​Хто, як і чаму? 22 гады таму выкралі экс-міністра ўнутраных справаў Захаранку

Ілюстрацыйнае фота

7 траўня 2021 году спаўняецца 22 гады, як былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка быў гвалтоўна выкрадзены ў Менску невядомымі.

7 траўня 2021 году спаўняецца 22 гады, як былы міністар унутраных справаў Беларусі, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка быў гвалтоўна выкрадзены ў Менску невядомымі.

Яму было 47 гадоў. Маці Ўльяна Захаранка, якая 19 гадоў дамагалася праўды пра лёс сына, памерла амаль год таму. У Нямеччыне жывуць дочкі Алена і Юлія, жонка Вольга і ўнукі Дзяніс і Кірыл. Праўда пра выкраданьне Захаранкі вядомая, але патрэбная зьмена ўлады, каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых, перакананы юрыдычны прадстаўнік сям’і праваабаронца Алег Волчак.

«Міліцыянт, які адмовіўся стаць катам». Хто такі Юры Захаранка

У родным доме ў Васілішках.

Юры Захаранка нарадзіўся 4 студзеня 1952 году ў вёсцы Васілевічы Рэчыцкага раёну. Ягоныя бацькі, украінка Ўльяна і беларус Мікола, пазнаёміліся ў 1943 годзе ў нямецкім Кёльне, дзе абодва былі на прымусовых працах.

Юры Захаранка скончыў Валгаградзкую вышэйшую школу МУС СССР і Акадэмію МУС СССР. Зрабіў бліскучую міліцэйскую карʼеру — ад сьледчага ў Сьветлагорску да кіраўніка Сьледчага камітэту МУС Беларусі ў 40 гадоў і міністра ўнутраных справаў Беларусі ў 42 гады.

Падначаленыя яму падразьдзяленьні МУС у красавіку 1995-га ўдзельнічалі ў зьбіцьці дэпутатаў Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, якія пратэставалі супраць правядзеньня рэфэрэндуму аб мове і сымболіцы, а ў жніўні 1995-га разагналі страйк работнікаў мэтрапалітэну.

Юры Захаранка

9 траўня 1995 году можна было пабачыць Юрыя Захаранку з усьмешкай на парадзе па тагачасным праспэкце Скарыны побач з Аляксандрам Лукашэнкам і ягоным старэйшым сынам Віктарам. Што хавалася за гэтай усьмешкай, стала вядома пазьней. «Міліцыянт, які адмовіўся стаць катам», — так гаварылі пра Захаранку ягоныя паплечнікі ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды Алегу Грузьдзіловічу ў 2000 годзе.

«Больш слабыя ламаюцца, больш моцных дабіваюць». У чым была прычына адстаўкі Захаранкі

12 кастрычніка 1995 году Аляксандар Лукашэнка сваім указам зьняў Юрыя Захаранку з пасады міністра ўнутраных спраў. Меркавалася, што Захаранка выказаў незадаволенасьць прызначэньнем сваім намесьнікам супрацоўніка КДБ і іншымі кадравымі рашэньнямі Лукашэнкі ў сыстэме МУС.

Журналістам стала вядомая гісторыя канфлікту паміж Юрыем Захаранкам і тагачасным начальнікам упраўленьня справамі прэзыдэнта Іванам Ціцянковым. Апошні прасіў міністра прыслаць салдатаў унутраных войскаў для працы на будоўлі катэджаў, але Захаранка адмовіў. Ды яшчэ і прыпісаў на лісьце, што яму даверылі жыцьці салдатаў, а не рабоў. Пра гэтую спрэчку даведаліся незалежныя мэдыі — прычым, паводле крыніцаў у міліцыі, Захаранка быў ня супраць уцечкі інфармацыі.

У знакамітым фільме Юрыя Хашчавацкага «Звычайны прэзыдэнт» Юры Захаранка гаворыць пра тое, што Аляксандар Лукашэнка хоча мець непадзельную ўладу і дзеля гэтага будзе выкарыстоўваць мэтады без разбору. Захаранка прызнаецца, што хацеў паўплываць на прэзыдэнта і застаўся адным зь нямногіх у атачэньні Лукашэнкі, хто гаварыў яму праўду.

Юры Захаранка: У прысутнасьці Шэймана я гаварыў з прэзыдэнтам, і той сказаў: «Ты павінен выканаць мой любы загад». Я яму кажу: «Аляксандар Рыгоравіч, людзей расстрэльваць я ня буду, Канстытуцыю парушаць я ня буду». «Калі ты ня выканаеш мой любы загад, табе адзенуць кайданкі». Ці гэта запалохваньне? Гэта стыль кіраўніцтва прэзыдэнта. Больш слабыя ламаюцца. Больш моцных дабіваюць. І робіцца паслухмяная дзяржаўная машына, бяздумная, якая шчоўкае абцасамі. Гэта страшна. Гэта страшней за фашызм.

Як Юры Захаранка стаў апанэнтам Аляксандра Лукашэнкі. Чатыры гады ў апазыцыі

Юры Захаранка быў сябрам Абʼяднанай грамадзянскай партыі. Пасьля адстаўкі ён стаў актыўным апанэнтам дзейнага прэзыдэнта. Да яго прыслухоўваліся, у яго было шмат прыхільнікаў у сілавых структурах. Некаторыя сыходзілі з органаў, як былы сьледчы пракуратуры Алег Волчак, які пазьней актыўна займаўся расьсьледаваньнем абставінаў выкраданьня Захаранкі.

Your browser doesn’t support HTML5

Чарнобыльскі шлях — 1999

Сябрам Захаранкі быў былы камандзір 5-й асобнай брыгады вайсковага спэцназу палкоўнік Уладзімер Барадач, які ў сярэдзіне 1990-х стаў адным з ініцыятараў стварэньня Саюзу беларускіх афіцэраў. Юры Барадач перакананы, што актыўны ўдзел Захаранкі ў Саюзе афіцэраў і быў адной з прычынаў яго выкраданьня.

Захаваўся відэазапіс 1997 году, які зрабіў грамадзкі актывіст Сяргей Чырык, як Юры Захаранка разам з паплечнікамі сустракае Ўладзімера Барадача пасьля сутак у турме на Акрэсьціна Ўладзімера Барадача.

Your browser doesn’t support HTML5

Захаранка і Ганчар у 1997 годзе каля турмы на Акрэсьціна

У кастрычніку 1996-га Захаранка быў адным з арганізатараў 1-га Кангрэсу дэмакратычных сілаў напярэдадні рэфэрэндуму 1996 году аб зьмене Канстытуцыі і працягненьні ўладных паўнамоцтваў Лукашэнкі. Вось фрагмэнт жорсткага выступу Захаранкі на кангрэсе:

Юры Захаранка: Паважаныя сябры. Чорныя вораны лятаюць над нашай краінай. Кангрэс прыняў дакумэнты, якія будуць вам прапанаваныя для зацьверджаньня. Рашэньне круглага стала аб адлучэньні ад улады Лукашэнкі.

Сябра Захаранкі, былы старшыня АГП Анатоль Лябедзька шмат гадоў апекаваўся маці зьніклага паплечніка.

Анатоль Лябедзька

Лябедзька: Па колькасьці людзей у пагонах на тысячу чалавек Беларусь займае першае месца ў Эўропе, а можа і ў сьвеце. Але калі мы зададзім пытаньне, каго мы ведаем з гэтых людзей, то бадай Юрась Захаранка будзе самы вядомы і самы папулярны генэрал, вайсковец, чалавек у пагонах. Хто такі Юры Захаранка для сучаснай Беларусі? Гэта, канечне, чалавек, які мог рэальна прэтэндаваць на першыя ролі ў дзяржаве.

Што адбылося ўвечары 7 траўня 1999 году

Вясна 1999 году. 5 красавіка пры няясных абставінах памірае віцэ-спікер Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Генадзь Карпенка. Да заканчэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў Лукашэнкі паводле Канстытуцыі 1994 году апазыцыя на чале з былым старшынём Цэнтравыбаркаму Віктарам Ганчаром арганізуе альтэрнатыўныя выбары з удзелам Міхаіла Чыгіра і Зянона Пазьняка. Пазьняк знаходзіцца за мяжой і праз некаторы час адмаўляецца ўдзельнічаць у выбарах, былога прэмʼера Чыгіра кідаюць на 8 месяцаў за краты за тое, што на пасадзе прэмʼера нібыта даў адтэрміноўку адной фірме па мытных плацяжах. Галасаваньне прызначанае на 16 траўня. За 9 дзён да іх адбываецца выкраданьне Юрʼя Захаранкі.

Ульяна Захаранка. Архіўнае фота.

А 5 траўня Захаранка зьезьдзіў да маці ў Васілішкі. Як расказвала Свабодзе Ульяна Захаранка ў 2000 годзе, «Юра прыехаў, пабыў тут, казаў: "Мама, я прыеду зноў 11-га, і будзем саджаць агарод, будзем усё ладаваць". А раней сказаў: "Мама, у выпадку, калі я загіну, дык толькі празь яго". А гэта праз Лукашэнку. Тыя словы я ніколі не забуду».

7 траўня за некалькі гадзінаў да выкраданьня Юры Захаранка заяжджаў да фатографа Ўладзімера Кармілкіна (яго ня стала ў 2002годзе). Як казаў пазьней у інтэрвію Свабодзе Кармілкін, Захаранка ня проста прадчуваў небясьпеку, а з пэўных крыніцаў пра яе ведаў. Як было пазьней высьветлена, за Захаранка вялося вонкавае назіраньне.

Позьнім вечарам 7 траўня 1999 году Юры Захаранка ішоў ад аўтастаянкі ля пажарнай часткі на вуліцы Магілёўскай да свайго дому на вуліцы Жукоўскага. Тое, што адбывалася далей, бачылі сьведкі, якія пазьней расказалі ўсё ў інтэрвію газэце «Народная воля», а потым і сьледчай пракуратуры Сьвятлане Байковай. Гэта муж і жонка, якія пажадалі захаваць ананімнасьць з прычынаў бясьпекі. Яны жылі ў доме, побач зь якім як раз праходзіла тая дарога, якой ішоў былы міністар унутраных справаў Юры Захаранка. Гэтыя людзі бачылі з акна, як да вусатага мужчыны падышлі двое мужчын і запіхнулі ў машыну цёмна-сіняга колеру. Ён нешта пасьпеў крыкнуць, але дзьверы зачыніліся. Калі стала вядома пра зьнікненьне генэрала Захаранкі, гэтыя людзі здагадаліся, каго ў той вечар запіхвалі ў машыну.

Сьледчая Сьвятлана Байкова была адной з многіх сьледчых, якія расьсьледавалі справу выкраданьня Захаранкі. Яна апытала як журналіста «Народнай волі», які знайшоў відавочцаў выкраданьня, так і іх саміх. Бацкова сказала пра тое, што яны —- не адзіныя сьведкі выкраданьня Захаранкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых


«Эскадроны сьмерці» і расстрэльны пісталет

У датычнасьці да зьнікненьняў Юрыя Захаранкі, а таксама Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага і Зьмітра Завадзкага падазраюцца былы генэральны пракурор і былы Дзяржсакратар Савету бясьпекі Віктар Шэйман, былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў і былы камандзір СОБРу Зьміцер Паўлічэнка, якога называлі «камандзірам беларускага эскадрону сьмерці». У дачыненьні да ўсіх іх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.

