Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы максымум 2021 году: 2,65 рубля за 1 даляр. Чаго яшчэ чакаць?


Даляр працягвае ўмацоўвацца да беларускага рубля.
Даляр працягвае ўмацоўвацца да беларускага рубля.

На Беларускай валютна-фондавай біржы даляр прадаюць з рэкордам 2021 году.

На пачатку сэсіі 5 красавіка амэрыканская валюта падаражэла больш як на паўтары капейкі, і цяпер курс складае 2,6552 рубля.

Папярэдні сёлетні рэкорд быў датаваны 3 лютага, калі гэты паказьнік падняўся да 2,6404 рубля.

Гістарычны максымум зафіксаваны на біржавых таргах 28 жніўня 2020 году — тады на фоне палітычных хваляваньняў у краіне курс даляра ўзьляцеў да 2,6631 рубля.

5 красавіка эўра гэтаксама ўзмацніўся амаль на капейку і цяпер каштуе 3,1170 рубля. Максымальны паказьнік быў сёлета ў студзені — тады лічба ўшчыльную наблізілася да 3,1800.

Фінансавы аналітык: Нацбанк не зацікаўлены кідаць у топку золатавалютныя рэзэрвы

Старшыня Клюбу фінансавых дырэктараў Андрэй Карпунін у размове са Свабодай паразважаў, што ўплывае на курсаўтварэньне і ў які бок будзе разьвівацца сытуацыя.

«Калі зірнуць на вынікі мінулага году, па ўсіх напрамках, адкуль у краіну паступала валюта, можна канстатаваць істотнае зьмяншэньне прытоку. Больш як на 30% скараціліся трансфэры насельніцтва — грашовыя пераводы ад землякоў-гастарбайтэраў. Тое самае тычыцца прыбытку ад асноўных артыкулаў экспарту і ўласна аб’ёму замежных інвэстыцый. На жаль, гэты год працягвае леташнія тэндэнцыі. Мы ня можам сказаць, што пачалася нармальная дзелавая актыўнасьць, шляхі паступленьня валюты аднавіліся і цяпер будзе ўсім шчасьце. Не. А паколькі нэгатыўныя тэндэнцыі застаюцца, без прыцягненьня зьнешніх рэсурсаў Нацбанк ня будзе ў топцы паліць золатавалютныя запасы».

Такім чынам, лічыць фінансавы аналітык, у падобнай сытуацыі курсавыя ваганьні ня толькі магчымыя, але непазьбежныя. І калі Беларусь будзе заставацца ў эканамічнай блякадзе, беларусам нічога не застанецца, як «галасаваць нагамі» — штурмаваць абменныя пункты ды здымаць рублёвыя ўклады дзеля канвэртацыі ў цьвёрдую валюту, перакананы Андрэй Карпунін.

«Любой краіне, супраць якой уводзяць санкцыі і якая ў адказ пагражае контразахадамі, цяжка на макраэканамічным узроўні. Гэта непазьбежна адбіваецца на такім паказьніку, як ВУП. Відавочны факт: мы падышлі да рэгіянальнага крызісу моцна аслабленымі — і каранавірусам, і, мякка кажучы, ня самымі лепшымі вынікамі мінулага году. Паўтаруся, праблемы толькі абвастраюцца, перадусім у зьвязку са зьнешнімі фактарамі. І прычыны традыцыйныя: не перасталі займацца перакрыжаваным субсыдыяваньнем, не завяршылі (а недзе нават не пачалі) рэформы кіраваньня дзяржсэктарам, не ажыцьцявілі хоць бы частковую прыватызацыю актываў і прадпрыемстваў-балястаў. Прапісныя ісьціны».

Пры гэтым Андрэй Карпунін ня бачыць, што дзейныя ўлады робяць хоць нешта, каб выкараскацца з эканамічнага крызісу. Спадзевы толькі на тое, што ў безвыходнай сытуацыі чарговым разам дапаможа фінансамі Расея.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG