«Пад выглядам аказаньня інфармацыйных і культурна-адукацыйных паслугаў з удзелам ня менш як 20 непаўналетніх навучэнцаў і маладых берасьцейцаў услаўляліся ваенныя злачынцы, уключна з Рамуальдам Райсам, вядомым пад мянушкай Буры», — гаворыцца ў паведамленьні прэс-служба ведамства.
10 сакавіка за «зьдзяйсьненьне групай асобаў наўмысных дзеяньняў дзеля рэабілітацыі нацызму» пракуратура завяла крымінальную справу паводле ч. 3 арт. 130 КК.
У яе межах затрымалі сузаснавальніка «Польскай школы» і дырэктарку Ганну Панішаву, якая тэрмінова вярнулася ў Беларусь пасьля камандзіроўкі ў Польшчу. Яны праходзяць як падазраваныя. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, мужчыну адпусьцілі пад падпіску, жанчына застаецца пад вартай.
28 лютага ў польскай сацыяльнай школе скаўтаў імя Рамуальда Траўгута прайшла імпрэза з нагоды дня памяці «выклятых жаўнераў». Яе наведаў консул Польшчы ў Берасьці Ежы Цімафеюк.
З гэтай нагоды МЗС Беларусі ўручыла ноту пратэсту часоваму паверанаму ў справах Польшчы Марціну Вайцяхоўскаму. Дыплямату паведамілі, што консул парушыў нормы міжнароднага права і мусіць пакінуць тэрыторыю краіны.
У адказ пэрсонай нон грата быў абвешчаны дыплямат з амбасады Беларусі ў Варшаве.
Сьледам на патрабаваньне МЗС Беларусі зьехалі кіраўнік і консул Генэральнага консульства Польшчы ў Горадні. На гэта з польскай сталіцы выслалі яшчэ двух беларускіх консулаў.
Цяпер сілавікі правяраюць польскія адукацыйныя цэнтры ў Горадні, Баранавічах, Ваўкавыску.