Амэрыканская валюта падаражэла больш як на капейку, і цяпер курс складае 2,6676 рубля.
Папярэдні сёлетні рэкорд быў датаваны 3 лютага, калі гэты паказьнік падняўся да 2,6404 рубля.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новы максымум 2021 году: 2,65 рубля за 1 даляр. Чаго яшчэ чакаць?Да таго гістарычны максымум зафіксавалі на таргах 28 жніўня 2020 году — тады на фоне палітычных хваляваньняў у краіне курс даляра ўзьляцеў да 2,6631 рубля.
Эўра таксама сёньня падаражэў адразу на 3 капейкі і цяпер каштуе 3,1684 рубля. Максымальны паказьнік быў сёлета ў студзені — тады лічба ўшчыльную наблізілася да 3,18.
Фінансавы аналітык: Нацбанк не зацікаўлены кідаць у топку золатавалютныя рэзэрвы
Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін у размове са Свабодай разважаў, што ўплывае на курсаўтварэньне і ў які бок будзе разьвівацца сытуацыя.
«Калі зірнуць на вынікі мінулага году, па ўсіх напрамках, адкуль у краіну паступала валюта, можна канстатаваць істотнае зьмяншэньне прытоку. Больш як на 30% скараціліся трансфэры насельніцтва — грашовыя пераводы ад землякоў-гастарбайтэраў. Тое самае тычыцца прыбытку ад асноўных артыкулаў экспарту і ўласна аб’ёму замежных інвэстыцый. На жаль, гэты год працягвае леташнія тэндэнцыі. Мы ня можам сказаць, што пачалася нармальная дзелавая актыўнасьць, шляхі паступленьня валюты аднавіліся і цяпер будзе ўсім шчасьце. Не. А паколькі нэгатыўныя тэндэнцыі застаюцца, без прыцягненьня зьнешніх рэсурсаў Нацбанк ня будзе ў топцы паліць золатавалютныя запасы».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чатыры крызісы, якія навісьлі над беларускай эканомікай. Тлумачыць экспэртТакім чынам, лічыць фінансавы аналітык, у падобнай сытуацыі курсавыя ваганьні ня толькі магчымыя, але непазьбежныя. І калі Беларусь будзе заставацца ў эканамічнай блякадзе, беларусам нічога не застанецца, як «галасаваць нагамі» — штурмаваць абменныя пункты ды здымаць рублёвыя ўклады дзеля канвэртацыі ў цьвёрдую валюту, перакананы Андрэй Карпунін.
«Любой краіне, супраць якой уводзяць санкцыі і якая ў адказ пагражае контразахадамі, цяжка на макраэканамічным узроўні. Гэта непазьбежна адбіваецца на такім паказьніку, як ВУП. Відавочны факт: мы падышлі да рэгіянальнага крызісу моцна аслабленымі — і каранавірусам, і, мякка кажучы, ня самымі лепшымі вынікамі мінулага году. Паўтаруся, праблемы толькі абвастраюцца, перадусім у зьвязку са зьнешнімі фактарамі. І прычыны традыцыйныя: не перасталі займацца перакрыжаваным субсыдыяваньнем, не завяршылі (а недзе нават не пачалі) рэформы кіраваньня дзяржсэктарам, не ажыцьцявілі хоць бы частковую прыватызацыю актываў і прадпрыемстваў-балястаў. Прапісныя ісьціны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МВФ значна пагоршыў эканамічны прагноз для Беларусі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Беларусі ўзмацніў кантроль за грашыма беларусаў