2008 год. Зьміцер Паўлічэнка

У канцы 2000 году Зьміцер Паўлічэнка прабыў пад арыштам толькі адзін дзень і быў вызвалены асабістым загадам Аляксандра Лукашэнкі. Журналісты Павал Шарамет і Сьвятлана Калінкіна ў сваёй кнізе «Выпадковы прэзыдэнт» пісалі пра нараду, на якой вырашаўся лёс сьледзтва:

«Калі стала зразумела, што сьледзтва шчыльна падышло да некаторых супрацоўнікаў Савету бясьпекі, Лукашэнка сабраў у сябе кіраўнікоў сьледчых органаў і, папракаючы іх, сказаў фразу ў бок Бажэлкі (тагачаснага генэральнага пракурора): «Ты ўжо давёў мяне да зьнямогі! Я начамі ня сплю, п’ю жменямі таблеткі. Капаеш, капаеш, капаеш... Табе чаго трэба? Каб труны Захаранкі і Ганчара па Менску насілі? Навошта табе гэта трэба? Ты шукай Дзіму Завадзкага, а ты ўсё пад мяне капаеш..».

Пазьней генэральнага пракурора Алега Бажэлку, пры якім было шмат зроблена, каб знайсьці вінаватых у зьнікненьнях, адправілі ў адстаўку, а ягонае месца заняў Віктар Шэйман, якога сьледчыя лічылі датычным да злачынстваў і дамагаліся ордэру на ягоны арышт.

Сярод дакумэнтаў, на якія абапіралася сьледзтва ў справе Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, былі рапарты міліцыянтаў Алега Алкаева, тагачаснага начальніка менскага СІЗА, і Мікалая Лапаціка, кіраўніка сьледчай управы МУС.

Алег Алкаеў

Палкоўнік Алег Алкаеў, які пасьля вызваленьня Паўлічэнкі і прызначэньня ў пракуратуру Шэймана звольніўся зь міліцыі і пасьпеў зьехаць у Нямеччыну, неаднаразова казаў: справы зьніклых «можна будзе расьсьледаваць за кароткі час, толькі дзеля гэтага патрэбная палітычная воля». Паводле генэрал-маёра міліцыі ў адстаўцы Мікалая Лапаціка справы ўжо расьсьледаваныя, але да пэўнага часу яны будуць ляжаць у сэйфах.

У 2001 годзе Алкаеў выступіў з выкрыцьцямі па справе зьніклых. Паводле яго, у 1999 годзе па распараджэньні тагачаснага міністра ўнутраных справаў Юрыя Сівакова ён азнаёміў з працэдурай прывядзеньня сьмяротнага прысуду ў выкананьне камандзіра СОБРа Зьмітра Паўлічэнкі. У тым жа годзе Алкаеў двойчы па асабістым указаньні міністра Сівакова выдаваў спэцыяльны пісталет ПБ-9, прызначаны для прывядзеньня ў выкананьне сьмяротных прысудаў^; пазьней, супаставіўшы даты, ён выказаў здагадку, што з гэтага пісталета былі забітыя Юры Захаранка, Віктар Ганчар і Анатоль Красоўскі.

Афіцыйнае сьледзтва, незалежныя расьсьледаваньні і міжнародны розгалас

Кадар зь фільму «Банда».

Па факце зьнікненьня экс-міністра ўнутраных спраў крымінальная справа была заведзеная толькі 17-верасьня 1999 году паводле артыкулу 101 Крымінальнага кодэкса РБ «Наўмыснае забойства». Справу Захаранкі расьсьледавалі розныя сьледчыя, яе падаўжалі больш за 70 разоў. Родныя і прадстаўнікі зьніклых кожныя тры месяцы атрымлівалі паведамленьне аб працягненьні расьсьледаваньня.

У 2004 годзе справы зьніклых расьсьледаваў адмысловы дакладчык Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс, вынікам чаго стала справаздача «Зьніклыя людзі ў Беларусі».

Шмат гадоў справай Юрыя Захаранкі і іншых зьніклых займаюцца праваабаронцы — былы сьледчы, кіраўнік «Прававой дапамогі насельніцтву Алег Волчак і кіраўніца "Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру" Раіса Міхайлоўская.

Раіса Міхайлоўская — аўтарка ідэі і прадусарка фільму "Банда" пра выкраданьні ў Беларусі. Фільм, зроблены Беларускім дакумэнтацыйным цэнтрам, выйшаў у 2015 годзе. Першымі яго гледачамі ў Беларусі сталі маці Юрыя Захаранкі і Зьмітра Завадзкага.

