Роўна два гады таму, 19 сакавіка 2019 году, Нурсултан Назарбаеў пакінуў пасаду прэзыдэнта Казахстану, прабыўшы ва ўладзе амаль 30 гадоў. Але, як і прадказвалі экспэрты, адстаўка Назарбаева мала зьмяніла расклад палітычных сілаў: нават склаўшы паўнамоцтвы, Назарбаеў, або «Бацька нацыі», як яго называюць паплечнікі, ня страціў палітычнага ўплыву і па-ранейшаму застаецца галоўнай фігурай у краіне.
Калі Назарбаеў у сакавіку 2019 году заявіў аб адстаўцы, гэта для многіх стала нечаканасьцю. Кіраваць краінай Назарбаеў даверыў тагачаснаму старшыні Сэнату Касым-Жамарту Такаеву. Напачатку — часова, а пазьней, празь некалькі месяцаў, Такаеў перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах і афіцыйна заняў фатэль кіраўніка дзяржавы.
Экс-прэзыдэнт ачоліў Раду бясьпекі краіны — орган, які перад гэтым надзяліў, па сутнасьці, бязьмежнымі паўнамоцтвамі. У тым ліку ён атрымаў права падбору кадраў на ключавыя пазыцыі ў Казахстане: прызначаць кіраўніка Камітэту нацыянальнай бясьпекі, кіраўніка Службы зьнешняй выведкі або генэральнага пракурора прэзыдэнт ня можа без узгадненьня з Назарбаевым. Нават самастойна наняць людзей для сваёй адміністрацыі і службы аховы Касым-Жамарт Такаеў ня мае права.
«Усе мы будзем дапамагаць прэзыдэнту краіны. У краіне прэзыдэнт адзін. Ніякага дваяўладзьдзя дапускаць ня будзем», — заявіў Назарбаеў неўзабаве пасьля сыходу ў адстаўку, 23 траўня 2019 году.
На справе выйшла інакш. Склаўшы паўнамоцтвы прэзыдэнта, Назарбаеў вызваліў сябе ад рутыннай працы: неабходнасьці езьдзіць па рэгіёнах краіны, сустракацца з працоўнымі калектывамі. Але хоць з афіцыйнага сайта Акарды (адміністрацыі прэзыдэнта) зьнік разьдзел аб біяграфіі палітыка, ён атрымаў статус Елбасы (Лідэр нацыі), а яго палітычны ўплыў па-ранейшаму вялікі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Назарбаеў расказаў, як дапамагаў уцякаць двум прэзыдэнтамІ гэты ўплыў быў бы яшчэ больш прыкметны, калі б Казахстан не сутыкнуўся з пандэміяй каранавірусу. У пэрыяд, калі нацыянальная сыстэма аховы здароўя задыхалася ад наплыву хворых, у аптэках заканчваліся лекі, а казахстанцы масава скардзіліся на некампэтэнтнасьць чыноўнікаў, кіраўнік Рады бясьпекі, які з прычыны ўзросту знаходзіцца ў групе рызыкі, наогул зьнік з інфармацыйнай прасторы: згадкі пра Елбасы ў СМІ ў той пэрыяд практычна зьніклі.
Яшчэ адно сьведчаньне бязьмежнага ўплыву былога прэзыдэнта — усё мацнейшы культ асобы. Шмат у якіх гарадах Казахстану імя Назарбаева носяць цэнтральныя праспэкты, школы, унівэрсытэты і спартыўныя збудаваньні. А ў сакавіку 2019 году, адразу пасьля адстаўкі Елбасы, у Нур-Султан перайменавалі сталіцу краіны, горад Астану.
«Вядома, як чалавеку мне гэта прыемна. Парлямэнт — гэта самастойная частка ўлады, яны маюць права прымаць рашэньні, выказваць сваё меркаваньне, — заяўляў Назарбаеў з нагоды перайменаваньняў. — Тым больш перайменаваньне гарадоў, населеных пунктаў там і гэтак далей, мы будзем вырашаць вельмі ўзважана, сувымерна таму, што неабходна для дзяржавы, для краіны».
Мітынгі супраць перайменаваньня сталіцы скончыліся арыштамі незадаволеных, але ні да чога не прывялі: 23 сакавіка 2019 году Астана афіцыйна зьмяніла назву на Нур-Султан.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сыходзіць? Аналітыкі пра тое, як «аддаюць любімую»