Сьцісла:
- Як назваць і натхніць людзей, якія гэтымі днямі твораць гісторыю Беларусі? Вы — якія?
- „Незвычайныя, выключныя“. „Добрыя“, а яшчэ „дасканалыя, файныя, непаўторныя, незраўнаныя“… Гэта з слоўніка сынонімаў. Дадам: „найлепшыя, дзівосныя; цудоўныя, надзвычайныя“.
- Івонка Сурвіла, якая зьберагла міжваенную моўную традыцыю, кажа: „Надзвычайныя людзі!“.
- А слова годныя — грунт цэлай кампаніі адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці „Годна“.
- Словам „невероятные“ па-расейску людзей пачалі называць нядаўна, пераважна ў сфэры шоў-бізнэсу. Калька ангельскага „You are incredible!“
- У беларускай мове расейскаму слову „невероятный“ адпавядае „неймаверны“. Беларускае „неверагодны“ — па-расейску найперш „недостоверный“.
- Слова ж „верагодны“ — пра дакумэнт ці чалавека, якім можна давяраць. Веры годны.
Як назваць (і натхніць) людзей, якія гэтымі днямі твораць гісторыю краіны? Пазытыўных прыметнікаў, якія традыцыйна пасуюць да назоўнікаў людзі, беларусы, — нямала.
Добрыя людзі, сумленныя, зычлівыя, гасьцінныя, ахвярныя, адважныя... Павялося апісваць беларускі мэнталітэт словамі памяркоўныя і талерантныя. Але ня кожнае можна ўжыць як натхняльнае.
Пра асабліва выразную, выяўленую якасьць скажам:
Незвычайны — выключны, унікальны; добры — дасканалы, выдатны, файны, непаўторны, незраўнаны... (так дае „Слоўнік сінонімаў...“ Міхася Клышкі).
А я дадаў бы яшчэ найлепшыя, дзівосныя, цудоўныя, надзвычайныя (людзі).
Апошняе — адно з характэрных эмацыйных словаў Івонкі Сурвілы, старшыні Рады БНР; яе мова захавала жывыя рысы міжваеннай традыцыі. „...Быў Уладзімер Шыманец надзвычайным бацькам“, — успамінае яна свайго тату, лідэра паваеннай беларускай дыяспары Францыі. Або пра актывістаў дыяспары: „Цудоўныя людзі, змагаюцца... за сваю беларускасьць, за незалежнасьць Беларусі. Надзвычайныя людзі”.
Воклічы „Людзі, вы цудоўныя! Людзі, вы надзвычайныя!“ — натуральныя для беларускае мовы.
Адкуль выраз „Вы невероятные!“
Гэты спокліч па-расейску загучаў яшчэ зь перадвыбарчых сцэнаў. Адказ на пытаньне, як яго перакласьці на беларускую, — не такі просты.
Прыметнікам невероятный у расейскай мове раней не апісвалі чалавека. Першыя масавыя прыклады такога — з нулявых гадоў. Прыклад падала ангельская мова. Там для перадачы гіпэрбалізаванай ацэнкі, надзвычайнай якасьці ў дадатак да unique, unmatched, unsurpassed, utmost і падобных пачалі ўжываць incredible. Прафэсійныя перакладнікі падаюць яго па-расейску і як невероятный, і як потрясающий.
Стылісты кажуць, што прыметнік incredible, калі ён пра чалавека, — то пра станоўчыя якасьці, а вось unbelievable — не зусім, хоць фармальнае іх значэньне блізкае. У кожным разе зварот You are incredible! у ангельскамоўным сьвеце бытуе як найвышэйшая пахвала.
У сучаснай расейскай прасторы зварот да аўдыторыі „Вы невероятные!“ характэрны для сфэры шоў-бізнэсу. Пошук выдае прозьвішчы: Ксения Собчак, Максим Галкин, Анна Седокова, мадэль з Башкарстану на конкурсе „Мисс Россия“… (Зазначу, што я гэтыя імёны і іх носьбітаў не распазнаю, акрамя першай — дзякуючы яе бацьку).
Ня грэбаваў гэтым зваротам па-расейску і Ўладзімір Зяленскі, калі быў зоркай шоў-бізнэсу, а цяпер пэрыядычна зьвяртаецца да розных аўдыторыяў па-ўкраінску: „Ви неймовірні!“
Але як „невероятные“ па-беларуску?
Слоўнікі беларускай мовы згодна цьвердзяць: асноўнымі адпаведнікамі расейскіх вероятный / невероятный ёсьць імаверны / неймаверны. Апошні абазначаенадзвычайную ступень нечага: неймаверная сіла. У сучаснай беларускай мове не апісвае людзей. Таму беларускім адпаведнікам расейскага „Вы невероятные!“ лічыць „Вы неймаверныя!“ можна толькі прыблізна.
