Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Армэніі адмовіўся звальняць начальніка Генштабу. Яго адстаўкі жадаў Пашыньян


Прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян
Прэзыдэнт Армэніі Армэн Саркісьян

Прэм’ер Армэніі Нікол Пашыньян дамагаўся адстаўкі начальніка Генштабу ўзброеных сілаў Оніка Гаспарана. Прэзыдэнт Армэн Саркісьян вярнуў праект указу аб адстаўцы зь пярэчаньнямі

Пра гэта паведамляе «Нямецкая хваля».

Праект указа аб адстаўцы Гаспарана карэнным чынам супярэчыць Канстытуцыі краіны, адзначаецца ў заяве. Прэзыдэнт Армэніі прымае рашэньні, кіруючыся выключна нацыянальнымі інтарэсамі, і не абараняе ніводную з палітычных сілаў, падкрэсьліваецца ў дакумэнце.

Саркісьян у рамках сваіх канстытуцыйных паўнамоцтваў вярнуў праект указу зь пярэчаньнямі.

Нікол Пашыньян некалькі дзён таму заявіў пра спробу вайсковага перавароту ў краіне. Яго словы былі выкліканыя заявай Генштабу ўзброеных сіл Армэніі з патрабаваньнем адстаўкі прэмʼера.

Між тым, у сталіцы Армэніі праходзіць чарговы мітынг з патрабаваньнем адстаўкі прэмʼер-міністра. Дэманстранты сабраліся каля сцэны, збудаванай на праспэкце Баграмяна, дзе месьціцца будынак парлямэнта. Адна з галоўных транспартных артэрый Ерэвана перакрытая з 25 лютага, каля парлямэнту разгорнутае намётавае мястэчка.

Масавыя пратэсты ў Ерэване і іншых гарадах Армэніі пачаліся пасьля падпісаньня прэмʼер-міністрам трохбаковай заявы з прэзыдэнтамі Азэрбайджана і Расеі аб спыненьні баявых дзеяньняў у Нагорным Карабаху з 10 лістапада 2020 года. У адпаведнасьці з дакумэнтам, узброеныя сілы Азэрбайджана і Армэніі засталіся на пазыцыях, якія займалі на момант падпісаньня заявы.

Баку атрымаў кантроль над трыма раёнамі ў рэгіёне — Агдамскім на ўсходзе і Кельбаджарскім і Лачынскім на захадзе. Ўздоўж лініі судакрананьня ў Нагорным Карабаху і ўздоўж калідору, які злучае Карабах з Армэніяй, разьмешчаныя расейскія міратворцы, транспартныя зносіны ў рэгіёне кантралюе памежная служба ФСБ РФ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG