У мінулую пятніцу ў Армэніі прайшлі акцыі прыхільнікаў апазыцыі. У суботу стала вядома, што прэзыдэнт краіны Армэн Саркісьян адмовіўся падпісваць указ аб звальненьні кіраўніка Генштабу, на чым настойваў прэмʼер-міністар.
Масавыя акцыі праціўнікаў і прыхільнікаў Пашыньяна пачаліся ў мінулы чацьвер, пасьля таго як Генэральны штаб узброеных сіл Армэніі запатрабаваў адстаўкі прэмʼера і ўраду. Заяву падпісалі начальнік Генштаба Онік Гаспар'ян, яго намесьнікі, кіраўнікі ўпраўленьняў і карпусоў.
Пашыньян назваў гэтае патрабаваньне «спробай вайсковага перавароту» і заявіў аб рашэньні звольніць начальніка Генштаба.
Прэзыдэнт Армэніі, паводле Канстытуцыі, прызначае і здымае начальніка Генштабу — на прапанову прэмʼера. Але Армэн Саркісьян адмовіўся падпісваць указ аб адстаўцы Оніка Гаспар'яна.
Тады Пашыньян паўторна накіраваў яму сваю прапанову. Цяпер прэзыдэнту трэба будзе ў трохдзённы тэрмін падпісаць указ ці аспрэчыць рашэньне кіраўніка ўраду ў Канстытуцыйным судзе Армэніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пачаў дзеяньне новы Адміністрацыйны кодэкс. Што зьмянілася