Нехта зьдзівіцца, але варыянт „Вы неверагодныя!“ можна палічыць нават абразай.
Адно з значэньняў слова неверагодны — ‘які выклікае сумневы, недавер’. Зусім лягічна, бо пазытыўнае слова — верагодны — акурат і значыць найперш ‘які адпавядае рэчаіснасьці’. А таксама — несумненны, надзейны, які выклікае давер.
Пра гэтыя словы калісьці на хвалях Свабоды разважаў мовазнаўца сьв. п. Юрась Бушлякоў:
„...Слова верагоднасьць ужываюць проста на ўзор фармальна блізкага зь ім расейскага назоўніка вероятность — і гэтым размываюць спэцыфіку беларускай верагоднасьці. (...) Верагодны — той, якому верым, пэўны, дакладны. Імаверны— падобны да праўды, толькі магчымы“.
Я зь Юрасём згодны. І ўсе спэцыялісты (стылісты газэты „Звязда“, укладальнік юрыдычнага слоўніка Ігар Буяльскі), якія аналізавалі гэтыя словы, аднадушныя: падмяняць значэньне слова верагодны шкодна для культуры маўленьня.
Судзьдзі — добрыя і верагодныя
Прыметнік верагодны празрыстай будовы, ад веры годны. У старабеларускай мове гэта быў юрыдычны тэрмін і важная кадравая характарыстыка. Прэтэндэнты на дзяржаўныя пасады, сьведкі пры падпісаньні тастамэнту, панятыя — усе мусілі быць „веры годныя“.
У Статуце 1588 году тэрмін веры годны / годны веры ўжыты 52 разы. У разе хваробы судзьдзі, падсудка ці пісара мясцовая шляхта мусіла давыбраць на месца адсутнага „каго другога чалавека добрага, цнатлівага, веры годнага, у праве і пісаць умеючага шляхціча…“ (разьдзел IV, арт.4).
Тады ўладныя функцыі перадавалі толькі веры годным, верагодным людзям — таму і законапаслушэнства засталося ў беларускай мэнтальнасьці. І выраз веры годны, верагодны для яе асноватворны.
„Рускаму“ вѣры годный у „Леѯіконѣ“ Памвы Бярынды (Куцейна ля Воршы, 1653) адпавядае царкоўнаславянскае достовѣрный. Гэтаксама ўжо расейскае достоверный перакладаюць беларускім верагодны слоўнікі ХХ стагодзьдзя.
У расейскай выразна проціпастаўляюцца прыметнікі вероятный — достоверный. І недарэчна гучала б „Вы недостоверные!“ Ужо таму беларускі прыметнік неверагодны лепш не ўжываць як пазытыўную характарыстыку.
А вось беларускі прыметнік годны для гэтага прыдатны.
Годныя
Сынонімы — дастойны, варты. Слова старадаўняе, агульнаславянскага кораня, ён і ў словах прыгадзіцца, гожы, прыгожы.
Годныя людзі (Уладзімер Караткевіч, „Хрыстос...“); годны, як паляшук (Віктар Карамазаў)... Нездарма грамадзкія ініцыятывы пачалі сёлета кампанію адраджэньня нацыянальнай сьвядомасьці „Годна“: „Сучасную беларускую нацыю ствараюць ня проста беларусы, а годныя беларусы, дынамічныя людзі, якія (...) стаяць на грунце беларускіх каштоўнасьцяў“.
Неверагодны = ненатуральны?
Слоўнікі слоўнікамі, але і творцы, якія адчувалі жывую мову, ня хібілі. Клясыкі-пачынальнікі, асабліва заглыбленыя ў старабеларускую традыцыю, як Ластоўскі, старажытную формулу вярталі, няхай у стылізаванай форме:
Веры годны навочны сьведка апавядаў аб тым, як дворня абдзірала народ... (Паншчына. Крыху разрозьненых выпісак зь мінуўшых дзён)
І ў міжваенную пару, яшчэ да пачатку сыстэмнай русыфікацыі, і пасьля вайны насуперак ціску асяродзьдзя пісьменьнікі-стылісты ўжываюць словы (не)верагодныкарэктна. У асяродку творцаў і інтэлектуалаў „Узвышша“, які фармаваў узор літаратурнае мовы беларускага гораду, слова (не)верагодны ўжывалася менавіта так.
Уладзімер Дубоўка (дарэчы, ня толькі творца, а і мовазнаўца):
Наколькі компэтэнтнымі і верагоднымі сьведкамі могуць быць у падобных пытаньнях менавіта поэты? (артыкул „Падоўжаныя (або падвойныя) зычныя і спосаб іх азначэньня на пісьме“. Узвышша, № 2, 1929)
Самы першы, афіцыйны і верагодны дакумэнт, гэта дэклярацыя „Ўзвышша“ (…) у часопісе „Ўзвышша“ № 1 за 1927 г. (Ліст да Івана Саламевіча пра заснаваньне згуртаваньня, 1973 г.).
Узвышэнец Антон Адамовіч, які пасьля эміграцыі паяднаў у сваёй мове менскую і віленскую традыцыі, пасьлядоўна ўжываў этымалягічна празрыстую форму верыгодны:
Я даведаўся гэта ад сама верыгодных людзей...
Гэта пераклад „Рэвізора“ Гогаля, пра прыезд чыноўніка, у арыгінале — „от самых достоверных людей“.
У літаратараў Заходняй Беларусі сэмантыка слова тая самая. Максім Танк:
Я толькі чуў яго
Звон «Беларускай дудкі».
I ўсё ж свае ўспаміны
Я лічу
Такімі ж верагоднымі,
Як і яго сучасьнікаў.
(Францішак Багушэвіч. 1980)
І слова з адмоўем — неверагодны — клясыкі ня блыталі зь неймаверным. У Коласа:
Аляксандар Галубовіч ... з прытоенаю ўсьмешкаю прыслухоўваўся да неверагодных падзей (...) Дый нельга было не сьмяяцца, гледзячы на сур’ёзную Сымонаву міну, зь якой выдаваў ён лухту за праўду. („На ростанях“)
Тут неверагодныя і азначае ‘якім няма веры’, сынонім — лухта.
Янка Брыль (узгадаваны на віленскім моўным стандарце) жывога месца не пакідае на рэцэнзаванай аповесьці:
Аўтар аповесьці «Паплавы» А. Асіпенка прымусіў сваю гераіню, заатэхніка Веру, рабіць цэлы шэраг ненатуральных і таму неверагодных учынкаў, якія, у выніку, разбураюць гэты вобраз зь сярэдзіны. (...) Нагнятаньне фальшу не абышлося без пакараньня: аповесьць, калі яе дачытаеш і азірнесься, рассыпаецца без усякага выбуху, як кубікі…
Тут неверагодны = ненатуральны, фальшывы. Няма веры — няма літаратурнага твору.
Грэка-лацінскі корань
Двухкаранёвыя словы абстрактнага значэньня часта ўзьнікалі як калькі з грэцкай мовы — ці наўпрост, ці праз стараславянскую, ці праз лацінскую. Расейскае слова достоверный ішло праз царкоўнаславянскую, а старадаўнія паўднёвыя славяне скалькавалі грэцкі прыметнік ἀξιόπιστος — ад ἄξιος + πίστις (варты/годны + вера/давер).
Лацінскі выраз fide dignus ‘веры годны’, магчыма, пераняты ад грэкаў, але з адваротным парадкам каранёў. У сярэднявечнай лаціне — адной з de facto афіцыйных моваў ВКЛ — два словы шчыльна зрасьліся і ўспрымаліся як адно. І ці то паралельна з лацінскай утварыліся, ці то былі скалькаваныя адпаведныя словы ці выразы сучасных моваў Цэнтральнай, Паўночнай і Заходняй Эўропы: ням. glaubwürdig, анг. trustworthy; славацкае vierohodný, чэскае (dů)věryhodný, верхнялужыцкае wěryhódny, польскае wiarygodny (даўней wiarogodny). У гэтым шэрагу і ўкраінскае вірогідний ‘який не викликає сумніву; достовірний’, і беларускае верагодны.
Дзівацтвы „грамар-нацы“ ці клопат пра моўную гігіену?
Мне ўжо казалі, што, маўляў, шмат хто па-беларуску ўжывае слова неверагодны намесцы расейскага невероятный і што пара-тройка няшчасных „грамар-нацы“ гэтым шчыльным радам ня зможа процістаяць.
Дадам, што і слова верагодны ўжываюць у невядомым раней беларускай мове і супярэчным самой яго будове значэньні. Але прычына толькі адна — уплыў расейскага (не)вероятный. Апошнімі гадамі сваю ролю адыграў гугальтрансьлейт, які першым адпаведнікам для вероятного падае менавіта верагодны. Чым пярэчыць перакладным слоўнікам, у прыватнасьці расейска-беларускаму пад рэдакцыяй Крапівы, дзе рас. вероятный = бел. імаверны, праўдападобны, магчымы. А рас. достоверный = бел. верагодны, пэўны, дакладны.
Але вось прыклады з тэкстаў: „неверагодная памяць“, „верагодная фальсыфікатарка“, „неверагодная крыніца інфармацыі“... Памяць, якой нельга давяраць, — або надзвычай добрая памяць? Фальсыфікатарка гіпатэтычная— ці якой можна верыць? Словы-самі-сабе-антонімы разбураюць моўную сыстэму.
Таму лепш не імкнуцца для перадачы сваіх эмоцыяў даслоўна перакладаць чужое. Часам гэта і немагчыма. Заставаймася ў полі нашае моўнае традыцыі.