Працэс па «справе Белгазпрамбанку» і Віктара Бабарыкі пачаўся 17 лютага. Справу разглядае Вярхоўны суд у будынку суду Маскоўскага раёну Менску.
Па «справе Белгазпрамбанку» праходзяць восем фігурантаў, сярод якіх топ-мэнэджары банку. Віктар Бабарыка абвінавачваецца па двух артыкулах Крымінальнага кодэксу — пра «адмываньне» сродкаў, атрыманых злачынным шляхам (частка 2 арт. 235), і атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры (частка 3 арт. 430), яму пагражае да 15 гадоў пазбаўленьня волі.
Сёньня ў залі суду ў другой палове дня 27 красавіка было 8 чалавек. Як і раней, перад тым, як трапіць у залю, прысутных двойчы абшукваюць, яны павінны прайсьці два кардоны з мэталашукальнікам, пакінуць тэлефоны ў адмысловай шуфлядцы.
Адвакатам не дазваляюць сустрэцца з падабаронным
Адвакат Віктара Бабарыкі Зьміцер Лаеўскі сказаў, што яму дагэтуль не дазволілі спаткацца з падабаронным.
«Гэта рэальная праблема, бо мы прасілі і раней, і некалькі дзён таму Віктар Бабарыка прасіў, каб зрабілі перапынак, каб узгадніць нейкія дзеяньні з абаронай. Не, на жаль, гэтае хадайніцтва было адхілена. І мы не разумеем, якія ёсьць для гэтага перашкоды? Мы лічым, што няма, бо гэта ж права, — кажа адвакат. — І калі суд вызначыў такі графік, што кожны дзень паседжаньне, адпаведна, гэта пазбаўляе чалавека магчымасьці мець сустрэчу ў сьледчым ізалятары. Значыць, суд павінен неяк разумна да гэтага падысьці. Я думаю, што гэта шкодзіць правам нашага кліента Віктара Бабарыкі і іншых».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Глядзіш і адчуваеш энэргетыку ўсіх гэтых цудоўных людзей», — Бабарыка пра падтрымку на судзеЯк дапытваюць сьведак
У судзе ўжо дапыталі каля паловы з 60 сьведак. Сёньня дапытвалі аднаго з уладальнікаў будаўнічай кампаніі «Марконбуд».
«У абвінавачаньні, якое прад’яўлена Віктару Бабарыку і іншым, сьцьвярджаецца, што нібыта гэтая кампанія перадала нейкі хабар. Але цікава, што гэты канкрэтны чалавек падчас допыту ня змог патлумачыць ні дзеяньні, за якія канкрэтна гэта нібыта перадавалася, ні іншыя істотныя абставіны. На дадзены момант не прагучала зьвестак, што нейкім чынам гэты „хабар“ дасягнуў канкрэтна нашага падабароннага», — кажа Зьміцер Лаеўскі.
Паводле адваката, калі дапытваюць супрацоўнікаў банку, то ўсе яны кажуць пра адпаведнасьць іх дзеяньняў унутраным працэдурам і рэглямэнтам.
«Ніхто не даваў указаньняў нешта парушаць і наогул рабіць нешта на карысьць некага канкрэтнага. Усе кіраваліся інтарэсамі банку. Ёсьць некаторыя сьведкі, якія могуць падзяліцца большым аб’ёмам зьвестак. Галоўнае, што мы скажам, будзе сказана пазьней».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У судзе над Бабарыкам сьведак дапытваюць у кайданках, хадайніцтвы абароны адхіляюцьСьведкі, якіх дапытваюць у судзе, гэта сьведкі з боку абвінавачаньня. Яны былі пазначаныя ў сьпісе сьведак, калі справа перадавалася ў суд.
«Я нават не магу сказаць, ці будуць наогул нейкія сьведкі з боку абароны, бо мы хутчэй абгрунтоўваем не наяўнасьць фактаў, а іх адсутнасьць. У гэтым сэнсе для нас істотнымі былі паказаньні абвінавачаных».
Паводле адваката, у сьведак з боку пракуратуры няма асаблівых сьведчаньняў адносна нейкіх супрацьпраўных дзеяньняў Віктара Бабарыкі. Падчас суду Віктар Бабарыка ніякіх пытаньняў ім не задае, гэта робяць толькі адвакаты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былыя намесьнікі Бабарыкі ў судзе расказалі падрабязнасьці стварэньня афшорных кампанійПадчас адзінага выступу ў судзе былы банкір прывёў пэўную колькасьць фактаў, якія тычыліся абвінавачаньня. Ён зрабіў выснову, што ў працэсе няма аб’ектыўнасьці, ён двойчы заяўляў адвод суду.
«З гэтай прычыны ён ня бачыць магчымым для сябе і мэтазгодным удзельнічаць у гэтай працэдуры так, як гэта магло б адбывацца, калі б быў давер да гэтага суду», — сказаў Зьміцер Лаеўскі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На Магілёўшчыне судзяць былога чыноўніка, які падтрымаў на прэзыдэнцкіх выбарах Віктара БабарыкуАбарона падавала хадайніцтва на здабычу пэўнай інфармацыі, калі дапытваўся сьведка, супрацоўнік банку Дрозд — чамусьці ў матэрыялах справы ёсьць толькі адзін пратакол допыту, датаваны верасьнем. Прычым гэты чалавек з чэрвеня 2020 году знаходзіцца пад вартай і абвінавачваецца нібыта ў нясплаце падаткаў.
«Мы заявілі хадайніцтва, каб КДБ прадставіла ў суд допыты гэтага чалавека за тры месяцы. Усе допыты ад моманту яго затрыманьня да таго допыту, які агалошваўся ў судзе. Таму што ў нас былі падставы лічыць, што там былі зусім іншыя паказаньні, зусім іншая пазыцыя. Нам суд адмовіў».
Кантакты грамадзян Латвіі ёсьць у тэлефоне
Абарона заяўляла даволі шмат хадайніцтваў, якія суд не задаволіў. У тым ліку яна двойчы прасіла дапытаць двух грамадзян Латвіі, якія неаднаразова згадваюцца ў абвінавачаньні. Паводле абвінавачаньня, яны нібыта кіравалі кампаніямі, якімі нібыта валодаў Віктар Бабарыка. Суд не задаволіў і гэтыя хадайніцтвы.
«Мы будзем вяртацца да гэтага пытаньня. Але вельмі непакоіць і зьдзіўляе, што людзі, празь якіх апісана значная частка абвінавачаньня, не цікавяць ні суд, ні сьледзтва. І падчас допыту сьведкі Шаўчука нават прагучала, што ў яго ёсьць кантактныя дадзеныя гэтых грамадзян Латвіі ў мабільным тэлефоне, які знаходзіцца ў КДБ. Можна адкрыць запісную кніжку, паглядзець і патэлефанаваць. Але ў яго гэты нумар нават не высьвятляўся», — сказаў адвакат.
Ён мяркуе, што суд яшчэ працягнецца некалькі тыдняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Навучыўся маляваць людзей, займаецца ёгай і шмат чытае. Эдуард Бабарыка напісаў пра ўмовы ў СІЗА КДБЗьміцер Лаеўскі таксама пацьвердзіў, што Віктар Бабарыка цяпер у СІЗА ў адной камэры з Рыгорам Кастусёвым.
«Я ня ведаю, чаму з гэтага робіцца такая фішка. Наогул СІЗА КДБ — гэта не такая ўжо вялікая ўстанова, ня сотні памяшканьняў, а некалькі дзясяткаў, і ў кожным знаходзіцца некалькі чалавек. Таму так ці інакш, асабліва цяпер, калі мы назіраем вялікую колькасьць арыштаў, яны вымушана так сустракаюцца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лідэры апазыцыйных партый запатрабавалі вызваліць старшыню БНФ Кастусёва