Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Відэа «Чарнобыльскага шляху» 20 гадоў таму: Захаранка наперадзе калёны, праз тыдзень ён зьнікне


Наперадзе калёны ідуць Станіслаў Багданкевіч, Сямён Шарэцкі і Юры Захаранка
Наперадзе калёны ідуць Станіслаў Багданкевіч, Сямён Шарэцкі і Юры Захаранка

Упершыню за 30 гадоў у Менску ня будзе традыцыйнага «Чарнобыльскага шляху» да гадавіны аварыі на ЧАЭС. Прычынай — непадʼёмныя паборы, якімі ўлады абклалі арганізатараў. У 1990-х гадах у такіх шэсьцях бралі ўдзел дзясяткі тысяч чалавек.

Апошні «Чарнобыльскі шлях» Юрыя Захаранкі

Чарнобыльскі шлях — 1999
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:32 0:00

Апэратар Сяргей Чырык зафіксаваў на відэа кілямэтры шляхоў, якімі прайшлі праціўнікі «мірнага атаму». На адным зь ягоных відэа — акцыя 26 красавіка 1999 году. Ужо здарыліся першыя жорсткія разгоны ў Менску, але часам акцыі яшчэ дазвалялі, і тады для калёны вызвалялася адна паласа ці ўся праезная частка.

У 1999 годзе на Чарнобыльскім шляху ў першых шэрагах ішлі палітыкі, грамадзкія дзеячы, ліквідатары. Некаторых зь іх цяпер няма сярод жывых, у тым ліку былога міністра ўнутраных спраў і лідэра апазыцыі Юрыя Захаранкі. Гэта апошнія кадры зь яго ўдзелам — праз тыдзень ён зьнік пры загадкавых абставінах, ужо 20 гадоў пра яго лёс нічога дакладна не вядома.

Сышлі ў іншы сьвет навуковец і заяўнік «Чарнобыльскага шляху» Юры Хадыка, мастак з «Пагоні» Яўген Кулік, фатограф Уладзімер Кармілкін. Некаторыя цяпер у палітычнай эміграцыі — як колішні старшыня Вярхоўнага Савету Сямён Шарэцкі.

«Відаць, гэта быў адзін з апошніх вольных праходаў, калі міліцыя вызваляла для мітынгоўцаў праезную частку, — згадвае Сяргей Чырык. — Уражвае колькасьць людзей, бо яшчэ сьвежыя ў памяці падзеі на Дзень Канстытуцыі 15 сакавіка 1996-га і „Чарнобыльскі шлях“ таго ж году з масавымі захопамі і зьбіцьцём удзельнікаў. Гэтым разам неяк удалося атрымаць дазвол ад уладаў, відаць, вырашылі не даводзіць да эскаляцыі. Цяжка ўсьведамляць, што празь нейкія 10 дзён забʼюць Юрыя Захаранку: вось ён ідзе наперадзе, выдатна выглядае. І раптам такі фінал...»

Адселеныя вёскі, людзкія трагедыі

Чарнобыльская зона, пасёлак Сонечны, 1990 год
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:48 0:00

Акрамя пратэставых акцый, Сяргей Чырык здымаў і так званую чарнобыльскую зону, ня раз выяжджаў у адселеныя паселішчы ў 30-кілямэтровым радыюсе ад АЭС, да людзей, якія засталіся жыць на мяжы з радыяцыйным фронтам.

«1990 год, Гомельская і Магілёўская вобласьці, зь беларускага боку да рэактара — нейкія паўтара дзясятка кілямэтраў, — кажа відэаапэратар. — Дагэтуль перад вачыма закінуты пасёлак Сонечны на Брагіншчыне, вёска Выдранка на Краснапольшчыне. Поўнае адчуваньне „сталкерызму“, нечага нерэальнага. Яшчэ савецкая ўлада, марадэры не асабліва пасьпелі расьцягнуць, хоць той жа Сонечны проста пры дарозе. Канечне, і лазілі, і рабавалі, але ўсё ж крыху пабойваліся. Людзей адсялялі, тыя вярталіся, спадзяваліся, што гэта недарэчная памылка. Жахлівыя асабістыя трагедыі».

Сяргей Чырык пераказвае гісторыю тубыльца, які наадрэз адмовіўся зьяжджаць з асуджанай на адсяленьне роднай вёскі і паўгода хаваўся па лясах. Яго шукалі, а ён акапаўся ў зямлянцы, паставіў самагонны апарат, пэрыядычна выходзіў у «здаровыя» вёскі па сала. Урэшце яго злавілі, пачалі праводзіць дэзактывацыю. Праўда, калі лекары памералі ўзровень радыяцыі, былі ашаломленыя — нуль, ніякай сьмяротнай дозы. І прыйшлі да высновы, што ўсё выходзіла з алькаголем. А ўжо як адвезьлі ў Жлобін, дзе быў «сухі закон», праз два тыдні чалавек памёр. Загубілі сваёй дапамогай, сумна жартуе Сяргей Чырык.

«Да пачатку 1990-х людзі ўжо разьбіраліся, што такое радыяцыя, а раней адкуль маглі ведаць? — працягвае Сяргей Чырык. — У свой час да абсурду даходзіла. Памятаю, як у войску зампаліт хваліўся гераізмам падчас Тоцкіх вучэньняў: маўляў, пасьля ядзернага выпрабаваньня салдаты прайшлі праз эпіцэнтар выбуху! А вось амэрыканцы на сваім палігоне разьбегліся, здрэйфілі. Ну дык ясна, хто ж сваіх людзей будзе падстаўляць, апроч савецкіх генэралаў? А тое, што праз пару дзён пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС людзі пайшлі загараць, хто-небудзь спыніў?»

Чарнобыльскі шлях — 1990

Тым часам чорна-белыя кадры вяртаюць у першыя гады, калі фармат «Чарнобыльскага шляху» толькі складваўся. 1990 год, яшчэ савецкая Беларусь, толькі другая па ліку акцыя. Але стрымаць народны пратэст ужо немагчыма: дзясяткі тысяч людзей зьбіраюцца ў цэнтры Менску, над натоўпам ня толькі «чарнобыльскія», але і палітычныя лёзунгі. Прысутныя слухаюць Зянона Пазьняка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG