Міжнародная каталіцкая дабрачынная арганізацыя «Дапамога царкве ў патрэбе» (ACN) падрыхтавала даклад «Свабода веравызнаньня ў сьвеце – 2021», піша БелаПАН.
Са сьнежня 2011 году ACN мае статус папскага дабрачыннага фонду. Афіцыйны цэнтар арганізацыі разьмяшчаецца ў Ватыкане, міжнародная штаб-кватэра — у Кёнігштайне (Нямеччына).
У дакладзе гаворыцца, што некалькі месяцаў у Беларусі «адбываліся палітычныя ўзрушэньні і публічныя дэманстрацыі, пад пагрозай апынулася большасьць правоў чалавека, у тым ліку і свабода веравызнаньня».
«Тэндэнцыя да ўзмацненьня аўтарытарнага кантролю цягне сур'ёзныя наступствы для рэлігійных арганізацый краін. Прынцып вяршэнства закону ў дачыненьні свабоды веравызнаньня прымяняецца адвольна, па-ранейшаму залежыць ад капрызу ўладаў, што часта прыводзіць да хаатычных і самавольных дзеяньняў супраць розных рэлігійных суполак, у тым ліку праваслаўных».
Даклад зьвяртае ўвагу на падзеі апошніх гадоў, у тым ліку 2020-га.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады Менска патрабуюць ад пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» 180 тысяч даляраў падатку за забраны імі будынакУціск каталікоў
- Беларусь заціснутая паміж запатрабаваньнямі шырокіх мас у дэмакратыі заходняга ўзору і дзяржаўнымі і міжнароднымі зацікаўленасьцямі ў захаваньні статус-кво ў рэгіёне. Замежныя і ўнутраныя гульцы імкнуцца падарваць аўтарытэт Каталіцкай царквы і распаліць гістарычныя рознагалосьсі паміж праваслаўнымі і каталікамі, каб выклікаць раскол у асяродзьдзі дэманстрантаў;
- Каталіцкая царква ў Беларусі падтрымала дэманстрантаў. Пасьля выбараў мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч заклікаў улады спыніць гвалт, заявіўшы, што кровапраліцьце на вуліцах беларускіх гарадоў — «цяжкі грэх на сумленьні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць гвалт»;
- 26 жніўня 2020 сілавікі заблякавалі ўваход у касьцёл Сьвятых Сымона і Алены ў Менску, бо ўнутры хаваліся дэманстранты і журналісты. Апісваецца гісторыя выгнаньня арцыбіскупа Кандрусевіча, якога цягам чатырох месяцаў не пускалі на радзіму;
- сьвятарам з Польшчы на розных падставах не працягвалі візы, нягледзячы на просьбы беларускіх біскупаў. Эпіскапат тады заявіў аб палітыцы дзяржавы, скіраванай на скарачэньне колькасьці замежных сьвятароў у Беларусі;
- у 2018 годзе адміністрацыі месцаў пазбаўленьня волі неаднаразова адмаўляліся пускаць да зьняволеных каталіцкіх сьвятароў і духоўных прадстаўнікоў шэрагу іншых рэлігій і канфэсій;
- па-ранейшаму афіцыйна ня дадзены дазвол на будаўніцтва Менскай тэалягічнай акадэміі імя сьвятога Яна Паўла II, стварэньне якой узгаднілі яшчэ ў 2015 годзе.
Уціск праваслаўных
- Беларускі экзархат Расейскай праваслаўнай царквы ня выказаў адназначнай пазыцыі. Царкоўнае ж кіраўніцтва «падтрымлівае шчыльныя сувязі з Расеяй і, такім чынам, прызнала вынікі выбараў», таму палічыла за лепшае «прытрымлівацца нэўтралітэту падчас дэманстрацый. Аднак некаторыя япіскапы і многія сьвятары адкрыта заявілі аб сваёй антыўрадавай пазыцыі і падтрымалі дэманстрантаў. Мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел раскрытыкаваў жорсткасьць уладаў і наведаў некаторых пацярпелых у шпіталі;
- «за казаньні і збор ахвяраваньняў» у Менску быў затрымлівалі сьвятара Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы айца Вікенція. Пазьней суд ня ўбачыў у яго дзеяньнях складу правапарушэньня, справу спынілі.
Уціск пратэстантаў
- Многія хрысьціяне-пратэстанты далучыліся да дэманстрацый або падтрымалі іх, некаторыя былі арыштаваныя і асуджаныя. 14 жніўня прадстаўнікі суполак пяцідзясятнікаў і харызматаў зьвярнуліся да ўладаў з заклікам спыніць гвалт, вызваліць усіх затрыманых і пачаць мірны дыялёг з народам;
- чарговая адмова ўладаў зарэгістраваць менскую суполку пяцідзясятнікаў «Няхай будзе воля Твая»;
- затрыманьне баптысцкай сямейнай пары, якая распаўсюджвала хрысьціянскую літаратуру ў Лепелі;
- на працягу 2019 году ўлады працягвалі адмаўляць у рэгістрацыі шэрагу пратэстанцкіх суполак, а таксама не дазволілі Саюзу эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў правесьці ў Менску Міжнародны фэстываль надзеі.
Уціск юдэяў
- У кастрычніку 2019 году ў Менску пры земляных работах пашкодзілі некалькі пахаваньняў на старых габрэйскіх могілках;
- у траўні 2019 улады Гомлю паведамілі пра затрыманьне нэанацыста, які ў канцы 2014 году намаляваў фарбай свастыку і пакінуў антысэміцкія надпісы на будынку мясцовай габрэйскай суполкі.