Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алег Воўчак: За нерасьсьледаваньне справы Захаранкі перад законам будуць адказваць сьледчыя, а не Лукашэнка


Алег Воўчак
Алег Воўчак

16 гадоў таму, 7 траўня 1999 году, у цэнтры Менску нявысьветленымі асобамі быў скрадзены былы міністар унутраных спраў, адзін зь лідэраў апазыцыі Юры Захаранка. З таго часу вядзецца расьсьледаваньне, але вынікаў яно дагэтуль не дало.

Праваабаронца, былы сьледчы пракуратуры Менску Алег Воўчак шмат гадоў ёсьць даверанай асобай сям’і Юрыя Захаранкі у справах сьледзтва. У 2006 годзе Алег Воўчак напісаў кнігу «Хроніка дзяржаўнай подласьці», дзе абнародаваў шэраг дакумэнтаў, якія сьведчаць пра фактычнае нежаданьне сьледчых органаў краіны расьсьледаваць справу Юрыя Захаранкі, высьвятляць ягоны лёс і вызначаць адказных за зьнікненьне. Ці не зьмянілася з таго часу пазыцыя праваахоўных органаў адносна расьсьледаваньня справы экс-міністра ўнутраных спраў?

— Чарговым разам працягнулі расьсьледаваньне, цяпер да 24 ліпеня — вось і ўсе навіны. Але рэальна нічога не расьсьледуецца, фактычна справа замарожаная, хоць нібыта расьсьледуецца. Мы ад імя сям’і Захаранкі хадайнічалі, каб у сувязі з заканчэньнем тэрміну даўнасьці справу праз 15 гадоў закрылі. Гэтага варта было дамагацца, каб атрымаць магчымасьць азнаёміцца са справай, бо маці Юрыя Захаранкі Ўльяна Рыгораўна Захаранка прызнаная па справе пацярпелай і паводле закону яе мусілі азнаёміць са справай. Але як пракуратура, гэтак непасрэдна і сьледзтва не адрэагавалі на хадайніцтва і працягнулі справу. Мяркую, проста ўладзе нявыгадна закрываць справу цалкам, бо тады стане відавочнай бязьдзейнасьць сьледзтва цягам усіх гэтых 16 гадоў.

— Справа застаецца тайнай?

— Ды рэальна тайны ўжо ніякай няма, яшчэ ў 2001 годзе ўсё агучылі. Узяць паказаньні былых сьледчых Случака і Петрушкевіча, паказаньні былога начальніка менскага сьледчага ізалятара Алега Алкаева наконт расстрэльнага пісталета, рапарт генэрала Лапаціка, дакумэнты, якія сабралі былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Ганчарык ды іншыя, і ўсё становіцца зразумелым, застанецца высьветліць толькі некаторыя дэталі. Зразумела, што былі злачынныя загады на ліквідацыю Захаранкі і Ганчара з Красоўскім, што была злачынная група, якая гэтыя загады выконвала, кіраўнікоў якой фактычна высьветлілі і нават затрымалі, таго ж Паўлічэнку, але расьсьледаваньне згарнулі. І так будзе працягвацца яшчэ невядома колькі.

— Нядаўна з кнігі амэрыканскага дасьледчыка Рыгора Ёфе стала вядома, што Аляксандар Лукашэнка працягвае сьцьвярджаць, што Юрыя Захаранку пасьля зьнікненьня нібыта бачылі ў Нямеччыне, а ў якасьці доказу кажа пра фатаздымак Захаранкі ў адной зь нямецкіх газэт. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтыя заявы?

— Гэта хлусьня, якая ўжо гучала на пачатку 2000-х гадоў і якая цяпер тыражуецца абсалютна беспадстаўна. Прычым заўважце, што для беларусаў такога ўжо ня кажуць, бо тут ніхто гэтаму ня верыць. А для замежнікаў яшчэ працягваюць — маўляў, «пракоціць».

Я чытаў вытрымкі з гэтай кнігі, дзе Лукашэнка кажа, што нібыта нямецкія ўлады нічога не адказалі на зьвесткі беларускага боку пра знаходжаньне Захаранкі ў Нямеччыне. Гэта зноў жа хлусьня, якая разьлічаная на тое, што ніхто не пераправерыць гэтыя факты з-за даўнасьці часу. Між тым дакладна ведаю, што МЗС Нямеччыны займаўся праверкай тых заяваў пра Захаранку і праз сваю дыпмісію ў Менску даводзіў, што зьвесткі пра знаходжаньне Юрыя Захаранкі ў Нямеччыне не пацьвердзіліся.

Калі Лукашэнка дакладна ведае пра лёс Захаранкі, хай бы патэлефанаваў ягонай маці, жонцы і сказаў ім, што той жывы. Але гэтага ніколі ня будзе

Нагадаю і яшчэ адзін выпадак хлусьні на гэтую тэму. У 2005 годзе ў інтэрвію рэдактару газэты «Заўтра» Аляксандру Праханаву Лукашэнка сказаў адносна Захаранкі і Ганчара, што яны нібыта сталі ахвярамі крымінальных разборак, бо ўцягнуліся ў дрэнныя справы... Хай гэта будзе на ягоным сумленьні. Калі ён дакладна ведае пра лёс Захаранкі, хай бы патэлефанаваў ягонай маці, жонцы і сказаў ім, што той жывы. Але гэтага ніколі ня будзе. Дарэчы, як толькі зьяўляліся такога кшталту заявы з боку Лукашэнкі, мы заўсёды зьвярталіся да сьледчых, каб апыталі Лукашэнку, калі ён нешта ведае. Пісалі і сьледчаму Чумачэнку, які раней вёў справу, і цяперашняму сьледчаму Вараўку. Пра гэта пісалі і маці Захаранкі, і ягоная жонка Вольга. І ня толькі сьледчым, але і генпракурору. Усе заявы Лукашэнкі, ягоныя інтэрвію мы дасылалі ў пракуратуру, каб далучылі да матэрыялаў справы і дапыталі. Але нічога зроблена не было.

— У тым жа інтэрвію, якое ўзяў Ёфэ ў Лукашэнкі, той кажа, што паказаньні камандзіра брыгады спэцназу Паўлічэнкі, зь якімі яго азнаёмілі тагачасныя старшыня КДБ Мацкевіч і генпракурор Бажэлка, нібыта разыходзіліся з тым, што Паўлічэнка казаў на допыце на відэакамэру. Ці такое магло быць?

— Гэтых дакумэнтаў і відэа ніхто з нас ня бачыў і параўнаць ня можа, таму адназначна сказаць немагчыма. Асабіста я ня веру, што там маглі быць разыходжаньні, бо ўсё ў такіх выпадках робіцца выключна паводле закону, каб не прычапіліся. Да таго ж, наколькі мне вядома, на тым допыце прысутнічаў таксама і пракурор Менску. Якія там маглі быць скажэньні? Хто б на іх адважыўся?

Іншая справа, што паказаньні маглі разыходзіцца з тым, што было патрэбна вышэйшай уладзе. Але як былы праваахоўнік заўважу, што Лукашэнка ў любым выпадку ня меў права даваць загад на вызваленьне Паўлічэнкі, гэта мог зрабіць толькі пракурор. Атрымліваецца, што Паўлічэнка быў вызвалены незаконна і ў любы момант дагэтуль яго могуць этапаваць у сьледчы ізалятар, што будзе цалкам законна.

— Але вы не чакаеце такой сьмеласьці ад дзейных сьледчых?

— Чакаю іншага. Што рана ці позна сьледчыя і пракуроры, якія нічога ня робяць па гэтых справах, таксама будуць за гэта адказваць перад законам. Яны цяпер ківаюць на ўладу, думаюць, што гэта некалі з Лукашэнкі за гэта спытаюць. Але насамрэч будуць адказваць тыя, хто цяпер ставіць подпісы. Прычым перакананы, што яны ўсё гэта выдатна разумеюць, таму і будуць да канца падтрымліваць гэтую ўладу, каб пазьбегнуць адказнасьці. Зноў нагадаю патрабаваньне закону, што орган папярэдняга расьсьледаваньня абавязаны зрабіць усе захады дзеля таго, каб далучыць вінаватых да крымінальнай адказнасьці і накіраваць справу ў суд. У той жа справе Захаранкі шмат ёсьць доказаў, як непасрэдных, гэтак і ўскосных, і шмат сьведак, каб выйсьці на пэўных злачынцаў. Але дзейная ўлада ня хоча гэтага рабіць. І гэтак будзе працягвацца, пакуль яе час ня сыйдзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG