«Спачатку, калі я туды трапіў, я не зусім паверыў, што гэта наогул рэальна. У мяне быў своеасаблівы культурны шок. У Оруэла апісана, як гэта працуе. Думаў, што гэта антыўтопія, а сапраўды так і ўладкавана», — апавядае Сяргей К., да нядаўняга часу супрацоўнік пецярбурскага Фэдэральнага агенцтва навінаў (ФАН), аднаго з падразьдзяленьняў «фабрыкі троляў», якую фінансуе «кухар Пуціна» Яўген Прыгожын.
Пры паступленьні на працу будучых «троляў» прымушаюць падпісаць дакумэнт аб невыдаваньні таго, што адбываецца ў офісах агенцтва, аднак некалькі чалавек адважыліся парушыць гэтыя абавязаньні. У 2015 годзе былы супрацоўнік «фабрыкі» Марат Бурхард падрабязна расказаў Радыё Свабода пра тое, як ён працаваў тролем, публікуючы на розных форумах камэнтары на зададзеныя тэмы. Неўзабаве яшчэ некалькі чалавек далі інтэрвію пра тое, што адбываецца ў розных аддзелах «фабрыкі», а журналістка Людміла Саўчук, уладкаваўшыся на фабрыку для вывучэньня працы прапагандыстаў, нават падала ў суд на яе і выйграла справу.
Прайшло некалькі гадоў, але ў працы «фабрыкі» прынцыпова нічога не зьмянілася. Яна некалькі разоў пераяжджала і працягвае пашырацца.
Сяргей К. пагадзіўся расказаць Радыё Свабода пра тое, як сёньня працуюць тролі. Ён даў узоры заданьняў, якія штодня атрымліваюць «кремлеботы», а таксама іх справаздачнасьць — неабходна паказваць у табліцы, колькі камэнтарыяў ты апублікаваў за кожную гадзіну працы. Частка гэтых матэрыялаў носіць абразьлівы або непрыстойны характар: адзін з аддзелаў фабрыкі спэцыялізуецца на мэмах, у якіх асобы журналістаў і апазыцыйных палітыкаў накладаюцца на кадры з порнафільмаў.
— Сяргей, чаму вы вырашылі расказаць пра сваю працу на «фабрыцы»?
— Я зьвярнуўся да вас, таму што, даведаўшыся кухню дзяржпрапаганды знутры, я зразумеў, чаму яны так вас затыкаюць і цкуюць. Яны ўсюды хлусяць. Цяпер ад тэлевізіі мяне проста выварочвае, ды і карма запэцканая на тры жыцьці наперад.
— Як арганізаваная «фабрыка»?
— Шмат аддзелаў, у кожным кабінеце сядзяць прыблізна па 15 чалавек. Адзін аддзел займаецца YouTube, другі аддзел займаецца «УКантакце», трэці — Facebook і гэтак далей. У кожнага аддзела свой кіраўнік. У нашым аддзеле праз працоўны тэлеграм-чат былі названыя пляцоўкі, на якіх варта працаваць: RT, РЕН-ТВ, «Вести», а таксама апазыцыйныя: «Новая газета», Радыё Свабода, нават «Сталингулаг», хоць там, як правіла, банілі хутка. На гэтых пляцоўках пачыналі працаваць з розных акаўнтаў. Для стварэньня гэтых акаўнтаў існуе велізарны стос SIM-картак, які папаўняецца.
— Вы шмат працавалі па сацсетках тэлеканалаў?
— Так, ад RT да канала «Домашний». Паглядзіце на RT камэнтары пра Захад — адразу відаць, чыя гэтая праца. Зайдзіце ў групу RT у любой сацсетцы, яны суткамі там б’юцца за Расею-матухну. Пад любой навіной — пра ракеты, ЗША, Пуціна — усюды, як прусакі.
— Акрамя аддзелаў, якія займаюцца сацсеткамі, якія яшчэ ёсьць падразьдзяленьні?
— Ёсьць аддзел, дзе зьбіраюць базы дадзеных: асабістыя справы няўгодных, з кампраматам на ўсіх. Ёсьць сьпіс рэсурсаў, якія, прабачце за выраз, трэба абср..ць, там у топе Радыё Свабода і «Новая газета». Выкарыстоўваецца прадукцыя спэцыяльнага аддзелу, які выпускае зьняважлівыя мэмы, у тым ліку парнаграфічныя. Хлопцы сядзяць і кляпаюць гэтыя мэмы, потым скідаюць у агульны працоўны чат, мы ўжо зь яго пачынаем пуляць. На ўсё ёсьць свой аддзел. Гэта вельмі добра арганізаваная структура. Проста не ўкладаецца ў галаве, якой лухтой займаюцца там людзі і за якія велізарныя грошы.
— Колькі чалавек працуе на «фабрыцы»?
— Дакладна ня ведаю, я ва ўсіх аддзелах ня быў, да таго ж яны знаходзяцца ў розных будынках. Ня менш за 150 чалавек у дзённую зьмену толькі ў адным будынку, а калі ў цэлым браць, мне здаецца, да тысячы чалавек. Адны людзі скідваюць дадзеныя, іншыя гэтыя дадзеныя перакідваюць па аддзелах, трэція праводзяць сходы, на якіх расказваюць, зь якім тэзісам каму варта працаваць, а чаго рабіць ня трэба; што варта асьвятляць, на чым ставіць акцэнты.
— Якія навыкі пры паступленьні на працу патрабуюцца? І як яны высьвятляюць, што вы не агент праціўніка?
— Я праходзіў тэст, дзе трэба было імправізаваць у камэнтарах да пэўных інфармацыйных нагодаў. Іх служба бясьпекі мяне праверыла па базах. Мяне аформілі і адразу пусьцілі ў бой у камэнтары ў групы RT, «Вестей», РЕН-ТВ і падобныя. Праца няпыльная, сядзі сабе, стукай па клявішах адно і тое ж трызьненьне па 11 гадзінаў. Усе супрацоўнікі працуюць у дзьве зьмены — хто ўдзень, хто ўначы.
— Для паступленьня на працу патрабуецца дыплём?
— Не, дыплём не патрабаваўся. Дастаткова было мець атэстат аб сканчэньні сярэдняй школы і пісьменнасьць. Людзі абсалютна розныя сюды прыходзяць. Ёсьць вельмі адукаваныя, дактары навук; ёсьць людзі без вышэйшай адукацыі. Людзі рознага інтэлекту, але ўсё працуюць на загад. Вэктар зададзены, а ты проста выканаўца, апэратар.
— Ня толькі маладых людзей бяруць на працу?
— Не, там нават і пэнсіянэры ёсьць.
— І колькі плацяць?
— Хто за 40 тысяч рублёў (каля 500 даляраў) атрымліваў, хто больш працаваў і больш старанна — 45, 50 і вышэй.
— Колькі камэнтароў трэба напісаць за зьмену?
— Норма — каля 120.
— Марат Бурхард расказваў, што адзін троль піша нэгатыўны камэнтар пра нешта, а той, хто сядзіць зь ім побач, піша як бы абвяржэньне, каб у форуме стварылася бачнасьць дыскусіі. Гэтая практыка захавалася?
— Так, з адных фэйкавых акаўнтаў нашай жа канторы пісаліся пасквілі, а зь іншых фэйкавых акаўнтаў гэта ўсё абвяргалася. Выгляд бурнай дзейнасьці, у разьліку на тое, што карыстальнікі зазірнуць у камэнтары пад навіной.
— Ці дакладна, што на «фабрыцы» найстражэйшыя захады бясьпекі, старанна сочаць, каб ня трапіў чужы, шукаюць укаранёных агентаў і заахвочваюць даносы на калегаў?
— Гэта праўда. Наконт даносаў не скажу, таму што на маёй памяці такіх выпадкаў не было, але кантроль тэхнікі абсалютны. Аналізуюць, што адбывалася на экране (выбарачна) некаторых супрацоўнікаў на зьмене.
— Як правяраюць якасьць працы?
— Кожны камэнтар (яго тэкст і спасылка) уносіцца ў справаздачу за зьмену і трапляе ў базу, якую адсочваюць супэрвайзэры.
— Ці ёсьць надзейны спосаб вызначыць, што камэнтар належыць тролю?
— Вядома, ня ўсякі прапуцінскі камэнтар пакідаюць тролі. У нас дастаткова перакананых людзей, так званых «ватнікаў». Калі ёсьць падазрэньне, што перад вамі троль, паглядзіце на акаўнт гэтага чалавека. Як правіла, ў троляў закрытыя акаўнты — ёсьць устаноўка іх закрываць. Тролі для сваіх акаўнтаў выкарыстоўваюць фатаздымкі, скрадзеныя ў каго-небудзь на «Аднаклясьніках». Крадуць фота рэальных людзей, робяць левыя імёны, устаўляюць гэтыя фота, але так, каб нельга было знайсьці праз «Яндэкс. Малюнкі», альбо неяк апрацоўваюць у колеры, напрыклад, робяць фатаздымак чорна-белым, так таксама складаней знайсьці. Ёсьць хлопцы, якія працуюць супраць «фабрыкі троляў», яны шукаюць фота, знаходзяць арыгінал у інтэрнэце і пішуць у камэнтах: «Во, фотку скраў, прыдурак. Давай я гэтаму чалавеку напішу, пакажу тваю фатаграфію. Ня хочаш растлумачыць, хто ты і што ты тут робіш?»
— Ці былі выпадкі, калі людзі, у якіх укралі фатаграфіі, пратэставалі?
— Было нават горш. Я напісаў камэнтар пад постам ці то на RT, ці то на РЕН-ТВ, потым мне ў асабістыя піша дзяўчына: «Адкуль у вас гэты акаўнт? Гэта акаўнт маёй сястры». Я паняцьця ня маю, што ёй адказаць. Заходжу на яе старонку, знаходжу фатаздымкі і разумею, што гэта сапраўды яе сястра і што яна памерла нядаўна, разьбілася ў аварыі.
— А як у троляў апынуўся яе рахунак?
— Яны проста яго ўкралі. Гэта жах: яны бяруць акаўнты мёртвых людзей. Тады я першы раз сябе вельмі кепска адчуў, да гэтага часу адмыцца не магу.
— Колькі было акаўнтаў, зь якіх вы працавалі?
— Больш за сотню. Калі іх выдалялі, мне падкідалі іншыя. Для кожнага акаўнту была свая тэматыка. Калі б дзяўчына стала пісаць пра дамовы аб раззбраеньні, гэта было б нелягічна. Яны бяруць фота мужыкоў нейкіх, адразу відаць, што «ватных», і пачынаюць весьці тэму зброі, напрыклад. А дзяўчына можа засунуць што-небудзь пра добраўпарадкаваньне. Гэта значыць, імкнуцца адлюстроўваць рэальных людзей, але пры гэтым у закрытых акаўнтах.
— А самі акаўнты трэба запаўняць чымсьці для пэўнасьці?
— Акаўнт лічыцца добрым, калі там набітыя нейкія людзі ў сябрах, ёсьць нейкія фатаздымкі, прычым не за адну дату, а з прамежкамі. Такія акаўнты на вагу золата. Іх імкнуцца акуратна выкарыстоўваць, каб не заблякавалі.
— Троляў паўсюль баняць. Даводзіцца ўвесь час заводзіць новыя акаўнты?
— Блякуюць на розных рэсурсах часта. Калі праводзіліся нейкія атакі: напрыклад, як на Радыё Свабода, там у нас акаўнты проста ляцелі. Нават улічваючы, што мы працавалі праз VPN.
— А ўсе працуюць праз VPN?
— Натуральна. Адлюстравана, што камэнтар з Мазамбіку, а папраўдзе ён прыляцеў зь Пецярбургу.
— Усе дзейнічаюць строга па ўказаньнях, ініцыятыва не вітаецца?
— Не, можаце падысьці творча, параіўшыся з супэрвайзэрам. Калі ёсьць творчы патэнцыял — калі ласка, выкарыстоўвай.
— У вашых калегаў ён быў ці ўсе за 40 тысяч проста адпрацоўвалі сваю зьмену?
— Хто як. Былі людзі, якія сапраўды былі поўныя энтузіязму, а нехта прыходзіў адпрацоўваць, разумеючы, што робіць глупства. Людзі розныя. Я там сустракаў людзей, якія былі перакананыя, што праблема ня ў тым, што ў нас усё кепска ўладкавана, а ў амэрыканскім Дзярждэпе.
— Ці былі выпадкі, калі некага звальнялі за палітычную нядобранадзейнасьць або каралі?
— Такога я не сустракаў. Адзінае, што маглі зрабіць, — гэта пазбавіць прэміі.
— А як вы самі сябе называлі?
— Так і казалі — «тролі». Мы ж гэтым і займаліся — пісалі непрыемныя рэчы, часам вельмі крыўдныя, людзям у адказ. На вайне ўсе сродкі добрыя, абы гразьзю абліць.
— Ніякіх забаронаў няма, ненарматыўная лексыка заахвочваецца?
— Можна ўжываць мат па-рознаму, абы не блякавалі. У нас былі хлопцы, якія ня грэбавалі моцным слоўцам.
— Тое, што «фабрыка» знаходзіцца ў Пецярбургу, адбіваецца на працы? Трэба шмат пісаць на пецярбурскія тэмы і працаваць на мясцовых форумах?
— Так, асабліва пра губэрнатара Бяглова. Яшчэ калі яго прызначалі, была дадзена куча тэзісаў, трэба было апісваць яго дасягненьні. Калі нехта піша ў інтэрнэце, што ў Бяглова пыса крывая, трэба было адказваць: «Ой, ды вы на сваю паглядзіце, чалавек працуе, мы не за зьнешнасьць яго цэнім, а за справы». І потым у справаздачы трэба было скідаць гэты камэнтар пад хэштэгам «Бяглоў-зьнешнасьць». Мы вусы Бяглова абаранялі, расказвалі, што ён вельмі акуратна іх стрыжэ. Або ініцыятыву вырашылі праявіць, што Бяглоў — прозьвішча гаваркое, ён шпарка бегае, усюды пасьпявае. Потым хлопцы сутыкнуліся з адказам, што Бяглоў ад праблемаў бегае, і перасталі выкарыстоўваць гэты тэзіс. Вы разумееце, наколькі гэта абсурдная, але магутная ў той жа час сыстэма? Я проста з глузду ехаў ад таго, як гэта ўсё ўладкавана.
— Часта заўважаеш, што тролі атакуюць нейкі канкрэтны пост...
— Так, атакуецца, як правіла, на замову. Калі вы пішаце нешта няёмкае, напрыклад, пра «кухара Пуціна», адразу вас пачынаюць закідваць дзярмом першага гатунку. Пачынаюць ляцець мэмы, пагрозы. І гэта будзе і ў «УКантакце», і ў Інстаграме, і ў YouTube. Акаўнтаў ў іх хопіць, як патронаў. Вось такі мэм, напрыклад: «Ой, што гэта, я ў гаўно ўступіў?» Глядзіць на падэшву, а там напісана: «Новая газета» ці Радыё Свабода. З фантазіяй хлопцы працуюць.
— Прыгожын зьяўляўся ў вашай канторы?
— Не, да нас у офіс ён не прыяжджаў, чаго на гэтых халопаў глядзець? Зьяўляўся толькі яго памочнік. Я не магу прыгадаць, як яго завуць, таксама лысы мужык, гадоў 45-50. Усе яго чамусьці вельмі баяліся, хоць, акрамя страчанага працоўнага месца, ня трэба было баяцца.
— Калі вы зразумелі, што ня хочаце гэтым займацца?
— Спачатку было нават забаўна. У калектыве адкрыта з таго ж Пуціна жартуюць, і амаль усе разумеюць абсурднасьць таго, чым займаюцца. Але праца прыносіць грошы. Гэта як лекары працуюць з трупамі і з часам пачынаюць жартаваць, расслабляцца, разраджаць абстаноўку. Празь некаторы час я перастаў адчуваць напружаньне, але потым сумленьне пачала грызьці. Прыходзіш з працы задзяўбаны. У мяне ад пакутаў сумленьня і стрэсу нагрузка ўвесь час была, я сыходзіў адтуль з адчуваньнем мігрэні. Мабыць, нейкая псыхічная абарона, арганізм павінен сябе неяк ахалоджваць, я стаў часьцей сьмяяцца з гэтага. Чалавеку, які ня бачыў, як гэта працуе, цяжка ўявіць, што дарослыя людзі сядзяць і займаюцца адкрытай лухтой.