Аўтарам пра рашэньне экспэртнай камісіі не паведамлялі
11 лютага ў доме ў Ягора Старавойтава міліцыя падчас агляду знайшла кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя», а 31 сакавіка яму ўручылі пратакол, дзе гаворыцца, што ён «ажыцьцявіў захоўваньне кнігі».
Міліцыя спасылаецца на заключэньне Менскай абласной экспэртнай камісіі ад 4 сакавiка 2021 году, паводле якога кніга зьмяшчае «прыкметы праявы экстрэмізму».
Хлопца зьвінавацілі ў парушэньні адміністрацыйнага артыкула 19.11 (Распаўсюд, выраб, захоўваньне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая зьмяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасьці ці прапагандуе такую дзейнасьць).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыхара Менскага раёну будуць судзіць за «захоўваньне» кнігі «Беларуская нацыянальная ідэя»Сёньня суд вярнуў справу на дапрацоўку.
Паводле аднаго з аўтараў кнігі, журналіста Зьмітра Лукашука, суду аб прызнаньні кнігі экстрэмісцкай пакуль не было. Калі ў працэсе суду кнігу прызнаюць экстрэмісцкай, яе ўнясуць у рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
«Гэты хлопец свабодна набыў гэтую кнігу некалькі месяцаў таму ў „Акадэмкнізе“, дзе яна прадавалася. Потым у яго быў ператрус, — кажа Зьміцер Лукашук. — У яго канфіскавалі гэтую кнігу. І толькі ўчора з пастановы аб прыцягненьні яго да адказнасьці і прызначэньні суду стала вядома, што яго судзяць не за ўдзел у нейкіх акцыях, а, маўляў, за захоўваньне і распаўсюд экстрэмісцкай літаратуры. Калі б ня гэты суд, мы і ня ведалі б пра рашэньне Менскай абласной экспэртнай камісіі».
«У кнізе абсалютна нічога экстрэмісцкага няма»
Кніга выйшла з друку ў кастрычніку 2020 году. У яе ўваходзяць 85 інтэрвію зь філёзафамі, літаратарамі, музыкамі, мастакамі, дыпляматамі, гісторыкамі, айцішнікамі, якія выйшлі ў праграме «Ідэя Х» на Эўрарадыё. Кніга мае 600 старонак.
Увесь наклад кнігі ў тысячу экзэмпляраў ужо распрададзены праз «Акадэмкнігу» і краму Symbal.by.
«Яна даўно распрададзеная, за два месяцы разышоўся ўвесь наклад. Яе нідзе няма, можна купіць толькі за пяць рублёў pdf-вэрсію на Symbal.by. Мы адразу сказалі, што дадрукоўваць дадатковы наклад ня будзем. Гэта не рабілася дзеля таго, каб зарабіць на гэтым грошы, быў наклад чыста сымбалічны», — кажа Зьміцер Лукашук.
Апроч таго, што цяпер налічваецца тысяча ўладальнікаў кнігі, у яе два аўтары, у ёй бяруць удзел 85 асобаў, ёсьць фундатары — грамадзкая кампанія «Годна».
«Гэтая кніга — ня тое што нейкія нашы з Гаруновым думкі. Тут сабраны інтэрвію, якія выходзілі цягам двух з паловай гадоў на Эўрарадыё, — тлумачыць Зьміцер Лукашук. — Гэта было ў спакойныя часы. Як слушна заўважыла мая жонка, сівагаловыя мудрацы спакойна разважалі пра тое, як зрабіць Беларусь добрай краінай, краінай для жыцьця. Гэта такія філязофскія развагі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каму яшчэ нельга скакаць? Што такое «экстрэмісцкі матэрыял» у Беларусі — 10 прыкладаўАўтар сьцьвярджае, што ў кнізе «абсалютна нічога экстрэмісцкага няма».
«Хто там мог выказаць нешта экстрэмісцкае? Спакойны і разважлівы філёзаф Акудовіч, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, рабін Рыгор Абрамовіч, праваслаўны айцец Сяргей Лепін ці дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валеры Варанецкі?» — пытаецца Лукашук.
Ён кажа, што, паводле большасьці ўдзельнікаў кнігі, нацыянальная ідэя беларусам неабходная, каб нацыя рухалася наперад.
«Праходзіла асноўная думка, што любоў да сваёй зямлі і спадчыны, гісторыі, мовы і культуры павінна быць першаснай. Калі мы гэта ўсьвядомім, прымем, то далей мы зможам нешта мяняць і выдумляць сабе новую нацыянальную ідэю, каб рухацца далей», — тлумачыць Лукашук.
«Я сумняваюся, што сябры камісіі чыталі гэтую кнігу»
Рашэньне Менскай абласной экспэртнай камісіі Зьміцер Лукашук назваў «нечаканым, дзіўным, па-за межамі разуменьня». Кніга афіцыйна выдадзена ў Беларусі, надрукавана ў беларускай друкарні, яе экзэмпляр атрымала Нацыянальная бібліятэка.
«Я наогул сумняваюся, што сябры гэтай так званай камісіі чыталі гэтую кнігу. Можа, было дастаткова паглядзець на вокладку, а там вось спалучэньне „пратэставых“ колераў», — кажа Зьміцер Лукашук.
Свой аўтарскі экзэмпляр кнігі Зьміцер Лукашук захоўвае ў рэдакцыі.
«Наша кніга адметная тым, што там 85 выбітных асобаў, і яна зроблена так, што побач зь іх фатаздымкамі ёсьць адмысловае месца для аўтографа кожнага зь іх. І мая кніга ляжыць у рэдакцыі, дзе я таксама зьбіраю аўтографы герояў кнігі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад «Звычайнага прэзыдэнта» да «Крымінальных матэрыялаў»: Гэтыя фільмы расказваюць пра Лукашэнку«Гэта паніка ад няведаньня, што рабіць»
Філёзаф з Расеі Максім Гаруноў перакананы, што ў кнізе няма экстрэмізму, «гэта стандартны зборнік інтэрвію на стандартную тэму».
«Экстрэмізму ў кнізе, зразумела, няма. Па меншай меры, з пункту гледжаньня ўсіх суседніх зь Беларусьсю краін, уключаючы Расею. Цяжка сказаць, колькі ўсяго было напісана пра „рускую ідэю“, гэта акіян літаратуры. Уладзімер Пуцін, калі спасылаецца на рускіх філёзафаў, то часьцей за іншых на Івана Ільіна, аднаго з аўтараў „рускай ідэі“».
Чаму цяпер улады раптам зьвярнулі ўвагу на гэтую кнігу? Паводле Максіма Гарунова, «гэта паніка ад няведаньня, што рабіць, каб сытуацыя зноў стала кантраляванай».
«Чаму я павінна баяцца захоўваць беларускія кнігі?»
Адна з удзельніц кнігі, былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, старшыня ТБМ Алена Анісім сказала, што не баялася і не баіцца захоўваць дома кнігу «Беларуская нацыянальная ідэя».
«Чаму я павінна баяцца захоўваць беларускія кнігі? Так можна дайсьці да таго, што і ў Крапівы, Чорнага, Караткевіча ці Панчанкі можна знайсьці „экстрэмісцкія“ радкі, калі вельмі задацца мэтай. Пад любую рэч можна падвесьці нейкі падмурак, калі вельмі захочацца. Ну гэта ж лухта. Ня трэба шукаць такіх рэчаў там, дзе іх няма», — кажа Алена Анісім.
Алена Анісім не пагаджаецца з высновамі экспэртнай камісіі адносна кнігі Лукашука і Гарунова.
«У нас жа ёсьць кніга Леаніда Лыча, якая таксама называецца „Беларуская нацыянальная ідэя“. Таму незразумела, дык а што ставіцца пад сумнеў? Якія словы — „беларуская“, „нацыянальная“ ці „ідэя“? — кажа Алена Анісім. — Неаднаразова сам Аляксандар Лукашэнка выказваўся, што мы павінны знайсьці сваю нацыянальную ідэю. Дык што, яго выказваньні таксама будуць лічыцца экстрэмісцкімі з гледзішча такой камісіі? Што тады стала падставай для такога рашэньня? Мне гэта незразумела, і гэта нешта зусім цемрашальскае. У зьвязку з гэтым адразу згадваюцца часы інквізыцыі. Мы, напэўна, ужо скаціліся і становімся сьведкамі таго, як разьвіцьцё ідзе ня ўперад, а назад, прычым сямімільнымі крокамі».
26 сакавіка суд Першамайскага раёну Менску прызнаў экстрэмісцкай кнігу Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша «Беларускі Данбас», якая выйшла ва Ўкраіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд прызнаў кнігу «Белорусский Донбас» экстрэмісцкай