Палітвязень блогер Павал Сьпірын чакае разгляду апэляцыі на прысуд у Вярхоўным судзе. Пасяджэньне прызначана на 27 красавіка. Павал падчас працэсу ў Менскім гарадзкім судзе адмовіўся ад паслуг адваката і абараняў сябе сам. Таму ён падаў хадайніцтва і спадзяецца, што яго даставяць зь СІЗА ў Вярхоўны суд на разгляд апэляцыі.
«Нарэшце ў маёй справе зьявілася пэўнасьць. 27 красавіка ў Вярхоўным судзе ў 9:30 адбудзецца разгляд маёй апэляцыйнай скаргі. Трое сумленных, прыстойных судзьдзяў паглядзяць, што Менгарсуд памыліўся, і мяне абавязкова апраўдаюць. Нельга ж невінаватых людзей трымаць у турме. Праўда, па краіне толькі 0,2% апраўдальных прысудаў, — піша Павал у адным зь лістоў. — У мяне параўнальна ўсё добра, кормяць і ў душ водзяць у час, усё ў час. Карканьне варон нагадвае мне пра тое, што прыйшла вясна».
Павал просіць жонку з усімі, хто прыйдзе на суд, пагаварыць; ён піша, што рыхтуецца «да другога прышэсьця ў сьвет свабоды».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогеру Паўлу Сьпірыну прысудзілі 4,5 года калёніі
«Дакрануцца нельга было, толькі ўбачыць»
Жонка блогера Ірына кажа, што лісты з-за кратаў прыходзяць рэдка. Апошні быў за 24.03. Павал мяркуе, што ў гэтым судзе нічога новага ня будзе і рыхтуецца да ад’езду, прасіў прыслаць яму рэчы.
«У адным лісьце піша, што ён гатовы ўжо зьбіраць торбы дадому, а ў другім — каб прывезла торбы, яму трэба сабрацца. Ён спадзяецца, вядома, што яго дадому адпусьцяць, але разумее, што не адпусьцяць», — кажа Ірына.
Павал піша, што атрымлівае перадачы; даходзяць і тыя пасылкі, якія дасылаюць сябры. Ён таксама ўдзячны тым, хто кладзе грошы на яго рахунак.
«Адно спатканьне было падчас суду і адно амаль месяц таму. І то яго спачатку не давалі, мне параілі напісаць, што ў нас непаўналетні сын і Паша мае права браць удзел у яго выхаваньні. Я напісала такую заяву на імя старшыні суду, і мне ў той жа дзень далі гадзіннае спатканьне. Можна было пагутарыць праз шкло, дакрануцца нельга было, толькі ўбачыць», — кажа жонка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яму хочуць закрыць рот». Жонка зьняволенага блогера Паўла Сьпірына расказвае пра справу мужаПаводле Ірыны, падчас спатканьня Павал выглядаў добра, быў вясёлы. Ён сказаў, што з камэры забралі тэлевізар і што пару лістоў яму вярнуліся, таму ён ня можа напісаць тое, што хацеў бы.
«У лісьце ён піша: „Суставы мае не вытрымліваюць зьняволеньня, у адрозьненьне ад сілы волі. Калі будзе магчымасьць, прышлі кальцэмін. Менавіта яго мы прымаем у камэры“. То бок у зьняволеньні ў яго пачалі балець суставы, ногі. Купіла ўжо і кальцэмін, і вітамін Д», — кажа Ірына.
Павал паведаміў у лістах, што піша ў турме новую аповесьць, якая прысьвечана тэорыі права ў Сярэднявеччы.
«Яна будзе адмыслова для тых, хто хоча зразумець, што такое ўлада і закон. І як стварыць такую дзяржаву, дзе ўсе людзі перад законам будуць роўныя, будуць законы захоўваць, абараняць і ім падпарадкоўвацца, — кажа Ірына. — Вось што ён піша ў адным з лістоў: „Улада — гэта наркотык, вельмі небясьпечны наркотык, які мае цікавыя ўласьцівасьці. Калі яго выкарыстоўваць у малой колькасьці, то можна пражыць усё жыцьцё і пры гэтым ня стаць наркаманам. Калі ўжываць уладу неабмежаванымі дозамі, то ў хуткім часе чалавек ператвараецца ў настолькі нарказалежную істоту, што дзеля чарговай дозы будзе гатовы нават на забойства ўласнага дзіцяці“».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Фільм зьяўляецца журналісцкім расьсьледаваньнем». Сьпірын прадставіў суду незалежную экспэртызу
«Падпісчыкі не ўцяклі»
Паводле Ірыны, нягледзячы на ўтрыманьне ў СІЗА і на вырак, падпісчыкі ад блогера Паўла Сьпірына не ўцяклі, а наадварот, нават больш стала.
«Было 69 200, а цяпер больш за 70 тысяч. Я нядаўна паставіла там паўторна ягоны фільм „Отчим“, каб людзі хоць неяк памяталі, заходзілі на канал. Я яму пра гэта пакуль не казала».
«Вольга зноў трапіла ў шпіталь»
Палітзьняволеная Вольга Класкоўская, асуджаная на два гады, адбывае пакараньне ў гомельскай папраўчай калёніі № 4. Яе абвінавацілі ў перакрыцьці дарогі, паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).
Лісты ад Вольгі апошнім часам прыходзяць вельмі рэдка, кажа маці Людміла. Вольга за апошнія два тыдні не атрымала ніводнага ліста ні ад маці, ні ад дачкі, якая піша ёй вельмі часта.
Нядаўна ў кароткім лісьце Вольга паведаміла, што за адмову шыць форму сілавікам яе пазбавілі харчовай перадачы ад бацькоў.
«На пасылцы, якую я забрала, а гэта 27 кіляграмаў, напісана: „Не положено по сроку“. Але Вольга ў сваім лісьце ўдакладніла, што за адмову шыць форму для сілавікоў яе пазбавілі пасылкі. І вось у нядзелю яна мне патэлефанавала, я нават зьдзівілася, бо раней у нядзелю яна ніколі не тэлефанавала. Сказала, што яе пасадзілі ў адзіночную камэру, а пасьля гэтага яна зноў трапіла ў шпіталь. Яна паведаміла, што ў шпіталі пакуль будзе да аўторка, абвастрыліся хранічныя балячкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітзьняволенай Вользе Класкоўскай не аддалі перадачу за адмову шыць форму сілавікамПаводле Людмілы, размова была кароткай: даецца ня больш за 8-10 хвілін. Вольга папрасіла даслаць ёй дробны пакет з кавай і цыгарэтамі.
«Яна стала зноў курыць, і такіх цыгарэт там у краме няма. Таксама папрасіла грашовы перавод. Сёньня зьбіраюся ехаць у Менск і паслаць гэты пакет, але ня ведаю, ці аддадуць яго ёй, — кажа маці. Адразу ў калёніі Вольгу зьмясьцілі ў сэкцыю больш як на 30 чалавек.
«Гэта такі атрад, але на паверсе тры такія сэкцыі, на ўсіх адзін умывальнік і туалет. Але Вольга была нядоўга, бо амаль месяц знаходзілася ў мэдсанчастцы. Калі яе перавялі, я і накіравала пасылку, каб падтрымаць яе здароўе пасьля шпіталя. Таму крыўдна, бо я ж на пэнсіі, не працую, сабрала ёй вітаміны, сухафрукты, арэхі, — кажа Людміла. — Яна слабая, бо, калі тэлефанавала ў нядзелю, то гаварыла вельмі ціха. Вяртаньне пасылкі было для мяне ўдарам, бо ўклала ў гэта шмат сродкаў і часу, каб падтрымаць дачку. Таму я вельмі перажываю».
«Вынікі адмовы шыць форму будуць для нас нярадасныя»
Маці спадзяецца на спатканьне з дачкой 8 траўня.
«Якраз ёсьць магчымасьць паехаць разам са сваяком Натальлі Хершэ, якая таксама там знаходзіцца. Але Вольга сказала мне, што ёй ніколі не дадуць спатканьне ў адзін дзень з Натальляй. Я папрасіла яе, каб яна пісала заяву, бо я гатовая ў любы дзень. Але ў мяне ёсьць сумневы, бо вынікі адмовы шыць форму будуць для нас нярадасныя».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Аб прашэньні пра памілаваньне нават ня можа быць гаворкі». Што піша Натальля Хершэ з-за кратаўПаводле Людмілы, лісты ад Вольгі з палітычным падтэкстам зьнішчаюцца. Таксама дачка не атрымала ніводнага нумару выданьняў «Наша гісторыя» і «Новы час».
«Піша, што апошні раз яе выклікалі ў адміністрацыю і пазнаёмілі з актам аб зьнішчэньні баранавіцкай газэты Intex-press. Яе таксама ёй не аддалі. Яна кажа, што знаходзіцца ў інфармацыйным вакуўме і ня ведае, што адбываецца ў краіне. Пытаецца, як ідуць суды, як Бабарыка, што з Калесьнікавай, як справа студэнтаў, як наогул яе сябры-палітвязьні», — расказвае маці Вольгі Класкоўскай Людміла.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У камэры палова палітычных». Пра што піша з турмы праваабаронца Марфа Рабкова ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Маму пераводзілі ў цесную камэру, каб навяла там парадак». Як жыве ў турме мэдыямэнэджарка Юлія Слуцкая ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пра што пішуць жанчыны-палітвязьні