23 лютага 2021 году адміністрацыя Twitter чарговы раз выдаліла акаўнты супрацоўнікаў «фабрыкі троляў» — расейскай інтэрнэт-структуры, зьвязанай з «кухарам Пуціна» бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным. Акаўнты былі выдалены за пашырэньне дэзынфармацыі, накіраванай супраць ЗША і ЭЗ.
Па зьвестках амэрыканскіх уладаў і некалькіх журналісцкіх расьсьледаваньняў, сеткі фэйкавых акаўнтаў, зьвязаныя з «фабрыкай троляў» у Ольгіне ў Санкт-Пецярбургу, з 2015 году разьмяшчалі палітычную рэкляму і тысячы фэйкавых пракрамлёўскіх пастоў і камэнтароў у інтэрнэце, у тым ліку ў яго амэрыканскім і расейскамоўным сэгмэнтах. Гэтую дзейнасьць «фабрыка троляў» пад іншай назвай працягвае да гэтага часу.
У 2018 годзе Оксфардзкі ўнівэрсытэт і аналітычная кампанія Graphika прадставілі дасьледаваньне аб тым, як супрацоўнікі «фабрыкі» спрабавалі ўплываць на палітычныя працэсы ў ЗША і палярызаванае амэрыканскае грамадзтва. Тролі, у прыватнасьці, стваралі правакацыйныя пасты на вострыя тэмы: правы ЛГБТ, парушэньне правоў афраамэрыканцаў і паліцэйскае свавольства, мігранты, абарачэньне зброі і гэтак далей.
Былыя супрацоўнікі «фабрыкі троляў» у інтэрвію апавядалі, што супрацоўнікі «замежнага аддзелу» мусілі ўдзельнічаць у онлайн-дыскусіях на добрай ангельскай, выдаючы сябе за амэрыканцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ва Ўкраіне спэцслужбы закрылі адну з найбольшых прарасейскіх ботафэрмаўАдзін з былых работнікаў замежнага аддзелу «фабрыкі» пагаварыў з Радыё Свабода пра тое, як пісаў камэнтары на амэрыканскіх парталах ад імя фэйкавых асобаў. Паводле яго, ён шукаў працу копірайтэра і ў 2016 годзе ўладкаваўся на «фабрыку». «Была задача схіляць чытачоў да думкі, што ўлада ў Амэрыцы — адстой», — коратка патлумачыў ён сэнс сваёй працы.
— Як прайшоў ваш першы дзень на «фабрыцы»?
— У кожнага аддзела ёсьць некалькі куратараў, якія ўводзяць у курс, вучаць, дапамагаюць напачатку, карэктуюць працу. Мой куратар сказаў: «Тваё творчае заданьне — прачытаць артыкул на замежным навінавым сайце, зразумець праблематыку, пераказаць яе сьцісла і прапанаваць чатыры-пяць камэнтароў на балючыя пункты гэтага артыкулу».
Кожнаму супрацоўніку выдаецца вялікая колькасьць сім-картаў, на іх заводзяцца акаўнты. Прычым акаўнты заводзяцца з рознымі проксі па прынцыпе: мясцовы жыхар, дзяржаўны службовец, стары, малады, жанчына, цемнаскурая жанчына... Пабольш пэрсанажаў. Праца немудрагелістая, 12 гадзін у дзень сядзець, чытаць артыкулы, пісаць камэнтары, іх павінна быць ня менш за сто, а лепш 120 за дзень.
Я займаўся навінавымі сайтамі, іншыя — больш сур’ёзнымі: The New York Times, The Washington Post. Нехта займаўся фэйсбукам, хтосьці ютубам. І так кругласутачна, днём і ноччу. Трэба было пісаць камэнтары, якія выклікаюць рэакцыю, мусіла разьвівацца дыскусія.
— Патрабуецца ідэальнае веданьне ангельскай мовы, каб у вас не западозрылі іншаземца?
— Узровень мовы правяраўся ў першы ж дзень. У мяне ўсё ў парадку з ангельскай. Каб не раскусілі, што я троль, я павінен быў пастаянна засвойваць слэнг. Мы пісалі камэнтары ў стылі кароткіх укідаў, адзін-два сказы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нашая норма — 120 камэнтаў за дзень». Жыцьцё крамлёўскага троляУ The Washington Post і іншыя сурʼёзныя выданьні пісалі хлопцы-мастадонты — і ў пляне веданьня мовы, і паводле глыбіні разуменьня праблемы. Былі і хлопцы, якія пісалі эсэ. Кожны дзень ім трэба было напісаць ад дзьвюх да пяці разгорнутых гісторый. Нібыта нейкі амэрыканец вылівае душу на форуме. Трэба было ўвесь час мяняць пэрсанажаў, знаходзіць новыя фатаздымкі, лякацыі, каб чытач думаў, што піша рэальны чалавек адкуль-небудзь з Канзасу.
— Ці праўда, што трэба было выказваць экстрэмісцкія, радыкальныя пункты гледжаньня, каб правакаваць шок, абурэньне? Адзін піша ад імя вельмі правага, другі ад ультралевага, каб бурленьне ўзьнікала?
— Задачы прызыву да тэрору і гвалту не стаяла. Была іншая задача: схіляць чытачоў да думкі, што ўлада ў Амэрыцы — адстой. Гей-шлюбы легалізавалі? Мой пэрсанаж, пастар-баптыст, абураны: якая ганьба, я не магу гэтых людзей пажаніць, таму што гэта супярэчыць хрысьціянскай традыцыі. Мэдычная рэформа? Ясна, што яна правалілася. Паліцыянт забіў чарнаскурага? Гэта таму, што ўрад не абараняе народ.
Нас было прыкладна 10 чалавек, і мы дамаўляліся на лятучцы: возьмем гэтыя 10 артыкулаў, створым хваляваньне. Першы камэнтар пад любым артыкулам шмат што вызначае. Усё гэта лайкаюць, пішуць пра гэта. Галоўнае было вызначыць вэктар палемікі.
— Дзесяць чалавек працавалі толькі на навінавых сайтах. А колькі ўвогуле было супрацоўнікаў у замежным аддзеле? Ці існуюць рэдакцыі на ўсіх мовах?
— Увесь наш паверх быў замежны. Але ў іншыя кабінэты не пускалі. У нас сядзелі чалавек 25. Былі сталы, дзе сядзелі хлопцы на фэйсбуку, чалавекі тры-чатыры пісалі эсэ. Асноўная маса — гэта мы, навіньнікі. Былі топавыя, кшталту супэрэкспэрты, чалавек пяць, якія надзвычай добра ведалі мову і маглі зрабіць сваю працу гадзіны за чатыры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Цукербэрг: Facebook штодня выдаляе мільён фэйкавых акаўнтаўНасупраць нас быў аддзел, дзе працавалі з фатаздымкамі. Хлопцы рабілі ўсялякія мэмы, лухту, якая прыцягвае ўвагу. Іх задача была кіраваць трафікам, каб народ масава пераходзіў за кошт мэма ці прывабнай карцінкі на якую-небудзь спасылку. Велізарны расейскамоўны аддзел быў падзелены па рэгіёнах — Расея, Казахстан, Украіна: там гаварылі, што Расея малайцы, а Крым наш.
— А для ангельскамоўнай публікі трэба было пісаць пра тое, што Расея лепшая за ўсіх?
— Расейская тэма ўзьнімалася вельмі няпросталінейна. Напрыклад, ёсьць якая-небудзь гісторыя пра Пуціна, можна было адказаць так: хлопцы, паглядзіце, вось у Амэрыцы нічога не працуе, а нават у Расеі, незразумелай краіне, ужо ёсьць тое і тое. Але ня прама: «ага, Расея — гэта крута». З чаго б раптам чалавек з Арызоны стаў агітаваць за Расею?
— Для таго, каб пэрсанаж выглядаў пэўна, вы мусілі стварыць яму акаўнт з асабістай інфармацыяй?
— Ты рэгіструесься не на сайце, а на сэрвісе, які дае права камэнтаваць. Там патрэбна мінімальная інфармацыя. А вось у фэйсбуку людзі напаўнялі акаўнты цалкам, яны іх доўга вялі, рабілі выгляд, што чалавек працуе ў рэальнай арганізацыі. Трэба было фоткаць, напрыклад, ежу, каб жыцьцё ў акаўнце ішло.
— Ці часта бывалі выкрыцьці?
— Што такое выкрыцьцё? Табе нехта прадʼяўляе: мы ведаем, што ты троль. А ты ў адказ: а мы ведаем, што ты троль. Ну і што?
— Колькі было пэрсанажаў, ад імя якіх вы пісалі?
— 50-60. Я сабе зрабіў такую мапу, памятку па Амэрыцы, у мяне па ўсёй краіне ўсюды былі свае пэрсанажы, асабліва там, дзе нейкія падзеі адбываюцца. Даводзілася стала заходзіць у розныя акаўнты, потым выходзіць. Гэта справа звычкі, канвэерная сьвядомасьць.
— Інструктары вам казалі: стварыце, напрыклад, шэсьць прапаведнікаў-баптыстаў і аднаго гея? Ці вы рабілі ўсё з уласнай ініцыятывы і ніхто не правяраў, якіх пэрсанажаў вы прыдумляеце?
— Не, усё было строга, гэта было дакладнае заданьне. Трэба было стварыць, напрыклад, вэтэрана, які ўдзельнічаў у віетнамскай вайне ці ў ірацкім канфлікце; сацыяльнага работніка; вельмі тлустую жанчыну, якая сядзела на вэлфэры; хлопца, які зьбіраецца паступаць у каледж; чарнаскурага; мэксыканца. У мяне была нават парачка індзейцаў, якія пісалі, што вось вы, сволачы, нас усіх перабілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook выявіў новыя мэтады расейскай прапаганды ў АфрыцыПад рэформу з гей-шлюбамі (у 2015 годзе яны былі ўказам Барака Абамы легалізаваныя ва ўсіх штатах ЗША) абавязкова трэба было завесьці кучу гей-фрэндлі-акаўнтаў і, наадварот, кансэрватараў. Была табліца, хто зьяўляецца адкрытым геем ва ўладзе. Гэтым можна было карыстацца: хлопцы, вы што, у вас ва ўрадзе такое! А іншыя павінны былі гаварыць: не, у кожнага ёсьць права.
— То бок, вы пісалі за прыхільніка гей-шлюбаў, а празь пяць хвілін пераключаліся і сабе ж адказвалі ад імя гамафоба?
— Гледзячы якая галіна. Сабе адказваць — гэта калі наогул нуль камэнтароў. А так напісаў спачатку ад імя гея, ідзеш па наступных навінах, ад іншага пэрсанажа нешта напісаў, праз гадзіну вярнуўся, а там далей ужо 50 чалавек адказалі, ты пішаш камусьці.
Так, даводзілася мяняць пэрсанажаў. Спачатку ты гей, потым прапаведнік, потым паліцэйскі, потым індзеец. Адзін піша: я міма праходзіў, два мужыкі цалаваліся, мяне званітавала, як так можна? Наступны адразу ж піша: гей-парад, ура, баль падчас чумы! Усюды быў падтэкст: альбо ў Амэрыцы ўсе з глузду зьехалі, альбо ўрад вінаваты.
— А ці не здаралася так, што адзін троль адказваў другому тролю, які сядзеў побач?
— Усе мусілі паказваць сваіх пэрсанажаў, і была інструкцыя: гэтым не адказваць, таму што гэта свае. Нейкі час гэта трымалася, потым зноў забылася. Бывалі сьмешныя сытуацыі. Хтосьці пачынае ў кутку рагатаць: «Гэта я пад гэтым імем, навошта ты мне адказваеш?» Стараліся дамаўляцца.
— Гэта ня цяжка для псыхікі?
— Рэальна цяжка. Сядзіш па 12 гадзін перад экранам, табе трэба ўсю гэтую бздуру чытаць. Графік працы — два дні праз два, але можна было мяняцца зьменамі. Пяць дзён працуеш па 12 гадзін і на чацьвёрты ўжо мала што разумееш. Сьмешна, што ў некаторых хлопцаў надыходзіла вытворчае адчужэньне. Я таксама такое злавіў пару разоў: пачынаеш верыць у тое, што ўсё робіш па-сурʼёзнаму, нейкія спрэчкі ўзьнікаюць, маральныя дылемы. У мяне галава пачынала кіпець. Я таму адтуль і зваліў праз чатыры месяцы.
— Колькі вы атрымлівалі? У аддзелах, дзе пішуць камэнтары «ЎКантакце» або ў фэйсбуку на расейскай мове, плацяць усяго 40-45 тысяч рублёў за месяц (каля 600 даляраў). Але вы ж прывілеяваныя былі?
— Нічога падобнага, усім плацілі прыкладна 45 тысяч, плюс можна было, напрыклад, узяць дадатковыя зьмены. Начному аддзелу плацілі крыху больш. Калі пішаш камэнтары, якія крута лайкаюць, маглі заплаціць дадаткова — якую-небудзь дробязь, шчыра кажучы. Але былі вельмі строгія штрафы. Ты спазьняесься на адну хвіліну — мінус тысяча рублёў. Пры ўваходзе ў кожнага картка пад прозьвішчам: спазьніўся на пяць хвілін — 5 тысяч рублёў. Штрафы былі настолькі часта, што, каб 45 тысяч атрымаць, трэба было яшчэ пастарацца. Гэта значыць, яны вельмі скупыя.
— Ці былі нейкія палітінфармацыі, дзе вам тлумачылі, навошта вы пераўвасабляецеся ў геяў і індзейцаў?
— Былі курсы, майстар-клясы, дзе тлумачылі, што адбываецца. Але навошта мы ўсё гэта робім, ніхто нават не пытаўся. Ёсьць такая праца, падабаецца — ок, не падабаецца — да пабачэньня. Там можна было выйсьці пакурыць, але мы вельмі акуратна размаўлялі паміж сабой, спрачаліся пра лінгвістычную частку, як лепш што сказаць па-ангельску. Пытаньняў, навошта наогул гэта трэба, не было. Трэба, і ўсё.
— У вас быў любімы пэрсанаж, ад імя якога вам падабалася пісаць?
— Магу сказаць, каго я запомніў добра: у мяне быў вэтэран, якому ўвогуле на ўсе пляваць, шалёны дзед, белы, рэспубліканец, ён сам усё сабе зарабіў, свой камбайн іржавы. Яшчэ ў мяне быў 18-гадовы цемнаскуры рэпэр: «Якога хрэна лічаць, што я прадаю наркотыкі? Што за стэрэатып? Усіх маіх сяброў ужо адстралялі, яны нават да 16 гадоў не дажылі, як мух гасяць, ніхто пра гэта не расказвае».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заснавальнік Facebook заявіў, што Расея, Іран і Кітай спрабуюць умяшацца ў амэрыканскія выбары 2020 годуЯшчэ была вельмі тлустая жанчына, быццам два цэнтнэры важыць, яна абуралася мэдычнай рэформай. «Я хачу нармальнага абслугоўваньня, якога чорта я павінна плаціць дзьве-тры тысячы даляраў за нейкую хрэнь, якая ніяк мне не дапамагае?! Таму я афіцыйна раблюся беспрацоўнай, буду смактаць кроў з гэтай дзяржавы, пакуль ёсьць магчымасьць, і жэрці нагетсы да страты прытомнасьці».
— І ўсіх гэтых пэрсанажаў прыдумалі куратары?
— Яны проста прапаноўвалі варыянты, а далей я ўжо сам пачаў прыдумляць. Можна было паглядзець на ютубе ў навінах відэа відавочцаў, як яны выглядаюць, якога ўзросту, пра што гавораць. Трэба было стварыць, напрыклад, араба, які жыве ў Амэрыцы і ўжо асыміляваўся. «Што, вы лічыце, раз у мяне барада, то я тэрарыст?» Мы самі фантазіявалі за пэрсанажаў: «Я са школы ішоў, пачуў страляніну. На ровары ехаў, паехаў паглядзець, а там вось такое дзеецца».
— Ці былі заданьні нейкіх амэрыканскіх палітыкаў «мачыць», а нейкіх хваліць — асабліва ў час выбараў?
— Пэрыядычна. Часам з раніцы прыходзіў адмін і казаў: так, сёньня «топім» за дэмакратаў ці за рэспубліканцаў. «Хай хоць бы Трамп падняў з каленяў гэтую краіну. Хто заўгодна, абы не Абама».
— Барак Абама ва ўсіх выпадках быў крыніцай зла?
— Калі тлустая чарнаскурая жанчына піша, то яна хваліць: «Дзякуй табе, бро, ты хоць зьвярнуў увагу на нашае камʼюніці. У мяне сын сядзіць 10 гадоў за забойства, ты хоць неяк дапамагаеш». Але далей: Obamacare — поўны фэйк і г..но. Гэта значыць, любая пахвала ператвараецца ў нэгатыў.
— Ваш былы калега мне казаў, што ў яго да гэтага часу згрызоты сумленьня, сапсаваная карма, ён саромеецца, што займаўся такой падступнай справай, і хоча гэтую «фабрыку» выкрыць. У вас няма такіх адчуваньняў?
— Калі шчыра, не. Верыць на слова камусьці ў інтэрнэце — гэта проста абсурд. Я наогул не чытаю і не гляджу ніякіх навінаў, ня ўдзельнічаю ні ў якіх палітычных акцыях, ніякім палітыкам не давяраю. Я і да гэтага працаваў трошкі ў палітыцы, зьбіраў дадзеныя на думскіх выбарах, паезьдзіў па Расеі. Так што мне ўвесь гэты бруд быў абсалютна зразумелы, ня выклікаў ніякага зьдзіўленьня. Проста такі досьвед.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Радыкальная нацыяналістка з «фабрыкі троляў». Што вядома пра расейку, якую затрымлівалі ў Менску на запыт ЗША ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МУС: Багачову затрымлівалі, бо яна была ў міжнародным вышуку ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаго спужаліся беларускія ўлады ў гісторыі з арыштам расейскай грамадзянкі Багачовай