Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчыма, ён застанецца фактычным кіраўніком. Экспэрты пра адстаўку Назарбаева


Нурсултан Назарбаеў падчас выступу, у якім ён заявіў пра адстаўку
Нурсултан Назарбаеў падчас выступу, у якім ён заявіў пра адстаўку

Прэзыдэнт Казахстану Нурсултан Назарбаеў склаў паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы. Што азначае адстаўка Нурсултана Назарбаева і ці можа яна стаць прыкладам для Аляксандра Лукашэнкі?

Пасьля адстаўкі Назарбаеў будзе ўзначальваць Раду бясьпекі дзяржавы, а таксама застанецца на чале партыі «Нур Отан». Паўнамоцтвы прэзыдэнта часова пераходзяць да сьпікера сэнату Касым-Жамарту Такаева.

«Ці будзе гэты сыход з улады фармальным ці фактычным?»

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Паводле палітоляга Андрэя Фёдарава, пакуль складана сказаць, што хаваецца за гэтай заявай Назарбаева.

«Ці будзе гэты сыход з улады фармальным ці фактычным? Магчыма, ён застанецца кіраўніком, як у свой час Дэн Сяопін у Кітаі, і будзе працягваць кіраваць. Таму ўсё гэта пакуль вельмі цьмяна. Адзінае — што гэта, відаць, зьвязана з узростам, і ў такім узросьце даволі цяжка. Хаця мы ведаем прыклады, калі кіраўнікамі заставаліся і ў больш сталым узросьце».

Андрэй Фёдараў не выключае, што «гэта нейкі хітрык, які дазволіць, ня маючы фармальнай пасады, аказваць найбольшы ўплыў на разьвіцьцё падзеяў у Казахстане».

«Як форма для Лукашэнкі, чаму не?»

Яўген Красулін
Яўген Красулін

Паводле экспэрта па краінах Азіі Яўгена Красуліна, рашэньне Назарбаева, хутчэй за ўсё, зьвязана з жаданьнем «захаваць статус-кво».

«Захаваць і палітычную стабільнасьць у краіне, і ўладныя паўнамоцтвы той групы, якой гэтыя паўнамоцтвы раней належалі. Наўрад ці Назарбаеў прыняў гэтае рашэньне пад ціскам нейкіх апазыцыйных сілаў. Але само рашэньне сьведчыць пра адчуваньне кіроўнаю элітаю моцы апазыцыйных сілаў. І адпаведна спрабуюць заменай фігуры захаваць пераемнасьць улады».

Паводле Яўгена Красуліна, у гісторыі былі даволі частыя прыклады, калі чалавек сыходзіў з пасады і пэўны час, наколькі яму дазваляла здароўе, кантраляваў пераемніка.

«І ў тым ліку рабіў сытуацыю для пераемніка больш стабільнай. Такім чынам пераемнік атрымліваў пераход улады».

Ці можа гэта быць прыкладам для кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які таксама даволі доўгі час займае пасаду прэзыдэнта?

«Як форма — чаму не? Але як зьмест — то тут варыянты. Ці таксама праз гэта ўзьнікне жаданьне забясьпечыць пераемнасьць улады (я адмаўляюся ад пасады і стаўлю свайго пераемніка, але праз свой рэсурс кантролю даю пераемніку магчымасьць уладкавацца на гэтай пазыцыі і ўзмацніцца, каб потым спакойна працягваць існаваньне гэтай сыстэмы і мадэлі), ці я сыходжу таму, што ў мяне цалкам скончыўся рэсурс і я ня бачу пэрспэктываў у сваёй мадэлі. Таму пытаньне: што будзе напаўняць гэтую мадэль? Але яна цалкам дапушчальная. Хутчэй за ўсё яна і будзе рэалізоўвацца».

«Назарбаеў пабудаваў палітычную сыстэму яшчэ больш жорсткую, чым Лукашэнка»

Паўлюк Быкоўскі
Паўлюк Быкоўскі

Палітоляг Паўлюк Быкоўскі быў у Казахстане некалькі разоў, у тым ліку на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах у 2015 годзе. Ён кажа, што казаскі аўтарытарызм істотна адрозьніваецца ад беларускага.

«Там у палітычным сэнсе гайкі больш закручаныя, чым нават у нас. У іх ёсьць рэальная кіроўная партыя, якая цалкам ва ўсім падтрымлівае прэзыдэнта Назарбаева і дамінуе ў парлямэнце, а ўсе астатнія ня маюць заўважнай ролі. І яшчэ там даволі жорстка абмяжоўваецца пашырэньне інфармацыі. Беларусь, калі параўноўваць з Казахстанам, дык гэта неба і зямля.

Але, з другога боку, у Казахстане больш свабоды для прадпрымальніцтва, і ў выніку, калі ў Беларусі вельмі шмат грамадзянаў залежаць ад працадаўцы-дзяржавы, дык у Казахстане больш розных варыянтаў. А гэта ўплывае на думкі людзей.

Пры гэтым там ляяльнасьць насельніцтва да прэзыдэнта мацнейшая і, магчыма, больш шчырая. Беларусаў бы вельмі зьдзівілі білборды з партрэтамі Назарбаева, вывешаныя літаральна па ўсёй краіне. У нас да такога культу асобы, дзякуй богу, не дайшло, хаця наперадзе ўсё яшчэ магчыма».

Ці магла адстаўка Назарбаева стаць вынікам ціску на яго апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці? Паўлюк Быкоўскі ў сілу казаскай апазыцыі ня верыць.

«Раней былі пэрыяды, калі апазыцыя ў Казахстане магла рабіць вельмі моцную канкурэнцыю прэзыдэнту Назарбаеву, але з тых ці іншых прычынаў, падобна як і ў нас, апазыцыянэры альбо траплялі ў турмы, альбо зьяжджалі за мяжу. Прычым гэта тычылася і людзей, якія мелі вялікі бізнэс і вялікія пасады. У выніку перад мінулымі выбарамі прэзыдэнта палітычная сытуацыя нагадвала зачышчаную пустэчу.

Таму цяпер, калі ацэньваць гэтую адстаўку без дадатковых зьвестак, я б сказаў, што гэта найперш зьвязана са станам здароўя Назарбаева, зь ягонымі асабістымі справамі, а ня з тым, што яго прымусіла гэта зрабіць сытуацыя ў эканоміцы ці ў палітыцы».

Нурсултан Назарбаеў правіў Казахстанам 30 гадоў, Аляксандар Лукашэнка на пасадзе прэзыдэнта Беларусі ўжо амаль 25 гадоў. Ці стане ўчынак Назарбаева прыкладам для кіраўніка Беларусі? Паўлюк Быкоўскі лічыць, што такія паралелі праводзіць зарана.

«Неканечне для Беларусі гэта будзе прыклад, бо наша палітычная сыстэма мне ўяўляецца ўсё ж іншай, не такой жорсткай. Ды і ўзрост беларускага кіраўніка не такі, як у Назарбаева».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG