Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ксяндзу Барку прысудзілі 10 дзён арышту за публікацыю выявы Цэсьлера «Стоп лукашызм»


Ксёндз Вячаслаў Барок, архіўнае фота
Ксёндз Вячаслаў Барок, архіўнае фота

3 сьнежня суд Расонскага раёну (Віцебская вобласьць) прысудзіў каталіцкаму сьвятару з Расонаў Вячаславу Барку 10 сутак арышту. Гэтую інфармацыю пацьвердзіў Свабодзе прэсавы сакратар Беларускай каталіцкай царквы Юры Санько.

Сьвятар будзе адбываць прысуд у Наваполацку.

Ксяндза Барка судзілі за тое, што на сваёй старонцы ў Фэйсбуку ён разьмясьціў працу мастака Ўладзімера Цэсьлера «Стоп лукашызм».

У сувязі з тым, што на малюнку прысутнічае выява нацысцкай свастыкі, публікацыю малюнка сьвятаром расцанілі як дэманстрацыю нацысцкай сымболікі. Сёньня ў Расонах адбылося другое судовае паседжаньне, на якім вынесьлі прысуд паводле артыкула 17.10 КаАП («Прапаганда і (ці) публічная дэманстрацыя, выраб і (ці) распаўсюд нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі»).

«Я патлумачыў, што я разьмясьціў мастацкі твор славутага мастака Ўладзімера Цэсьлера „Стоп лукашызм“, а не нямецкую свастыку. Я супраць фашызму, камунізму, любога таталітарнага рэжыму. Гэты плякат я разьмясьціў, паказваючы свой пратэст супраць гвалту ў краіне», — патлумачыў сьвятар сваю пазыцыю.

Мастак Уладзімер Цэсьлер абурыўся трактоўкай сьледчым сваёй карціны і выступіў у абарону Вячаслава Барка.

«Я, Цэсьлер Уладзімер Якаўлевіч, сябра Беларускага саюзу мастакоў, габрэй, аўтар працы „Стоп лукашызм“, заяўляю, што выкарыстаны ў маёй працы вобраз мае прамую антыфашысцкую скіраванасьць. Трактоўка гэтай працы ў якасьці прапаганды або дэманстрацыі нацысцкай і фашысцкай сымболікі бязглуздая і абсурдная ў сілу прамой антыфашысцкай сутнасьці гэтай працы».

Сёньня раніцай ксёндз Барок даў інтэрвію Свабодзе пра судовы працэс над ім, перасьлед за пропаведзі ў сваім yotube-канале і просьбы пакінуць Беларусь, на што ён не пагаджаецца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG