Актывіста абвінавацілі па частках 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
«Пацярпелыя — гэта звычайныя людзі»
Алег Корбан сказаў Свабодзе, што пакуль не гатовы даваць разгорнутыя камэнтары.
«Суд праходзіў у закрытым рэжыме, таму казаць, як ён праходзіў, нельга. Галоўнае абвінавачаньне, што дапамагаў пацярпелым падчас іх перасьледу за ўдзел у мірных акцыях пратэсту. Цяпер буду адбываць пакараньне, у бліжэйшыя гады ў грамадзка-палітычным жыцьці браць удзел не зьбіраюся. Гэта маё рашэньне. Чаму я яго прыняў, лепш пакуль ня буду тлумачыць», — сказаў Алег Корбан.
Абноўлена. 7 траўня Вярхоўны суд паведаміў, што Алега Корбана асудзілі на паўтара года зьняволеньня з адтэрміноўкай на адзін год. Гэта значыць, што калі за год Корбана не асудзяць яшчэ раз, яму не давядзецца адбываць прысуджаны тэрмін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьню Алегу Корбану прысудзілі 1,5 года зьняволеньня з адтэрміноўкай на годЁн ня ведае, чаму суд быў закрыты. Трапіць на працэс не змаглі нават сваякі. Жонка была толькі на абвяшчэньні прысуду, напачатку нікога не прапускалі, і не было дакладнай інфармацыі.
«Я мяркую, што гэта зьвязана з тым, што там гучалі імёны пацярпелых і іх непасрэдныя гісторыі, якія некаму не хацелася, каб яны агучваліся. Пацярпелыя — гэта звычайныя людзі. Такіх гісторый ужо шмат, але чаму яны вырашылі перастрахавацца, дакладна не вядома».
Ён не ўдакладніў, якое абмежаваньне волі яму прысудзілі — з накіраваньнем ці без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.
«Няхай пройдзе хоць бы 10 дзён, і пасьля я скажу дакладна», — сказаў Алег Корбан.
Абскарджваць прысуд ён ня будзе, бо пакуль не адказаў на пытаньне, ці прызнаў абвінавачаньне. Таксама Корбан ня ведае, дзе будзе адбываць «хімію».
«Пакуль у мяне ёсьць 10 дзён, а потым будзем непасрэдна разьбірацца, унікаць ва ўсе справы. Цяпер адаптуюся да актуальных умоваў свабоды», — сказаў былы палітвязень.
Як затрымлівалі Алега Корбана
Алега Корбана затрымалі 25 кастрычніка мінулага году ў Менску.
«Затрымалі раніцай, калі я пайшоў на вуліцу выгульваць сабак. Пад’ехалі супрацоўнікі ў форме і папрасілі праехаць. Пасьля ўжо прыехалі да мяне дадому зь ператрусам. Далей адправілі ў РУУС, дзе быў складзены пратакол. І далей пайшло: далі 15 сутак, пасьля іх адразу мяне ня выпусьцілі і прад’явілі абвінавачаньне па крымінальнай справе па артыкуле 342. Накіравалі ў Жодзіна, пасьля на „Валадарку“, і вось быў суд».
Цяпер атрымліваецца, што на аднаго палітвязьня ў Беларусі стала меней?
«Калі лічыць, як лічаць праваабаронцы, то, атрымліваецца, так. Але ў мяне яшчэ няма канчатковай свабоды, я пэўны час яшчэ буду пад кантролем. То бок яшчэ канчаткова не свабодны. Але з тых, хто за кратамі, то гэта ўжо мінус адзін».
Алег Корбан кажа, што адчуваў падтрымку ў зьняволеньні, атрымліваў перадачы і лісты. Паводле яго, атрымаў каля паловы адпраўленых лістоў.
«Усе мае сябры і сваякі былі прыемна зьдзіўленыя, калі прайшоў такі суд. Усе рады, усе спадзяюцца, што цяпер такіх выпадкаў будзе больш».
Алег сказаў, што здароўе ў яго добрае, адаптуецца цяпер да жыцьця на волі.
«Бачна, што менш людзей стала на вуліцах, у грамадзкіх месцах. Магчыма, гэта зьвязана з халодным надвор’ем. І на тварах людзей меней усьмешак, адчуваецца меней пазытыву. Магчыма, гэта таксама зьвязана з надвор’ем, але...», — ня стаў працягваць суразмоўца Свабоды.