Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Менска патрабуюць ад пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» 180 тысяч даляраў падатку за забраны імі будынак


Царква «Новае жыцьцё» ў сакавіку 2021
Царква «Новае жыцьцё» ў сакавіку 2021

Пастар царквы заявіў, што чыноўнікі «вешаюць» на царкву падатак на зямлю, які царква не павінна плаціць.

Пастар пратэстанцкай царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка паведаміў, што ўлады патрабуюць ад царквы сплаціць падаткі і назвалі суму — $180 тысяч, інфармуе «Наша ніва».

Ужо амаль два месяцы людзі моляцца на вуліцы, штонядзелю зьбіраюцца на аўтамабільнай стаянцы ля забранага будынку царквы. Міліцыя ня ўмешваецца, хаця здымае малітвы з дронаў. Як адзначае Ганчарэнка, «сытуацыя тупіковая», бо Менгарвыканкам не ідзе вернікам насустрач.

На тое, каб праводзіць службы ў адміністрацыйных будынках, усё роўна патрэбен дазвол выканкаму. І падчас гутаркі з гарадзкімі чыноўнікамі вернікам «стала зразумела, што памяшканьне дадуць толькі пры ўмове, што мы аплацім доўг, які мы быццам бы вінныя ЖРЭА».

Пастар падкрэсьлівае, што ўлады хочуць павесіць на пратэстантаў падатак на зямлю, хаця, калі б будынак не забралі, царква была б вызвалена ад такога падатку.

«А патрабуюць заплаціць ні многа ні мала — каля $180 тысяч! Памяшканьне нам ня хочуць аддаваць, а мы ня хочам плаціць такую суму, бо царква не павінна плаціць. Мы ж такі рамонт цудоўны зрабілі! Можна ж было паступіць па-людзку — даць кампэнсацыю, прапанаваць новае памяшканьне. А так пакінулі безь нічога. Толькі ўмовы ставяць».

Пратэстанцкая царква «Новае жыцьцё» некалькі апошніх гадоў цярпела ад нападак з боку ўладаў. Сотні вернікаў у мінулыя тыдні прыходзілі да парожняга і замкнутага будынку царквы для супольнай малітвы. Іх падтрымала і амбасада Злучаных Штатаў, якая заклікала ўлады аднавіць магчымасьці яе прыхаджан зьбірацца і маліцца без абмежаваньняў або фінансавых штрафаў у месцах, бясьпечных і надзейных для вернікаў.

Перасьлед пратэстанцкай царквы

  • 17 лютага судовыя выканаўцы ўварваліся ў царкву ў суправаджэньні міліцыянтаў падчас малітвы. У царкве на той момант знаходзіліся каля 50 вернікаў. Судовыя выканаўцы апісалі маёмасьць, а вернікаў выгналі, пагражаючы ім арыштам.
  • Рэлігійная грамада Царквы хрысьціян поўнага Эвангельля «Новае жыцьцё» ў Менску летась атрымала судовае прадпісаньне вызваліць будынак на вуліцы Кавалёва, 72 да канца году. У адваротным выпадку царкве пагражалі прымусовым высяленьнем. Улады гораду заплянавалі збудаваць тут квартал шчыльнай забудовы.
  • Вернікі «Новага жыцьця» пасьля выбараў запісалі відэазварот, у якім выказаліся супраць забойстваў, гвалту і катаваньняў, ілжывых сьведчаньняў у судах, маніпуляцый.
  • Выселіць царкву «Новае жыцьцё» з будынка, у які прыхаджане за свае сродкі перабудавалі выкуплены ў дзяржавы паўразбураны кароўнік, Менгарвыканкам спрабаваў яшчэ 15 гадоў таму. У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную суполку права карыстаньня зямельным участкам, хоць ён быў выдзелены бестэрмінова.
  • Каб прыцягнуць увагу грамадзтва, у кастрычніку 2006 году вернікі правялі пост-галадоўку, якая доўжылася каля месяца. Пасьля таго як сытуацыя вакол «Новага жыцьця» атрымала шырокі міжнародны рэзананс, улады адступілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG