Старшыню Саюзу палякаў Беларусі, непрызнанага беларускімі ўладамі, Анжаліку Борыс асудзілі на 15 содняў адміністрацыйнага арышту. Пра гэта паведаміў у сваім Твітэры сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў у Беларусі Анджэй Пачобут. Суд праходзіў у закрытым рэжыме.
Яе асудзілі за несанкцыянаванае правядзеньне традыцыйнага сьвята Казюкі (артыкул 24.23 КаАП).
Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Сьведкамі выступілі міліцыянты. Казюкі, як і штогод, праводзілі ва ўнутраным дворыку будынка польскага консульства.
Борыс затрымалі напярэдадні ўвечары 23 сакавіка і адвезьлі на допыт у РАУС Ленінскага раёну Горадні. На ноч яе пакінулі ў ізалятары.
Міністар замежных спраў Польшчы Зьбігнеў Раў пракамэнтаваў прысуд на сваёй старонцы ў Твітэры: «Затрыманьне і асуджэньне беларускімі ўладамі Анжалікі Борыс гэта непрымальна і супярэчыць міжнародным стандартам. Я ўзьняў гэтае важнае пытаньне падчас сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў NATO, а таксама ў размове з [кіраўніком дыпляматыі Эўразьвзу] Жузэпам Бурэлем і старшынёй АБСЭ Ан Ліндэ».
На думку сябра незарэгістраванага ў Беларусі Саюза палякаў у Беларусі Анджэя Пачобута, Казюкі — толькі фармальная нагода, каб затрымаць Борыс.
«Мы назіраем чарговую хвалю антыпольскай прапаганды і кампаніі супраць польскай меншасьці», — камэнтуе Пачобут.
Паводле ягоных назіраньняў, кампанія пачалася ў пачатку сакавіка, калі 12 сакавіка затрымалі кіраўніцу грамадзкай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву. Яна больш за 10 дзён знаходзіцца пад вартай праз падазрэньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці (крымінальны артыкул 130), аднак абвінавачаньне, па інфармацыі Пачобута, ёй дагэтуль не прад’явілі. Школа пасьля затрыманьня дырэктаркі не працуе, настаўнікаў выклікаюць на допыты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ўлады ініцыявалі ліквідацыю «Польскай школы» ў Берасьці«Разграмілі польскую школу. Мы назіраем эскаляцыю. Мы назіраем моцны ўдар. Дзяржаўныя мэдыя надаюць шмат увагі, каб ачарніць Польшчу і яе гісторыю, і прадставіць палякаў, якія жывуць у Беларусі, як пятую калёну, якая нясе пагрозу рэжыму Аляксандра Лукашэнкі», — кажа сябра незарэгістраванага ўладамі Саюзу палякаў.
На запатрабаваньне ўладаў Беларусі Горадню пакінулі двое польскіх дыпляматаў, у тым ліку генэральны консул Яраслаў Ксёнжэк. У Горадні застаўся толькі адзін польскі консул.
«Рэжым Аляксандра Лукашэнкі знаходзіцца ў палітычным і эканамічным крызісе. Ён патрабуе адцягнуць увагу грамадзтва ад гэтага становішча. Вонкавым ворагам будзе Польшча, унутраным — польская меншасьць у Беларусі», — мяркуе Анджэй Пачобут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага дыплямата выклікалі ў МЗС Польшчы пасьля затрыманьня Анжалікі Борыс
Анжаліку Борыс ужо судзілі за арганізацыю традыцыйнага сьвята Казюкоў у 2019 годзе. Тады яе вызвалілі ад адказнасьці праз «малазначнасьць парушэньня». Падтрымаць кіраўніцу пад суд прыйшлі каля ста паплечнікаў.
Як пагаршаліся адносіны паміж Менскам і Варшавай
Пасьля выбарчай кампаніі 2020 году Лукашэнка ўжо выказваўся пра палякаў.
«Асноўнымі маімі супернікамі былі, даруйце ўжо, палякі і католікі», — успомніў ён сваіх апанэнтаў на першых выбарах у 1994 годзе падчас візыту ў Горадню 22 жніўня 2020 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка: «Субота, нядзеля на роздумы. З панядзелка хай не крыўдуюць»«Сёньня знайшліся людзі, якія штурхаюць нас у прорву звадаў і нянавісьці... На заходняй мяжы неспакойна, бразгаюць зброяй, пагражаюць, адкрыта ўмешваюцца ва ўнутраныя справы нашай сувэрэннай дзяржавы. Нехта нават пацірае рукі, я гэта ведаю дакладна, успамінае пра «ўсходнія крэсы», дзе ўсё беларускае было пад забаронай, выпальвалася гарачым жалезам. Сёньня хапае тых, хто хацеў бы адсячы хаця б шматок гэтай „заходняй пэрліны Беларусі“», — сказаў на той жа сустрэчы ў Горадні Лукашэнка.
«Вы ж бачыце гэтыя заявы пра тое, што калі Беларусь распадзецца, то Горадзенская вобласьць адыдзе да Польшчы. Яны ўжо адкрыта пра гэта гавораць, сьпяць і бачаць», — сказаў Лукашэнка падчас нарады 27 жніўня.
29 кастрычніка Лукашэнка абвінаваціў Польшчу ў распальваньні рэвалюцыі ў Беларусі, а польскага прэзыдэнта Анджэя Дуду — у фальсыфікацыі выбараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На патрабаваньне Менску 32 польскія дыпляматы пакідаюць Беларусь. Дзеяньняў у адказ пакуль ня будзеЛетась у кастрычніку зь Беларусі выехалі 32 польскія дыпляматы на просьбу беларускіх уладаў.
У лістападзе Лукашэнка зноў абвінаваціў Польшчу ў падбухторваньні да рэвалюцыі ў Беларусі. Пры гэтым ён заявіў, што прыводзіць словы нібыта польскага прэм’ера Матэвуша Маравецкага: «Будучыня Беларусі прынцыповая для Польшчы. Заходнія тэрыторыі Беларусі гістарычна належаць Польшчы... Варшава распачала мноства канкрэтных крокаў для дапамогі беларускай рэвалюцыі: фінансавая падтрымка праз польскія і польска-амэрыканскія праграмы салідарнасьці з ахвярамі рэжыму Лукашэнкі, запрашэньне беларускіх студэнтаў, спрашчэньне правілаў перасячэньня мяжы, падтрымка незалежных СМІ і НДА».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка зноў абвінаваціў Польшчу ў падбухторваньні да рэвалюцыі ў Беларусі і зачытаў нібыта цытаты прэм'ера МаравецкагаУ лістападзе Лукашэнка таксама прапанаваў не пускаць у Беларусь лекараў, якія зьехалі працаваць за мяжу.
21 сьнежня Беларусь закрыла межы на наземны выезд і ўезд «праз каранавірус», у тым ліку для Польшчы. Праяжджаць мяжу можна толькі ў некаторых выключных выпадках.
- Сёлета 12 сакавіка затрымалі дырэктарку грамадзкай польскай школы ў Берасьці Ганну Панішаву праз падазрэньне ў распальваньні міжнацыянальнай варожасьці. Школа цяпер не працуе.
- 13 сакавіка з Горадні выехалі яшчэ два польскія дыпляматы на патрабаваньне беларускіх уладаў.
- 23 сакавіка затрымалі кіраўніцу незарэгістраванага ў Беларусі Саюзу палякаў Анжаліку Борыс за арганізацыю без дазволу беларускіх уладаў сьвята Казюкоў.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як улады спрабуюць адолець апанэнтаў, апэлюючы да мінулага