Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Азаронак прызнаўся, што справу супраць перакладчыцы Калацкай ініцыяваў Сьледчы камітэт. Пракурор просіць два гады «хатняй хіміі»

абноўлена

Вольга Калацкая падчас суду 23 сакавіка
Вольга Калацкая падчас суду 23 сакавіка

У залі суду прысутнічае пацярпелы Рыгор Азаронак. Калацкая віну прызнае цалкам. Працэс разглядаюць у Фрунзэнскім судзе Менску. Перакладчыцу абвінавачваюць у тым, што яна пабіла супрацоўніка каналу СТВ Рыгора Азаронка. На працэс прыйшлі некалькі дзясяткаў сяброў Вольгі і журналістаў.

Паводле матэрыялаў справы, Вольга Калацкая 15 лістапада двойчы ўдарыла Рыгора Азаронка, дэманструючы такім чынам непавагу да грамадзтва.

Абноўлена. Пракурор Валерыя Таратынка просіць пакараць Калацкую абмежаваньнем волі на два гады без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу («хатняя хімія») і вызваліць у залі суду.

Вырак Вользе Калацкай чакаецца 24 сакавіка ў 16.00.

«15 лістапада грамадзянка Калацкая на вуліцы Прытыцкага, дзейнічаючы адкрыта і супрацьпастаўляючы сябе інтарэсам грамадзтва, мэтанакіравана нанесла ня менш за адзін удар у вобласьць твару Азаронку, прычыніўшы яму фізычны боль, — зачытала пракурор матэрыялы абвінавачаньня. — Яна ж 15 лістапада, знаходзячыся на вуліцы Пушкіна, адкрыта супрацьпастаўляючы сябе інтарэсам грамадзтва, неапраўдана праяўляючы агрэсію, нанесла Азаронку ўдар у вобласьць твару».

Рыгор Азаронак у судзе
Рыгор Азаронак у судзе

Дзеяньні Вольгі Калацкай кваліфікаваныя як злоснае хуліганства.

«Віну сваю прызнаю ў поўным аб’ёме, — паведаміла сама Вольга суду. — 12 лістапада 2020 году памёр пабіты Раман Бандарэнка. Я вельмі смуткавала і была ў глыбокай жалобе з нагоды сьмерці гэтага чалавека. Я глыбока спачувала яго маці. Тое ж адчувалі ўсе мае сябры і знаёмыя. 15 лістапада я вырашыла зьезьдзіць на Заходнія могілкі, дзе пахаваны мой бацька».

Дзяржаўны абвінаваўца Валерыя Таратынка. У сьнежні паводле ейнага абвінавачаньня тром менчукам прысудзілі да 2 год турмы за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага
Дзяржаўны абвінаваўца Валерыя Таратынка. У сьнежні паводле ейнага абвінавачаньня тром менчукам прысудзілі да 2 год турмы за надпіс «Не забудзем» на месцы гібелі Тарайкоўскага

Па словах Вольгі, па дарозе на могілкі яна пабачыла, што грамадзкі транспарт не курсуе. Яна чакала каля 30 хвілін, пасьля чаго на прыпынак пад’ехала маршрутка, і Вольга даехала на ёй да станцыі мэтро «Пушкінская». Каля гэтай станцыі мэтро яна ўбачыла Азаронка, які задаваў пытаньні людзям.

«Ён пытаўся ў людзей, чаму яны туды прыйшлі, — расказала Вольга на допыце, — ці ведаюць яны імя па бацьку Рамана Бандарэнкі. Людзі не маглі яму адказаць на гэта, на што Азаронак сказаў, што яны ня могуць смуткаваць, бо ня ведаюць імя па бацьку Рамана. Я была глыбока абураная гэтым. Па словах Азаронка выходзіла, што людзі ня могуць спачуваць родным і блізкім Рамана Бандарэнкі. Гэта мяне глыбока абразіла. У стане эмацыйнага ўзрушэньня я наблізілася да яго і дала поўху Азаронку. Я не магла спыніцца. Я не хацела прычыніць яму боль, гэта быў чыста сымбалічны жэст».

Пасьля гэтага, па словах Вольгі Калацкай, яна пайшла дадому.

Вольга Калацкая
Вольга Калацкая

Пацярпелы Азаронак просіць спыніць перасьлед перакладчыцы Калацкай

Рыгор Азаронак у залі суду расказаў, што 15 лістапада працаваў у раёне станцыі мэтро «Пушкінская», дзе рыхтаваў матэрыял для свайго тэлеканалу СТВ.

«Я накіраваўся на асьвятленьне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства па заданьні рэдакцыі СТВ, — сказаў Азаронак. — Там зьбіраліся людзі. Для таго, каб правесьці несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Са мной быў мой апэратар, там таксама былі калегі зь іншых каналаў, з „Советской Белоруссии“ (маецца на ўвазе выданьне „Беларусь сегодня“. — РС). Група людзей абступіла мяне, пачала гучна крычаць. У тым ліку нецэнзурную лексыку. Яны хацелі мяне абразіць, але мяне гэта не закранала. Я не лічу сябе абражаным».

Рыгор Азаронак здымае сюжэт з акцыі пратэсту ў Менску 15 лістапада 2020
Рыгор Азаронак здымае сюжэт з акцыі пратэсту ў Менску 15 лістапада 2020

Па словах Азаронка, ён задаваў «стандартныя пытаньні для несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў»: «Для чаго вы сюды прыйшлі, зь якой мэтай?». Пацярпелы не адмаўляе, што распытваў у прысутных пра Рамана Бандарэнку, у тым ліку пра яго імя па бацьку. Рыгор Азаронак сьцьвярджае, што проста працаваў і ня меў жаданьня некага абразіць.

«Мяне абступіла група грамадзян, я спрабаваў наладзіць дыялёг, — расказаў Азаронак. — Мяне пачалі хапаць за куртку. У той жа момант падышла абвінавачаная і ўдарыла мяне. Ударыла і адразу адышла. Потым у тэлеграм-канале зьявілася відэа, на якім я пабачыў абвінавачаную. Першапачаткова я яе ня бачыў. Затым натоўп пайшоў вуліцай Прытыцкага. Я, адпаведна, ішоў за ім».

Азаронак расказвае, што бачыў, як людзі спрабавалі перакрыць дарогу. Па яго словах, ён працягваў рыхтаваць рэпартаж. Празь нейкі момант сытуацыя паўтарылася. Яго акружылі, а Калацкая падышла са сьпіны і ўдарыла яго ў твар. Рыгор Азаронак кажа, што хацеў высьветліць у Калацкай, чаму яна яго выцяла, аднак было шмат людзей, і ён ня змог пагаварыць з Калацкай. Азаронак таксама сьцьвярджае, што заявы на Вольгу Калацкую не пісаў. Крымінальная справа супраць яе была ініцыятывай СК.

«Я напісаў хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Вольгі Калацкай, — сказаў Азаронак. — На ўсіх допытах казаў, што прэтэнзій да яе ня маю. Правам выставіць прэтэнзіі аб кампэнсацыі маральнай шкоды скарыстацца не хачу. Прэтэнзій да Калацкай ня маю, не лічу, што яна мяне абразіла. Я падтрымліваю сваё хадайніцтва аб спыненьні крымінальнага перасьледу Калацкай».

Вольга Калацкая
Вольга Калацкая

Вольга Калацкая кажа, што памятае толькі адзін з удараў, нанесеных Рыгору Азаронку. Перакладчыца кажа, што другі свой удар бачыла толькі на відэа, сама яна яго ўспомніць цяпер ня можа праз эмацыйны стан.

«Калі спадар Азаронак прызна́е, што людзі, прысутныя там, шчыра выказвалі свой смутак, — я папрашу ў яго прабачэньня, — сказала Вольга Калацкая суду. — Я хачу ведаць яго пазыцыю. Я шкадую, што не змагла ўтрымацца. Адназначна. Але мае выбачэньні перад ім залежаць ад таго, ці спачувае Азаронак маці Рамана Бандарэнкі».

Вольгу Калацкую затрымалі 15 студзеня ў сваёй кватэры. Пазьней адвакату паведамілі, што яна праходзіць паводле крымінальнага артыкула (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак).

Аднак 19 студзеня ёй прад’явілі абвінавачаньне па частцы 1 артыкула 339 (хуліганства). 4 лютага ў кватэры 89-гадовай маці Калацкай прайшоў ператрус, а праз 10 дзён адзін са сьледчых паведаміў ёй, што справа дачкі завершаная і будзе перададзеная ў суд.

Маці Вольгі Калацкай патрабуе штодзённага догляду.

Што вядома пра сьмерць Рамана Бандарэнкі

Раман Бандарэнка
Раман Бандарэнка
  • Невядомыя ў масках пачалі зразаць бел-чырвона-белыя стужкі ў двары на вуліцы Чарвякова ўвечары 11 лістапада.
  • Пасьля вэрбальнага канфлікту зь мясцовымі жыхарамі невядомыя пачалі нападаць і біць жыхароў. Каля 22:16 некалькі чалавек забралі і зьвезьлі на бусах, падобных да тых, якімі карыстаюцца сілавікі.
  • Паводле непацьверджанай інфармацыі, каля 1,5 гадзіны Бандарэнка знаходзіўся ў Цэнтральным РУУС Менску.
  • У 0:05 Раман Бандарэнка паступіў у лякарню хуткай мэдычнай дапамогі зь вялікім ацёкам мозгу, закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, субдуральнымі гематомамі, ударамі, абдзірынамі.
  • Паводле лекараў, ён быў у затарможаным стане, але ў апэрацыйную яго ўжо прывезьлі ў коме. Апэрацыя цягнулася некалькі гадзін.
  • Раман быў у крытычным стане.
  • ​ГУУС Менгарвыканкаму сьцьвярджае, што міліцыя прыбыла на месца толькі пасьля здарэньня. Рамана знайшлі непрытомнага і выклікалі хуткую. Адзін са сьведак здарэньня расказаў Свабодзе, што міліцыя прыяжджала яшчэ тады, калі невядомыя зразалі стужкі, «аднак хутка зьехала, нічога не зрабіўшы».
  • Сьледчы камітэт заявіў, што мужчына быў пʼяны. Аднак мэдыкі гэтую заяву абверглі — у крыві Бандарэнкі алькаголю не было.
  • 19 лістапада затрымалі журналістку Tut.by Кацярыну Барысевіч і лекара Арцёма Сарокіна. Кацярына Барысевіч была аўтаркай артыкула, дзе гаварылася, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не было алькаголю. Інфармацыю пра гэта ёй перадаў лекар Арцём Сарокін. Пачатак суду над імі прызначаны на 19 лютага.
  • 18 лютага 2021 году, на соты дзень пасьля сьмерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце сьмерці яе сына пачалі крымінальную справу.
  • 17 верасьня 2021 справу прыпынілі«з прычыны неўстанаўленьня асобы, якая падлягае прыцягненьню ў якасьці абвінавачанага».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG