Пра што дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы? Ці будзе Беларусь прадаваць «фамільнае срэбра» сыстэмаўтваральных прадпрыемстваў? Ці будзе Масква ціснуць на Лукашэнку наконт канстытуцыйнай рэформы?
Гэтыя тэмы ў «Праскім акцэнце» абмяркоўваюць ІТ-прадпрымальнік, сябра Каардынацыйнай Рады Максім Баграцоў, былы часовы павераны Беларусі ў Швайцарыі Павал Мацукевіч і намесьнік рэдактара сайта Carnegie.ru Максім Самарукаў.
Баграцоў
- Лукашэнка цяпер у Сочы адчуваў сябе больш упэўнена, чым у верасьні
- Паводле яго, калі ў яго на вуліцах няма пратэстаў, у яго большая народная падтрымка
- Гэта насамрэч ня так, але ў кароткатэрміновай пэрспэктыве гэта для яго прыемна
- Хада сустрэчы ў Сочы сьведчыць пра тое, што пра ўсё дамовіліся напярэдадні. Пра што дамовіліся — ніхто ня ведае
- Ня выключана, што размова ідзе пра продаж нейкіх актываў
- Я згодны з аналізам Алеся Аляхновіча, што прамой, тэрміновай неабходнасьці распрадаваць «фамільнае срэбра» цяпер няма
- У бізнэсе часам актывы прадаюцца не таму, што грошы пільна патрэбныя зараз, а таму, што яны могуць спатрэбіцца праз пэўны час, а цана актываў з улікам дынамікі сытуацыі тады можа ўпасьці
- Так што цалкам імаверна, што гэтыя ўгоды абмяркоўваюцца
- Многія ўспрымаюць пэрспэктыву прыходу расейскага капіталу ў Беларусь вельмі нэгатыўна
- Я на гэта гляджу інакш, ёсьць досьвед вэртыкальнай інтэграцыі ЗША з Мэксыкай і Канадай
- Вэртыкальная інтэграцыя адбываецца ва ўсім сьвеце, бо так прасьцей выжываць
- Чым больш Расея падтрымлівае Лукашэнку, тым менш у беларускім грамадзтве падтрымкі паглыбленьня інтэграцыі, тым ніжэйшы ўзровень прарасейскіх настрояў
- Зьдзелку на любоў на 20 гадоў можна зрабіць толькі зь беларускім народам, з Лукашэнкам яе зрабіць немагчыма
- У заходніх краінаў ёсьць стасункі з Кітаем, з краінамі Азіі і Афрыкі, дзе сытуацыя з правамі чалавека кепская
- Але ў чым памылка расейскіх уладаў? У тым, што зьявіўся новы ўдзельнік палітычнага працэсу — гэта беларускі народ, які ўсьвядоміў сваё стаўленьне да Лукашэнкі
- Гэтае стаўленьне можа выказвацца маршамі ці пасіўным супрацівам, але яно нікуды ня зьнікне
- Нехта зьедзе, нехта застанецца, але любові больш ня будзе
- Нават у пытаньнях інвэстыцый гэта мае значэньне: ты купляеш прадпрыемства, а калектыў няшчасны, бо працаваць сёньня і адчуваць сябе ў бясьпецы немагчыма
- Лукашэнка забясьпечыць стабільнасьць больш ня можа
- Яна на пэўны час можа быць загнаная пад лёд
- Цынізм цынізмам, але ўсім патрэбная стабільнасьць палітычных і эканамічных адносінаў
- Гэта не сярэднявечча, калі сялян можна выгнаць у поле. Яны спрабуюць рабіць гэта зараз. Але — не пракоціць
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці будзе распродаж «фамільнага срэбра» Беларусі
Мацукевіч
- Самае сумнае ў перамовах у Сочы — гэта тое, што з інтэграцыйных мапаў «зьдзьмуты пыл» і яны неяк абмяркоўваюцца
- Важныя заявы былі зробленыя на УНС наконт стаўкі выключна на Расею і адмовы ад імкненьня да нэўтралітэту
- Таксама вельмі важнае рашэньне аб перанакіраваньні транзыту нафтапрадуктаў у расейскія парты
- Складаецца адчуваньне, што за нашай сьпінай Беларусь зьліваюць
- Абмяркоўваюцца рэчы, адчувальныя з пункту гледжаньня сувэрэнітэту
- Лукашэнка гатовы ў інтэграцыі ісьці вельмі далёка, калі толькі няма замаху на «любімую»
- Думаю, што прапанова Макея — выкрасьліць з Канстытуцыі пункт аб імкненьні да нэўтралітэту — у Расеі вельмі спадабалася
- Нэўтралітэт нават такой краіны, як Швайцарыя, не перашкаджае ёй разьвіваць на прыярытэтнай аснове адносіны з пэўнымі дзяржавамі
- Гэты пункт Канстытуцыі не перашкаджаў быць у шчыльных саюзах з Расеяй, але ён быў пэўным засьцерагальнікам ад магчымых непрымальных прапановаў паглыбленьня гэтай шчыльнасьці
- Самае сумнае, што на такіх сустрэчах абмяркоўваюцца рэчы, важныя для краіны, а мы пра іх нічога ня ведаем
- Расейскія інвэстары нічым ня горшыя за іншых, скажам, нямецкіх, але я аддаў бы перавагу таму, каб у куплі беларускіх актываў удзельнічалі і расейскія, і заходнія інвэстары, каб забясьпечыць сваю бясьпеку
- Я ня стаў бы выключаць варыянт, што абставіны могуць так скласьціся, што дыялёг з Лукашэнкам для Захаду стане найменшым злом
- Калі ў 2015 годзе Беларусь была пад санкцыямі, гэта не перашкодзіла заходнім лідэрам прыехаць у Менск, каб заключаць пагадненьне па Ўкраіне
- Для Лукашэнкі складанасьць цяперашняй сытуацыі ў тым, што ён ня мае легітымнасьці ўнутры краіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У штабе Ціханоўскай ацанілі, якую эканамічную дапамогу атрымае Беларусь, калі правядзе сумленныя выбары
Самарукаў
- Многіх у Беларусі сустрэча ў Сочы расчаравала, былі чаканьні, што там будуць прынятыя нейкія важныя рашэньні, а ўсё прайшло вельмі рутынна
- Для Расеі беларускі крызіс спускаецца ўсё ніжэй у сьпісе яе прыярытэтаў
- Вырашылі сытуацыю з працягам дамовы аб стратэгічных узбраеньнях з ЗША, пачалося новае абвастрэньне адносінаў з Украінай, Беларусь адыходзіць на другі плян
- У Сочы пра палітычны крызіс у Беларусі не гаварылі, не гаварылася, што ў сувязі з гэтым нешта трэба рабіць
- Ён правёў УНС, паабяцаў канстытуцыйную рэформу, заявіў, што апазыцыю ён перамог
- Крэмль падтрымаў яго ў дэманстрацыі, што ўсё ў парадку
- Я летась казаў, што ў Масквы ёсьць жаданьне дэцэнтралізацыі ўлады ў Беларусі, але Лукашэнка будзе гэтаму супраціўляцца
- Пакуль Лукашэнка выйграе. Чым даўжэй ён зацягвае канстытуцыйную рэформу, тым мацнейшы ён робіцца ў стасунках з Крамлём
- Але гэта не канец крызісу
- Калі зараз ізноў загаварылі пра інтэграцыйныя «мапы», то ў пэўны момант размова ўпрэцца ў паўнамоцтвы Лукашэнкі
- Хутчэй за ўсё, ён будзе рэагаваць на гэта сваёй гульнёй у шматвэктарнасьць
- Крамлю гэтая гульня не спадабаецца, і ўзмоцніцца ціск на Менск
- Лукашэнку будзе вельмі складана выйграць яшчэ адны выбары
- Я ня думаю, што ў Беларусі зараз застаўся толькі адзін варыянт зьнешняй палітыкі, вы пераацэньваеце значэньне гуманітарнай рыторыкі Захаду
- Незалежнасьць Беларусі — гэта каштоўнасьць, якой ніхто не гатовы ахвяраваць, ні ў ЭЗ, ні ў новай адміністрацыі ЗША
- Рэакцыя Захаду на крызіс у Беларусі ў 2010 годзе была больш жорсткая, чым на леташні
- Таго, што Лукашэнка зможа ізноў прадаць Захаду сябе як адзінага гаранта беларускай незалежнасьці, я б ня стаў выключаць.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Крамлі расказалі, пра што дамовіліся Пуцін і Лукашэнка ў Сочы