Я ўжо пісаў пра выбар мовы на новых сьцягах мясцовых грамадаў, пра дэсаветызацыю тапонімаў праз моўныя гульні, пра новыя назвы, якія зьявіліся ў 2020-м. Цяпер — пра адраджэньне на сьцягах моўнай і тапанімічнай традыцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Мова новых сьцягоўСьцісла:
- Выбіраючы сьцяг, людзі задумваюцца пра назву свайго паселішча. Некалі мясцовыя грамады прыйдуць да геральдыкі, угрунтаванай на гісторыі ды традыцыях.
- Пакуль што на сьцягах выявы „народнай этымалёгіі“: Копішча ад капішча, Сухарава ад сухара, Калінкавічы ад каліны — папраўдзе ж назвы іншага паходжаньня...
- ...як і Сьціклева, пра этымалёгію якога разважаю.
- Часам у беларускім найменьні ўглядаюць расейскую моўную асацыяцыю. Але Лошыца не ад „лошадзі“, Закаблукі не ад абцаса і Чахаўцы не ад Антона Паўлавіча.
- Затое характэрныя беларускія літары ў цэнтры кампазыцыі. Менская РаманаЎская Слабада і баранавіцкі ПаЎднёвы абазначаюць Ў двума пальцамі, як знак перамогі — замест V.
- На сьцягах вяртаюць беларускую лацінку Niamiha і Magistar, Barysaŭ, Čavusy, Pružana, Vaŭkavysk.
- Сталіца лацінкі — Babrujsk: там сем раённых сьцягоў лацінкаю.
- Адраджаюцца спрадвечныя беларускія тапонімы на месцы штучных савецкіх. Жыхары „Дзяржынску“ выходзяць пад сьцягамі з гістарычнаю назваю Койданаў, „Нарачы“ — Кабыльнік.
- Аднаўляюць беларускія нацыянальныя формы скажоных назваў: Берасьце, Бярэзань („Беразіно“).
- Ажываюць даўнія менскія Пярэспа, Кашары і Ляхаўка, Цівалі, Сакалянка, прадмесьце Гелянова ў Маладэчне.
- Каб жа вярнуць і Зацішша на месца „Сельгаспасёлку“, Доўгі Брод (дзе цяпер „Зьмена“), Ліпкі (замест памылкі савецкага службіста „Сьцяпянкі“) у Менску.
- А вёска Бальшавік пад Менскам — на месцы хутара Ліпавы Капец. Ён просіцца на сьцяг.
На народных сьцягах — „народная этымалёгія“
Выбіраючы сьцягі, жыхары задумваюцца пра паходжаньне назваў сваіх паселішчаў. Сур’ёзныя і жартоўныя этымалёгіі тут жа ўвасабляюцца ў мастацкіх вобразах.
Сухары і сухаркі
Прадказальна на сьцягах менскага Сýхарава — сухары ў розным выглядзе. Але націск сьведчыць, што назва не ад хлебапрадукту. Хутчэй за ўсё, ад мянушкі першапасяленца колішняй Сухараўскай зямлі са значэньнем ‘хударлявы’.
А паэт Сяржук Сокалаў-Воюш у прысьвячэньні сухараўцам узгадаў дыялектнае слова сýхаркі — тое самае, што сýкараткі ‘скручанае месца ніткі, вяроўкі’ — і параўнаў іх са счэпкамі ў шыхце:
Выходзяць зноўку і зноўку
Сухарава калёны.
Сухаркі — скруткі ў вяроўках,
Як счэпкі супраць разгону.
Няхай жыве наш копны суд!
Была дыскусія пра сьцяг у жыхароў Копішча — вёскі і жылога кварталу побач з Новай Баравой. Нібыта Копішча — скажонае „кáпішча“, месца бажніцы дахрысьціянскіх часоў. У кожным разе сьцяг нэўтральна-краявідны.
Папраўдзе ў назьве іншы корань, і яна ня менш адметная, бо ад слова капá, збор. Там зьбіраўся копны суд грамады. Гэтую традыцыю звычаёвага права ўзаконілі Статуты ВКЛ. Зрэшты, ёсьць і больш прыземленыя значэньні слова копішча — дзе капаюць зямлю ці выкапні (пясок, гліну, жвір, удакладняе дыялектоляг Іван Яшкін); могілкі; месца для копаў сена. І ўсё ж алегорыя народнага суду — актуальна і тапанімічна абгрунтавана.
Вада ў рацэ як шкло ці як...?
Не бракуе на сьцягах вясёлых літаральных асацыяцыяў. У назьве Асееўка ўчулі кусачую асу, у тапоніме Жукаў Луг, наадварот, — аўтамабіль фальксваген „Жук“.
Сьцяг Малога Сьціклева з выявай брусэльскага хлопчыка.
Дарэчы, корань слова, на якое намякаюць менскія брусэльцы, па-беларуску менавіта на сц-, а не сс-: у нашай мове ссаць — ‘смактаць’, адсюль сысуны (Mammalia), кляса жывёльнага сьвету. Пра назву вёсак і ўжо менскага прадмесьця Сьціклева (Сьціклеў) ёсьць розныя гіпотэзы: так, тапаніміст В. Лемцюгова лічыць, што ў аснове яе дыялектызм сьцеклы ‘шалёны, нястрымны’.
Пішуць, што назва была Сцыклеў і немілагучнасьць падправілі ў савецкі час. Але бачу, што ў 1920 годзе (пэрыяд польскай улады) Гірш Буднік і Гірш Сіроткін арандавалі ў Аляксандра Любанскага folwark Ściklewo.
Мая думка — у назьве тыповае для Меншчыны рэха балцкіх гідронімаў. Імя рэчкі Сьціклеўкі яўна ім сугучнае: у Літве гэта возера Stiklius, рэчка Stikliupė, вір Stiklinė; у Латвіі возера Stiklezers, рака Stiklvalks; нават у Прусіі возера *Stiklinge. Усе з коранем Stikl- ‘шкло’. Славянскія назвы рэк таксама бываюць ад „шкла“ — бо празрыстае.
„Cogito ergo sum“, — сказала суворая Шчомысьліца
Пазнавальны сьцяг Шчомысьліцы — вёскі, раней засьценку і фальварку, ужо фактычна часткі сталіцы. Усе чуюць у назьве корань мысьль; да таго ж станцыя чыгункі там Памысьлішча. Наіўная легенда выводзіць назвы ад дыялёгу тутэйшага з купцом, чамусьці ўкраінскім: маўляў, „шчо мысьліш пра цану? памысьлі шчэ!“
Але папраўдзе надзейнай этымалёгіі няма. Даўняя форма Шчомысьл(е)ніца мала чым дапамагае ў пошуках. Мо было двухкаранёвае імя айца-заснавальніка кшталту *Шчыто+мысл, ад носьбіта якога і пайшла назва, але такое пакуль не адкрыта. Хоць тапонімаў з часткаю мысл- у нас шмат: Дабромысьль, Галомысла, Розмыслава... Таму прызнáем Шчомысьліцы (а там жа некалькі факультэтаў БДУ) права на „Мысьляра“ А. Радэна.
Калінкавічы прадказальна выявілі на сьцягу гронку каліны. Але назва гораду ад імя Каленік, аўтэнтычная форма Каленкавічы.
Лошадзі ў падсьвядомасьці
Бывае, што ў традыцыйным беларускім найменьні прачытваюць расейскую моўную і/ці культурную асацыяцыю.
Назва Чахаўцы́ (пад Лідай) або таго ж кораня, што і чахец ‘пахілы хвойнік’, або ад формы імя Часлаў. Але на сьцягу змагарнай вёскі партрэт Чэхава Антона Паўлавіча.
На сьцягу Закаблу́каў пад Менскам прадказальна бот з абцасам. Але наўрад ці імя зьвязана з абуткам, у ім чуваць корань лу́к(а) ‘лукавіна, выгін ракі ці ручая’ („каблук“ у значэньні ‘дуга’ тут бачыць Ігар Капылоў; параўн. і сабраныя Іванам Яшкіным назвы таго ж значэньня закабоўка, закабáлак).
На сьцягах Лошыцы конь. Але назва старадаўняга прадмесьця не ад „лошадзі“ (гэта расейскае слова, цюркізм), а ад рэчкі Лошы, якая, хутчэй за ўсё, — балцкага паходжаньня: значэньне кораня laš- (у сучаснай літоўскай lašas 'кропля', lašėti 'капаць') натуральнае для гідронімаў. Выводзяць назву і ад балцкага кораня 'стронга, ласось', але гэта, на маю думку, менш імаверна.
Мо на сьцяг яшчэ трапіць Лошыцкая сядзіба: яна поўная легендаў і знакавых імёнаў, дый у Менску няшмат засталося архітэктурных помнікаў.
Усё будзе добра
Людзям хочацца, каб іхную мясьціну пазнавалі на аснове першай жа асацыяцыі. Але літаральныя прачытаньні не заўсёды грунтуюцца на беларускім моўным кантэксьце ды тапанімічнай гісторыі. Не крытыкую шчырых аўтараў сьцягоў і адважных сьцяганосцаў, наадварот, захапляюся імі. А дзякуючы нечуванаму росту сьвядомага мясцовага патрыятызму зьяўляецца попыт на веды ў лякальнай гісторыі і тапаніміцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ужо сёньня: Дзень нараджэньня Наркевіча-ЁдкіДойдзе справа да геральдыкі мясцовых грамадаў, угрунтаванай і на глыбейшай гісторыі ды геральдычных традыцыях. Тады, магчыма, Уручча ўспомніць гербы Радзівілаў (Біржанскіх) і Ваньковічаў; Лошыца ўзгадае колішніх уладальнікаў Прушынскіх і Любанскіх (а мо і частага госьця Лошыцы Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча). А Зялёны Луг і асабліва Цна ўшануюць вынаходніка электраграфіі (і радыё — раней за Папова і Марконі) Якуба Наркевіча-Ёдку і сядзібу, якая цяпер на высьпе пасярод вадасховішча...
Па літары пазнаем сваіх
Знак перамогі — Ў
Cамая пазнавальная беларуская літара Ў — цэнтар кампазыцыі некалькіх сьцягоў: ЧыжоЎка, ЮхнаЎка. Менская РаманаЎская Слабада і баранавіцкі ПаЎднёвы абазначаюць Ў двума пальцамі, як знак перамогі — замест V. На баранавіцкім сьцягу дужка над Ў — самалёт з вайсковага аэрадрому. У Магілёве дужкай Ў на сьцягу Я/МЫкубоЎскага служыць куб, а ў БараЎлянах — мэдычны крыж.
Горадзенская Дзевятоўка спалучыла дзявятку і Ў — каб не сумняваліся, што яна заве сябе па-беларуску. І на сьцягу МДЛУ (чамусьці МГЛУ, „грамадзянскі“ ўнівэрсытэт) эмблема-пераклад: кітайская ідэаграма „тэкст“ канвэртуецца ў беларускую літару Ў.
Зрэшты, не бракуе і традыцыйнай V dla Viktoryi: берасьцейская Vулька. А сам жа тапонім пра свабоду: волька (дыял. зах.-палеск. вулька) — паселішча вольных ад павіннасьцяў і чыншу гаспадароў. Падобная графічна-тапанімічная мэтаграма — сVабадская ў Менску. Вуліца Слабадзкая побач з Дворыцкай Слабадой, а слабада — тое, што і волька: паселішча свабодных.
Z у назьве Zaцань, відаць, ад заступніка народных масаў Zorro ў фільмах пра Гішпанскую Каліфорнію. Назва ж гэтай ваколіцы побач з Драздамі азначае ‘за Цной’ (таму ня „Зацень“!). А ўласна Цна мае сьцяг з надпісам „моЦна“.
Патрыятычныя і эпічныя менскія Шабаны выявілі сваю першую літару як Гедзімінавы Калюмны. А магілёўскі раён Восьмы Цагельны (не „цагляны“! бо завод, цагельня) выбраў знакам васьмёрку на баку ∞, якая зрабілася знакам бясконцасьці, а ў ёй — літары МЫ (восьмы, не „восьмой“).
Бабруйск — сталіца. Беларускае лацінкі
Сьцягі з надпісамі традыцыйнаю беларускаю лацінкаю — гэта не варыянты накшталт Brilevichi для Брылевічаў у Менску ці Kiewka для Кіеўкі ў Берасьці — калі бяруць першыя падручныя лацінскія літары і перадаюць імі расейскую назву. І не крэатыў кшталту YESenin Street (менская Ясеніна).
Правільная лацінка — гэта Niamiha 1067. Тут і год бітвы, і правільная літара Hh для беларускага фрыкатыўнага [Г]. А на сьцягу менскага кварталу надпіс Magistar праз Gg, што таксама карэктна, бо ў гэтым лацінскім пазычаньні гістарычна вымаўлялі выбухны [Ґ], як і ў словах ґонта ці ґанак. Напісалі тарашкевіцай — з устаўным галосным дзеля мілагучнасьці.
Лацінкаю пазначылі сябе Barysaŭ, Čavusy, Pružana (у адзіночным ліку — традыцыйная назва), Vaŭkavysk, Kojdanaŭ. У Горадні лацінку на сваім сьцягу нясе Alšanka, у Віцебску — vulica Haharyna (з партрэтам патрона вуліцы ў шаломе зь літарамі СССР).
А сама больш беларускае лацінкі сярод беларускіх гарадоў — на сьцягах Бабруйску: уласна Babrujsk, Bobr, Šynny, „Spartak“, Farštat i Trykutnik (традыцыйнае слова замест „трохвугольніка“; там зьбег чыгуначных каляінаў такой формы) ды Kisialievičy геаграфічным трансьлітам (беларускай нацыянальнай лацінкай было б Kisialevičy).
Імёны зямлі адраджаюцца на сьцягах
Аўтэнтычныя назвы гарадоў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Не Акцябарскі, а Рудобелка; не Дзяржынск, а Койданаў; ня Кіраўск, а Качэрычы
На сьцягах ажываюць спрадвечныя беларускія тапонімы, штучна замененыя савецкімі або яшчэ царскімі ўладамі. Жыхары гораду з афіцыйнай назвай „Дзяржынск“ выходзяць пад сьцягамі, на якіх гістарычная назва — Койданава / Койданаў.
Мяшчане нарачанскага Кабыльніку ніколі не пагаджаліся з савецкай тапанімічнай уніфікацыяй, калі адразу некалькі паселішчаў пераназвалі ў „Нарач“. На сьцягу старадаўняе імя.
Вяртаюцца беларускія нацыянальныя формы некалі скажоных назваў. Прынамсі на адным сьцягу гораду над Бугам (вуліцы Янкі Купалы) спрадвечная беларуская форма — Берасьце.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарады з «памылкамі» ў назвах: Брэст ці Берасьце?У Горадні — „Вольная Гародня“ (спрэчны варыянт націску, які дзякуючы У. Караткевічу і М. Ткачову ўспрынялі некаторыя мясцовыя жыхары), праўда, з партрэтам Пушкіна, бо вуліца яго імя.
Бярэзань — жывая народная назва гораду над Бярэзінай (імя якой увайшло, дарэчы, у францускую мову).
Спрадвечныя назвы ваколіц
Бачым на сьцягах старадаўнія менскія тапонімы Пярэспа (дзе легендарны млын мітычнага Мянеска), Залатая Горка, Кашары і Ляхаўка, Цівалі (гэта ўвесь абшар паміж мэтро „Пушкінская“ і „Спартыўная“), Сакалянка (колішняе Сакалянскае прадмесьце, раён Дзянісаўскай і Палявой), Шчотаўка (Аўтазавод), прадмесьце Гелянова ў Маладэчне ды многія іншыя.
Некаторыя з такіх назваў раёнаў часткова вярнуліся раней — у выглядзе назваў вуліц, паркаў або станцыяў мэтро. Але асабліва каштоўна, калі жыхары самі ведаюць сапраўднае імя сваёй мясьціны ды сьвядома яго пішуць на сьцягу. Гэта будучыя афіцыйныя назвы мясцовых грамадаў — калі вернецца самакіраваньне.
„Сьцяпянка“ — памылка прыежджага чыноўніка
Лебядзіны — па-беларуску правільна: не русізм „Лябяжы“, які спрабавала ўкараніць чыгунка. Назва ад сучаснага заказьніка на сажалцы. Але трохі шкада, што не ажыў на сьцягах аўтэнтычны суворы Ржавец — тапанімічны рарытэт, імя вёскі прынамсі з XVI стагодзьдзя, ад старажытнай назвы жалезаруднага балота; так мікрараён і афіцыйна завецца.
Вернуцца на менскую мапу Добрыя Мысьлі (на месцы Маскоўскай), супакойлівае Зацішша замест савецкага канцылярскага Сельгаспасёлку, Татарская Слабада (дзе цяпер „Пераможца“ і стэла).
Да сыстэмаўтваральных тапонімаў гораду належыць Доўгі Брод. Імя прадмесьця ад назвы ўрочышча і ўласна броду праз рэчку Сьлепню. Гістарычная вуліца Даўгабродзкая — адна з найдаўжэйшых гарадзкіх трасаў. Але яе перайменавалі ў гонар савецкага партызанскага начальніка і нават падчас тапанімічнай адлігі канца 1980-х — пачатку 1990-х гістарычную назву вярнулі толькі паўднёвай частцы.
У савецкі час, калі вуліца насіла імя Казлова, насельнікі колішняга ўрочышча звалі свой раён „Зьмена“ — ад кінатэатру. І сёньня ён на сьцягу, сугучна атмасфэры wind of change. Усё ж спадзяюся, што Доўгі Брод вернецца.
Жыхары вуліцы Геалягічнай і ваколіцаў разбуранага лецішча Цанавы могуць вярнуць сваёй зямлі спрадвечнае імя Ліпкі, выціснутае штучнаю ў беларускай мове назваю чыгуначнай станцыі „Сьцяпянка“, якая пашырылася і на былы тамтэйшы вайсковы гарадок. Няма ў Беларусі стэпаў (у кожным разе чаму не „Стапянка“?). Аэрадром у канцы 1930-х, а ў 1944-м станцыю (дзякую Вадзіму Зелянкову за ўдакладненьне) так назвалі прыежджыя службоўцы, відаць, няправільна прачытаўшы літару ў назьве „Слепянка“.
Сьцяг Бальшавіка пад Менскам не ратуе нават Пагоня. А вёска стаіць на месцы хутара Ліпавы Капец (на такое вяртаньне імя могуць пагадзіцца нават бальшавікі: капец, падумаюць яны, ліпавы ;-)).