Кіраўнік карпарацыі Facebook Inc. і стваральнік аднайменнай сацыяльнай сеткі Марк Цукербэрг расказаў, што за дзень адміністратары выдаляюць каля мільёна фальшывых акаўнтаў, частка зь якіх зьвязана з палітычнымі кампаніямі розных урадаў.
Пра гэта ён заявіў у сваёй прамове на міжнароднай канфэрэнцыі ў бясьпецы ў Мюнхэне.
«Цяпер мы выдаляем больш за мільён фальшывых акаўнтаў за дзень. Пераважная большасьць зь іх выяўляюць на працягу некалькіх хвілін пасьля рэгістрацыі. Большая частка зь іх не зьвязаная з дзяржаўнымі суб’ектамі, якія спрабуюць паўплываць на выбары. Яны ўяўляюць сабой камбінацыю спамэраў і людзей, якія спрабуюць рабіць розныя рэчы. Але, безумоўна, некаторыя зь іх — частка кампаній ўрадаў», — сказаў ён.
Паводле Цукербэрга, Facebook давялося памяняць альгарытмы і палітыку адсочваньня актыўнасьці карыстальнікаў пасьля скандалу з выбарамі ў ЗША ў 2016 годзе. Тады Расею абвінавачвалі ў падпарадкаваньні інфармацыйнай кампаніі, у тым ліку і ў фэйсбуку, якая, як мяркуецца, дапамагла Дональду Трампу перамагчы на прэзыдэнцкіх выбарах. Пасьля гэтага Цукербэрга выклікалі ў Кангрэс для дачы паказаньняў.
«Пасьля Брэксыта і выбараў у ЗША ў 2016 годзе, калі мы і, шчыра кажучы, усе інтэрнэт-кампаніі не адразу зразумелі, якія інфармацыйныя кампаніі вялі Расея і іншыя краіны ў інтэрнэце. Пасьля тых выбараў 2016 году мы сапраўды паглядзелі на гэта і сказалі: «Добра, сытуацыя зь бясьпекай, зь якой мы сутыкаемся, — гэта ня проста традыцыйныя хакерскія атакі, зь якімі мы мелі справу раней. Цяпер падобныя скаардынаваныя інфармацыйныя кампаніі стануць больш важнай часткай сфэры. Так што нам трэба пераканацца, што мы зможам прадухіліць [падобныя сытуацыі] у будучыні», — расказаў Цукербэрг.
Як ён раней заяўляў, з 2016 году Facebook зьмяніў рэклямную палітыку. Кожны рэклямадаўца, які хоча займацца палітычнай рэклямай, павінен атрымаць дазвол і пацьвердзіць свае асабістыя дадзеныя і сваё месцазнаходжаньне. Рэкляма будзе выразна пазначаная ў стужцы, а карыстальнікі ўбачаць, хто за яе заплаціў.
Мадэратары кампаніі ўжо неаднаразова выдалялі сотні акаўнтаў, якія зьвязвалі з расейскім так званым «Агенцтвам інтэрнэт-дасьледаваньняў», яно таксама вядомае як «фабрыка троляў». Менавіта яго дзейнасьць расьсьледуюць у ЗША ў межах крымінальнай справы аб умяшаньні ў выбарчы працэс.