Сяргей Пехцераў захоплены актывізмам. У вольны час дызайнэр і праграміст працуе над тым, каб у горадзе жылося камфортней. За рэалізацыю трох праектаў грамадзянская ініцыятыва «Грамадзкі магістрат» прызнала яго «Асобай году».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «З Лукашэнкам агульная толькі радзіма». Як дызайнэр з пакаленьня незалежнасьці зьмяняе жыцьцё горадуСьцісла пра Сяргея Пехцерава
- Нарадзіўся ў Магілёве. Скончыў фізыка-матэматычны факультэт Магілёўскага ўнівэрсытэту імя Куляшова.
- Індывідуальны прадпрымальнік. Супрацоўнічае з замежнымі кампаніямі.
- Стваральнік шэрагу чатаў, на якіх абмяркоўваюцца праблемы гораду.
- За ўдзел у маршы пратэсту адседзеў 14 дзён у магілёўскім ізалятары.
«Аўтазак — неад’емны элемэнт публічнага грамадзкага дзеяньня»
Сяргея Пехцерава ўганаравалі тытулам «Асоба году» за тры праекты. Два зь іх закраналі праблемы, зьвязаныя з пандэміяй каранавірусу. Падчас веснавога ўздыму захворваньняў Пехцераў прыдумаў флэшмоб у падтрымку тых, хто заставаўся ў самаізаляцыі. Сваёй ініцыятывай нагадваў гараджанам, як важна зьмяніць паводзіны ва ўмовах эпідэміі. Актывіст таксама друкаваў на 3D-прынтэры дэталі да ахоўных сродкаў.
Трэцім праектам, за які адзначылі Пехцерава, стаў тэлеграм-чат салідарнасьці для родзічаў затрыманых у першыя дні пасьля выбараў. Суполка «LOSQUE под ИВС» акумулявала сьпісы зьняволеных і іншую карысную інфармацыю.
Сяргей Пехцераў кажа: атрымаць узнагароду ад прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, якая апынулася пад жорсткім прэсінгам дзяржавы, яму было прыемна, бо ў вызначэньні намінантаў удзельнічалі і простыя гараджане. Ён лічыць, што людзей, якія зацікавіліся пытаньнямі разьвіцьця гораду, мясцовымі сацыяльнымі праблемамі, валянтэрствам стала нашмат болей, чым да пандэміі і палітычнага крызісу.
Цяпер, паводле яго, грамадзкая ініцыятыва блякаваная і пазбаўленая інструмэнтаў для рэалізацыі. За праявы публічнай актыўнасьці гараджане немінуча трапяць пад перасьлед, таму іхная актыўнасьць або кулюарная, альбо зьвялася да «партызанскіх вылазак». Атрымаць жа ў гарвыканкаме дазвол на правядзеньне імпрэзаў немагчыма, мяркуе ён.
«Цяпер ніводная грамадзкая імпрэза ня можа прайсьці без увагі сілавікоў. Аўтазак стаў неад’емным элемэнтам публічнага дзеяньня», — кажа актывіст.
Каранавірус таксама адбіўся на актыўнасьці людзей. Таму, кажа Пехцераў, грамадзкія суполкі часьцей ладзяць сустрэчы з экспэртамі, чым публічныя маштабныя імпрэзы.
На ягоны погляд, засталося мала сям’яў, не закранутых рэпрэсіямі і каранавірусам. Як сытуацыя зьменіцца да лепшага, то людзі знойдуць шляхі рэалізацыі сваёй актыўнасьці, перакананы ён.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўчанка vs Румас: Як зьмянілася жыцьцё пры новым прэм’еру«Гарвыканкам сам пабойваецца публічных мерапрыемстваў»
На думку Сяргея Пехцерава, санкцыянаваная ўладамі актыўнасьць не заўважная ў горадзе. За прамінулыя пяць месяцаў ён змог прыгадаць толькі навагоднія імпрэзы. Большасьць імпрэзаў чыноўнікі «схавалі» ў дзяржаўных установах.
Актывіст цьвердзіць: гарвыканкам пабойваецца праводзіць публічныя мерапрыемствы, каб на іх не прыйшлі тыя, хто пратэставаў супраць вынікаў выбараў і гвалту сілавікоў. Ён мяркуе, што чыноўнікі не гатовыя да гутарак з прадстаўнікамі арганізаваных груп гараджан.
«Кіраўніцтва гораду і раней ня рвалася на такія сустрэчы. На іх адпраўлялі часьцей адказных за пэўны сэктар гарадзкой гаспадаркі, — адзначае Пехцераў. — То бок раней не хадзілі, бо ім гэта не было патрэбна, а цяпер баяцца. Калі лёд зрушыцца, то жаданьне гаварыць зьявіцца абавязкова».
Наладжваньне ж дыялёгу з кіраўніцтвам гораду завісае да вырашэньня палітычнага крызісу, лічыць ён.
«Дыялёг — гэта калі яго ўдзельнікі гавораць як раўнапраўныя, а гэтага чакаць пакуль не выпадае», — заўважае суразмоўца.
На ягоны погляд, для грамадзка актыўных гараджанаў існуе яшчэ адна праблема: дзейнасьць сілавых структураў. Ён сумняваецца, што бліжэйшым часам удасца высьветліць там, чым можна займацца ў горадзе і ня трапіць пад перасьлед, а чым нельга.
«Валянтэрствам пазбыўся згрызотаў сумленьня»
У жніўні, калі ў магілёўскі ізалятар трапілі сотні пратэстоўцаў, Сяргей Пехцераў зь сябрамі дапамагалі родзічам зьняволеных выстойваць не адну гадзіну ў чэргах зь перадачамі. Каманда актывіста прывезла пад ІЧУ крэсельцы, ваду ды ежу.
Суразмоўца згадвае, што самым цяжкім было наладзіць камунікацыю з эмацыйна стомленымі людзьмі. Тыя саромеліся карыстацца зь іхнай дапамогі, бо не разумелі, чаму «нікому невядомыя людзі раптам раздаюць ежу ды ваду».
На думку Пехцерава, за прамінулы час людзі, якія трапілі пад перасьлед сілавікоў, зразумелі, што нехта іншы можа ім дапамагчы і саромецца падтрымкі ня варта, а трэба быць гатовым дапамагчы самому.
Суразмоўца прызнаецца: дапамагаючы людзям ля ізалятара, ён пазбываўся згрызотаў сумленьня ад таго, што пабаяўся выйсьці на вуліцу ў першыя дні пасьля выбараў. За тым, што адбывалася ў цэнтры гораду, назіраў з балькона і спрабаваў дапамагаць гараджанам праз сродкі камунікацыі.
«Маё сумленьне не давала мне супакоіцца і прымушала дзейнічаць. Адсюль у там ліку і валянтэрства каля ізалятара», — кажа ён.
«Зрабіў разьлік на цярпімасьць апэратыўнікаў да іншадумства — і памыліўся»
10 верасьня сам Сяргей апынуўся ў ізалятары за ўдзел у адным з маршаў пратэсту. Яго пасадзілі на 14 дзён адным зь першых. Да яго зьняволеньня суды выпісвалі пратэстоўцам штрафы. Актывіст прызнаецца: арышту не чакаў, а ў ізалятары адчуў сілу салідарнасьці, атрымліваючы з волі лісты падтрымкі.
Сяргей кажа, што ня меў да зьняволеньня досьведу стасункаў зь міліцыянтамі і калі трапіў да іх, то настроены быў «па-сяброўску». Спадзяваўся: яны зразумеюць, чаму ён выйшаў на пратэст. Казаў пра сваё стаўленьне да гвалту пасьля выбараў, даводзіў, што ў горадзе няма прыдатных месцаў для правядзеньня мітынгаў.
«Я не спрабаваў іх пераканаць, але зрабіў разьлік на іхную цярпімасьць да іншадумства. І памыліўся», — ацэньвае тагачасную сытуацыю з пазыцыі цяперашняга часу Сяргей.
Ён згадвае, што гвалту супраць яго не ўжывалі, але падчас допыту шукалі тое, што магло зацікавіць іншыя ведамствы. Выпытвалі, колькі ён зарабляе і ці ёсьць у яго дзеці.
Ён не бярэцца прагназаваць, ці адновяцца ўвесну пратэсты, бо сытуацыя залежыць ад мноства фактараў. На погляд Сяргея, грамадзтва чакае ад уладаў сыгналаў, што тыя гатовыя да дыялёгу дзеля вырашэньня палітычнага крызісу. Першым з такіх сыгналаў было б вызваленьне палітвязьняў, а таксама — пакараньне вінаватых у гвалце і гарантаваньне таго, што падобная сытуацыя не паўторыцца.
«Калі з тэлевізара гучыць, што 2021-ы — год адзінства, і пры гэтым працягваюцца затрыманьні людзей, то гэта не падобна да адзінства», — кажа Сяргей Пехцераў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 7 новых палітвязьняў. Усяго такіх 246