Раіса Махайлоўская

Раіса Міхайлоўская: "28 сьнежня 2018 году мы атрымалі паведамленьне аб прыпыненьні папярэдняга расьсьледаваньня, у якім гаворыцца, што справы аб выкраданьнях Ганчара, Захаранкі і Красоўскага спыняюцца, таму што не выяўленая асоба, якая падлягае крымінальнаму перасьледу. Такім чынам да 20-годзьдзя зьнікненьня Захаранкі мы маем на нацыянальнымі ўзроўні прыпыненую справу. На міжнародным узроўні гэтыя справы знаходзяцца пад асаблівым кантролем, нягледзячы на тое, што Рэспубліка Беларусь лічыць, што ўсе рэкамэндацыі міжнародных органаў не нясуць абавязковага характару. Па справе Ульяны Захаранкі ў 2017 годзе Камітэт па правам чалавека ААН вынес рашэньне, што дзяржава абавязаная расьсьледаваць справу аб зьнікненьні, абавязана кампэнсаваць родным маральную шкоду. Дагэтуль ніякіх рухаў у гэтым кірунку няма".

Кіраўнік праваабарончага цэнтру "Прававая дапамога насельніцтву" Алег Волчак кажа, што праўда пра выкраданьне Захаранкі вядомая.

Алег Волчак

Алег Волчак: На нацыянальным узроўні праваабарончымі арганізацыямі і роднымі дадзеная ацэнка, а таксама міжнароднымі структурамі — Радай Эўропы і Камітэтам ААН па правах чалавека. Праўда адна — гэта гвалтоўнае выкраданьне апазыцыйнага лідэра. Пытаньне толькі ў зьмене ўлады, а расьсьледаваньне будзе ў любым выпадку. Усё было зафіксавана. Захаранка ведаў, што за ім было адкрытае сачэньне, і гаварыў пра гэта. Я думаю, што некалькі службаў сачылі за Захаранкам. Мы ўпэўненыя, што ўсё пісалася на відэа і на аўдыё. Тыя, хто валодаюць гэтай інфармацыяй, усе гэтыя 20 гадоў баяліся за сваё жыцьцё. Але апэратыўныя супрацоўнікі нікуды не сыходзяць, яны ўсё роўна зьбіраюць інфармацыю і недзе захоўваюць».

Прызнаньні Юрыя Гараўскага

16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як Гараўскі праходзіў праз «дэтэктар хлусьні» дачкі Захаранкі. Невядомыя дэталі 2-гадзіннай сустрэчы ў Цюрыху

Як жыве сямʼя Юрыя Захаранкі

Кватэра на вуліцы Жукоўскага, у якой жыла сямʼя Юрыя Захаранкі, стаіць замкнёная з 2000 году, пасьля таго як у Нямеччыну зьехалі жонка экс-міністра Вольга з дочкамі Аленай і Юляй ды ўнукам Кірылам.

Маці Юрыя Захаранкі Ўльяна Рыгораўна не магла ані прадаць кватэру, ані здаць яе ў арэнду, бо так і не ўступіла ў правы ўласьніцы кватэры. Гэтаму перашкаджала тое, што беларускія суды з 2003 году адмаўляліся прызнаць Юрыя Захаранку памерлым", — тлумачыць Раіса Міхайлоўская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як 20 гадоў жыла сям'я зьніклага Юрыя Захаранкі

Сямʼя Захаранкі атрымала палітычны прытулак у Нямеччыне ў 2000 годзе. Вольга Захаранка цяпер на пэнсіі, Алена і Юля працуюць, інтэграваліся ў нямецкае жыцьцё. У Юрыя Захаранкі ў Нямеччыне жывуць унукі Дзяніс і Кірыл.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вучылі зьбіваць у гаражах». Дачка Юрыя Захаранкі пра герояў пратэсту і карані міліцэйскага гвалту

Ульяна Захаранка чакала свайго сына, чакала праўды пра ягоны лёс 19 гадоў. 14 траўня 2018 году яе ня стала. Сёлета Юрыю Захаранку магло быць 69 гадоў.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара

  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа