Цяпер гэты тэлеграм-канал са 140 тысячамі падпісчыкаў фігуруе ў «сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі.
Сам Антон Матолька абвешчаны ў міжнародны вышук, яго пастанавілі ўзяць пад варту.
Таксама ў сьпіс забароненых рэсурсаў трапілі тэлеграм-каналы «Віцебск 97%» і «Чат неверагоднага Віцебску». Адпаведнае рашэньне агучыў суд Чыгуначнага раёну Віцебску.
Згодна з матэрыяламі віцебскага ўпраўленьня ГУБАЗіК МУС , у пералічаных пабліках зьмяшчаліся «заклікі да пашкоджаньня маёмасьці дзяржорганаў і грамадзян, масавых беспарадкаў, хуліганства, вандалізму, супраціву міліцыянтам, а таксама абразы прадстаўнікоў праваахоўных органаў і дзяржслужачых».
Мэта такіх матэрыялаў — «зьмена канстытуцыйнага ладу Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні.
22 сакавіка Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі паведаміла аб прызнаньні «экстрэмісцкімі» шэрагу тэлеграм-каналаў і чатаў: «Мая краіна Беларусь», «Каратели Беларуси», «Я выхожу/МКБ» і «Чат группы Каратели».
20 сакавіка паводле рашэньня суду Гомельскай вобласьці ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў дадалі чатыры рэсурсы з Telegram: «Мозырь 97%», «Гомель Советский 97%», «Водители 97», «Речица для жизни ЧАТ».
17 сакавіка два рэсурсы прызнаў экстрэмісцкімі суд Ленінскага раёну Берасьця: «Брест. Слухи и факты», «Брест 97%».
Раней у гэты сьпіс уключылі ўсю групу каналаў NEXTA разам зь «HEXTA» і LUXTA, а таксама лягатып каналу.
За перадрукі, спасылкі, рэпосты і захаваньне інфармацыі з гэтых каналаў могуць аштрафаваць. Разам з тым падпіска на такі канал ня можа быць расцэненая як захоўваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў, — патлумачылі праваабаронцы Human Constanta.