЭ праз Маскоўскі мэханізм. Да гэтага не было падстаў чакаць ад міжнародных афіцыйных органаў нейкай прававой ацэнкі падзей у Беларусі. А цяпер гэтая ацэнка будзе сфармуляваная на самым высокім узроўні і стане асновай для будучага незалежнага судовага працэсу. Мяркуючы па ўсім, ініцыятыва Вялікай Брытаніі, Даніі і Нямеччыны дасьць фактуру для выніковага дакладу РПЧ ААН. Чым больш важкімі будуць выніковыя доказы, тым сурʼёзьней будуць аргумэнты ў размове зь цяперашняй уладай Беларусі.

Што тычыцца Міжнароднага трыбуналу над рэжымам Лукашэнкі, на думку экспэрта, ён сумнеўны.

— Ацэньваючы пэрспэктывы стварэньня Міжнароднага трыбуналу аб Беларусі, дастаткова паглядзець на прыклад Сырыі, падзеі ў якой адназначна патрабуюць скліканьня гэтага органа міжнароднага правасудзьдзя. Але яго пакуль няма.

Ёсьць яшчэ Міжнародны крымінальны суд у Гаазе (МКС), які таксама можа разглядаць злачынствы супраць чалавечнасьці. Але ў ягоную кампэтэнцыю ўваходзяць толькі злачынствы, якія былі ўчыненыя альбо на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы (якая ратыфікавала Рымскі статут), альбо грамадзянінам краіны-ўдзельніцы. А Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай МКС. У гэтага прынцыпу ёсьць два выключэньні: рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН або адпаведная заява самой дзяржавы, якая не зьяўляецца ўдзельніцай, але хоча перадаць у МКС разгляд канкрэтнага злачынства. Але калі гэта і адбудзецца, то ў аддаленай пэрспэктыве, — лічыць праваабаронца.

Супрацоўнікі ГУБАЗіК разганяюць пратэст у Менску 23 верасьня 2020
Супрацоўнікі ГУБАЗіК разганяюць пратэст у Менску 23 верасьня 2020

Сілавікі — закладнікі закрытасьці і аднабокіх установак

Сьвятлана Ціханоўская абвясьціла аб пачатку палітычнай вясны, аднак замест першых масавых акцый у Менску пабачылі жорсткія затрыманьні соцень мінакоў.

Маскоўская Хэльсынская група спрабавала арганізаваць перамовы з расейскімі сілавікамі. Нават адбыўся круглы стол з паліцыяй у 2019 годзе — пасьля жорсткіх разгонаў мірных пратэстаў падчас выбарчай кампаніі ў Маскоўскую гарадзкую думу.

Сьвятлана Астраханцава падзялілася сваёй думкай аб здольнасьці сілавога блёку да перамоваў.

— У Расеі максымальную жорсткасьць на мітынгах праяўляе хутчэй не паліцыя, а Расгвардыя, якая падпарадкоўваецца непасрэдна прэзыдэнту. Гэта ў асноўным былыя амапаўцы. Зь імі вельмі цяжка размаўляць. Таму што, па-першае, іх да гэтай размовы нішто не абавязвае. У паліцыі хоць бы ёсьць грамадзкія рады, паводле закону служба абавязаная адказваць на запыты грамадзкасьці, рэагаваць на крытыку, што і дазволіла нам правесьці тады круглы стол. А ў Расгвардыі такога абавязку няма.

Па-другое, расгвардзейцы праходзяць спэцыяльную псыхалягічную падрыхтоўку. Усе, хто выходзіць на мірную акцыю, для іх злачынцы, «якія разгойдваюць сытуацыю», «якія, калі іх не спыніць, не пашкадуюць ні вас, ні вашых дзяцей».

У іх дакладная ўстаноўка: калі акцыя несанкцыянаваная, значыць, яе трэба спыніць. І кожны раз пад гэтым лёзунгам праваахоўныя органы самі ж правакуюць беспарадкі. У людзей ёсьць пачуцьцё ўласнай годнасьці і, калі іх проста так бʼюць дубінкай, ня ўсе могуць стрымацца. Гэта гвалт у адказ. Заступіцца за жанчыну, якую цягнуць за валасы ў аўтазак, за пажылога чалавека, якога ўдарылі дубінкай — гэта нармальная чалавечая рэакцыя. Адрэфлексаваць, што дубінку занёс чалавек, якога нельга чапаць, не ва ўсіх атрымліваецца. Таму самім сілавікам трэба мяняць тактыку працы на мітынгах — з кантактнай на некантактную.

Нешта зрабіць зь іхнымі ўстаноўкамі можна толькі праз асьвету, праз тлумачэньне іншага пункту гледжаньня на мірны пратэст: што гэта канстытуцыйнае права грамадзян і форма выказаць свае думкі тады, калі ўлада па-іншаму ня чуе. Але гэта складана данесьці, калі другі бок закрыты.

АМАП ападчас маршу ў Менску 8 лістапада 2020
АМАП ападчас маршу ў Менску 8 лістапада 2020

Для спрактыкаванай праваабаронцы кадры са зьдзекамі над пратэстоўцамі і затрыманымі ў Беларусі сталі шокам. Гэта наступства беспакаранасьці супрацоўнікаў, упэўнена экспэртка.

— У Расеі таксама практычна няма заведзеных крымінальных спраў супраць сілавікоў, якія бʼюць пратэстоўцаў, нягледзячы нават на відэадоказы. Яны недатыкальныя. Улада дзейнічае паводле прынцыпу: «сваіх не здаём», ад гэтага сілавікі адчуваюць сваю поўную беспакаранасьць, што яшчэ больш пагаршае сытуацыю.

Лідэры Беларусі і Расеі вельмі падобныя, і, адпаведна, нашы сілавыя структуры таксама. Узаемны абмен досьведам і практыкамі відавочны. Напрыклад, тое, што адбывалася ў Беларусі ў жніўні, калі «касманаўты» ганяліся за пратэстоўцамі па дварах, урываліся ў падʼезды, дакладна паўтарылася ў Расеі 2 лютага (акцыі пратэсту пасьля прысуду Аляксею Навальнаму. — РС). Я глядзела на гэтыя аблавы ў дварах і бачыла беларускае лета.

«Навучаныя гісторыяй з Украінай расейцы не захочуць паўтарэньня»

Нягледзячы на падабенства рэжымаў, расейскае сілавое ўварваньне ў Беларусь малаімавернае, упэўнена экспэртка.

— Гісторыя з Усходняй Украінай, дзе канфлікт толькі працягвае эскаляваць, наклала вельмі цяжкі адбітак на людзей. І я лічу, што расейскае грамадзтва ўжо досыць сталае, каб не дапусьціць паўтарэньня такога сцэнару. Перадумовы для такой надзеі і аптымізму мы ўбачылі ў канцы лета, калі папаўзьлі чуткі аб руху расейскіх войскаў у бок Беларусі. Тады зусім розныя грамадзкія колы адназначна выказаліся супраць такога ходу падзей. Мне здаецца, такі грамадзкі настрой унутры Расеі — дастаткова стрымальны фактар для Пуціна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG