Палітвязьню Кубараву запрасілі 7 гадоў узмоцненага рэжыму
У судзе Фрунзенскага раёну Менску з апошнім словам у крымінальным працэсе выступіў палітвязень, дызайнэр Дзьмітры Кубараў, якога вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў.
Памочніца пракурора Аліна Касьянчык (тая, што была абвінаваўцай у працэсе над Чульцовай і Андрэевай) запрасіла для яго сем гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
Згодна з абвінавачаньнем, з 9 па 12 жніўня Дзмітры Кубараў заклікаў людзей у інтэрнэце і офлайн да актыўнага ўдзелу ў масавых беспарадках. А таксама сам арганізоўваў масавыя беспарадкі і ўдзельнічаў у іх. Акрамя таго, ён нібыта меў намер вырабіць «кактэйль Молатава».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа не ў шантажы». Абвінаваўца Аліна Касьянчык адказала аднаклясьнікам на публікацыю «Свабоды»«Нават за гэтай клеткай я лічу сябе больш свабодным, чым многія людзі, якія сядзяць тут — у пагонах, у мундурах і гэтак далей. Я нават не спадзяюся, што яны мяне зразумеюць. Мне застаецца толькі ганарыцца тым, што я зрабіў, і тым, чаго не зрабіў. Ганарыцца тым, кім стаў і кім ня стаў насуперак таму, што мне прад’яўляюць. Для мяне гонар стаяць у адным шэрагу з такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская, Юры Ўласаў, Антон Бяленскі, Цапкала... Я не зьдзяйсьняў тых злачынстваў, у якіх мяне абвінавачваюць. На гэтым усё», — цытуе «Вясна» апошняе слова Дзьмітрыя ў судзе 23 сакавіка.
Прысуд агучаць заўтра ў 16:40.
У Нясьвіжы судзяць пэнсіянэрку за камэнтар пад фота АМАПаўца
У судзе Нясьвіскага раёну 23 сакавіка пачаўся крымінальны працэс 65-гадовай Святланы Панамаровай, якую вінавацяць у абразе прадстаўніка ўлады паводле арт. 369 Крымінальнага кодэксу, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Справу вядзе судзьдзя Вольга Крупец, бок абвінавачваньня прадстаўляе памочніца пракурора Алена Каменка. Пацярпелым па справе праходзіць старшы сяржант АМАП Менаблвыканкаму Віталь Фёдараў. Паводле абвінавачаньня, Святлана Панамарова 26 кастрычніка 2020 году пакінула камэнтар: «Застрэлься, с**а» пад фатаздымкам Віталя Фёдарава.
Падсудная сваёй віны не прызнае. Жанчына адмовілася ад адваката і абараняе сябе сама.
Справа верніка
Суд Першамайскага раёну Менску працягнуў разгляд крымінальнай справы палітвязьня Віктара Сядова за ўдзел у масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).
Справу разглядае судзьдзя Анастасія Ляйкоўская, дзяржаўная абвінаваўца — пракурор Ірына Зубко.
Віктара Сядова затрымалі 16 кастрычніка ў Менску на падставе відэа, на якім нібыта бачна, што ён кідае камяні падчас акцыі пратэсту. Палітвязень віну часткова прызнаў. Кажа, што паклаў камень на праезную частку, але ў чым тут «масавыя беспарадкі»? Таксама заявіў, што ў поўным аб’ёме адхіляе матэрыяльны пазоў. Віктар Сядоў хадайнічаў аб далучэньні шэрагу дакумэнтаў: выпіскі з паліклінікі пра хранічныя захворваньні, выпіскі аб хранічных захворваньнях жонкі і дачок, характарыстыкі з храму, куды ходзіць ягоная сям'я.
Дзяржабвінаваўца прапанавала выключыць з абвінавачаньня збройны напад і запатрабавала для фігуранта 3 гады пазбаўленьня волі ў папраўчай калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Справа пінчукоў
У судзе Маскоўскага раёну Берасьця судзяць 14 абвінавачаных ва ўдзеле ў масавых беспарадках 9–10 жніўня ў Пінску. Ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі паводле ч. 2 арт. 293 КК (удзел у масавых беспарадках).
Некалькі месяцаў 13 фігурантаў «пінскай справы» (Раман Багнавец, Рыгор Гунько, Сяргей Ляжэнка, Алена Маўшук, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец, Аляксандар Цярэшка, Артур Халімончык, Вячаслаў Шалямет, Дэвід Масьціцкі, Данііл Богнат, Станіслаў Мiхайлаў, Ігар Салавей) знаходзіліся ў Баранавіцкім СІЗА № 6. Яшчэ адзін (Сяргей Маўшук) — пад хатнім арыштам.
Паводле сьледзтва, 9 жніўня 2020 году абвінавачаныя бралі ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве каля будынку райвыканкаму: учынілі пагромы, нанесьлі праваахоўнікам удары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі. Пацярпелымі праходзяць 109 міліцыянтаў.
Паводле саміх пінчукоў, людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак ім паведамілі, што перадалі бюлетэні ў Пінскі гарвыканкам. Некалькі тысяч чалавек рушылі туды, аднак падыход заблякавалі сілавікі. Начальнік ГАУС Дзьмітры Каравякоўскі і старшыня гарвыканкаму Іван Рабкавец прапанавалі вылучыць 5 дэлегатаў.
Цягам 2,5 гадзіны натоўп іх чакаў, а ў выніку прыехала міліцэйскае падмацаваньне. Узялі ў кола, зь якога пратэстоўцы вырашылі прарывацца. Пачалі адціскаць сілавікоў, выкарыстоўваючы падручныя матэрыялы. Прагнаўшы АМАП, разышліся па дамах. На наступны дзень людзі зноў выйшлі на пратэст, аднак ён скончыўся жорсткімі затрыманьнямі.
Суды ў «пінскай справе» заплянаваныя да канца першай дэкады красавіка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Сьледчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»Справа перакладчыцы
У Фрунзэнскім судзе Менску судзяць перакладчыцу Вольгу Калацкую. Яе абвінавачваюць у тым, што яна пабіла супрацоўніка каналу СТБ Рыгора Азаронка.
Паводле матэрыялаў справы, летась 15 лістапада жанчына двойчы ўдарыла журналіста, дэманструючы такім чынам непавагу да грамадзтва.
Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Адвакату паведамілі, што яна праходзіць паводле крымінальнага артыкула (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Аднак празь некалькі дзён прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкулу 339 (хуліганства).
Перакладчыца патлумачыла свой учынак «эмацыйным станам» пасьля забойства Рамана Бандарэнкі, выказаўшы жаль, што не змагла ўстрымацца. За што папрасіла ў прапагандыста прабачэньня. Азаронак сказаў, што прэтэнзій да жанчыны ня мае, справу, зь яго слоў, распачаў Сьледчы камітэт.
Пракурор папрасіў пакараць Вольгу Калацкую абмежаваньнем волі на 2 гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і вызваліць у залі суду. Яе 89-гадовая маці патрабуе штодзённага догляду.
Вырак Вользе Калацкай чакаецца 24 сакавіка а 16-й гадзіне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СК адправіў дакумэнты на экстрадыцыю Матолькі і прыгразіў паўторна спагнаць штрафы з пратэстоўцаўГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самае цяжкае — этап. Палітзьняволеных журналістак перавезьлі ў СІЗА Жодзіна