Уладзімер Цэсьлер, мастак, працы якога сталі адным з сымбаляў пратэстнага мастацтва ў Беларусі, пагаварыў з DW пра апазыцыю, пра свой ад’езьд з краіны і пра тое, чаму ён ня верыць у хуткія перамены ў ёй.
Уладзімір Цэсьлер — адзін з самых вядомых сучасных мастакоў і дызайнэраў Беларусі. Яго працы ўваходзяць у калекцыі сусьветных музеяў. Пачынаючы са жніўня 2020 году большасьць работ Цэсьлера прысьвечаныя палітычнай сытуацыі ў краіне.
У канцы жніўня ён быў вымушаны зьехаць з краіны і цяпер жыве на Кіпры. 1 красавіка ў Маскве ў Цэнтры лічбавага мастацтва Artplay Media адкрылася яго выстава, назва праекта «Оптыка Цэслера».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Львове адкрылася выстава Ўладзімера Цэсьлера «Верым, можам, пераможам»— Ніякага знаку ад уладаў не паступала, што трэба зьехаць?
— Знаёмыя, якія параілі зьехаць, таксама знаходзяцца каля ўлады. Вы думаеце, праўладныя структуры яго любяць? Проста баяцца. Ўсё ж трымаецца на страху, гэта зразумела.
— Ёсьць надзея, што гэты страх сыдзе?
— Скончацца грошы, і людзі перастануць маўчаць.
— Вы не ў Беларусі ўжо больш за паўгода. Калі зьяжджалі, меркавалі, што гэта можа так надоўга зацягнуцца?
— Не, ня думаў. Так што зімовую вопратку прыйшлося купляць ужо тут.
— Ёсьць у гэтай вымушанай эміграцыі якія-небудзь пазытыўныя моманты?
— Тут клімат добры. З узростам назапашваюцца розныя хваробы. Я памятаю, дома ўвосень гэта ўсё дзіўна адгукалася, а тут у мяне ні разу не было нейкага фізычнага нядужаньня. Мабыць, гэта ўсё тутэйшы клімат.
— Чым цяпер ваш дзень адрозьніваецца ад звычайнага дня ў Менску?
— Нічым. Устаў, падышоў да кампутара і працуеш. Толькі сумую моцна па ўсім. Але я разумею, што зьменаў, мабыць, ня будзе. Я ўжо ў іх ня веру. Давядзецца, напэўна, падладжвацца пад іншае жыцьцё. Гэта раней я думаў, што праз два тыдні ўсё скончыцца. Цяпер я зразумеў, што ён ніколі ня сыдзе. «Рабіце што хочаце, толькі дайце пакіраваць». А многія думаюць: «Можа, так і трэба?».
— Што адбылося з беларусамі ў апошнія месяцы? Што рэпрэсіі зрабілі з беларусамі?
— Быў пасеяны страх, каб гэтым страхам утрымаць уладу. Гэта абсалютна сталінская пазыцыя. Але гэта ўжо не праходзіць, расьце новае пакаленьне, яны не жылі пры гэтым, яны ня ведаюць, што гэта, і яны ніколі ня будуць баяцца. Трэба, каб усе зразумелі, што гэтая моладзь баяцца не будзе. Іх не запалохаеш турмой.
— Беларусы прачнуліся як нацыя?
— Так, вядома. Спачатку выйшла моладзь. Пачалі біць моладзь — выйшлі іх бацькі. Пачалі біць бацькоў — выйшлі бабулі і дзядулі, потым людзі з інваліднасьцю. Я мэдаль Лукашэнку зрабіў як раз пра гэта — узнагароджваецца за садзейнічаньне ў абʼяднаньні нацыі.
— Цяпер у тых, хто зьехаў, прысутнічае пачуцьцё віны. У вас таксама?
— Ёсьць такое пачуцьцё. Але я падумаў, што тут больш спатрэблюся, чым там.
— Як атрымліваецца зараджаць свае работы такім аптымізмам?
— Я атрымліваў з нагоды гэтага вельмі шмат лістоў. Кранае, калі маіх работ чакаюць і жывуць імі. І я не павінен спыняцца. Гэта нейкі сьвяты абавязак, хоць гэта і гучна сказана.
— Хто вам імпануе з лідэраў апазыцыі?
— Я знаёмы з Паўлам Латушкам. Я лічу, ён зрабіў даволі мужны ўчынак, што перайшоў з апарату на іншы бок. Наогул, мне сумна ад таго, што ў нас слабая апазыцыя. Чамусьці мне так здаецца.
— А што думаеце пра Марыю Калесьнікаву?
— З Калесьнікавай мы былі знаёмыя, яшчэ калі яна ў Штутгарце вучылася. Мы нават думалі нейкую выставу рабіць у ОК16. Яна вельмі крэатыўны чалавек. Тое, што яна зрабіла, увойдзе ў гісторыю. Яна малайчына, яе ніхто не зламае. Я ведаю, што яна на сваім месцы.
— Выбралі б яе прэзыдэнтам?
— Так, чаму не.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоў