Сьвятлана Ціханоўская лічыць, што дыялёг з рэжымам Аляксандра Лукашэнкі магчымы, але заходнім краінам неабходна працягваць ціснуць на Беларусь. Пра гэта яна расказала ў інтэрвію вядучаму праграмы BBC Hard Talk Стывэну Сакуру.
На пытаньне журналіста пра тое, ці не было зь яе боку наіўным лічыць, што рэжым Лукашэнкі правядзе сумленныя выбары і дазволіць ёй перамагчы, Ціханоўская прызнала, што праявіла наіўнасьць. «Беларусы ведалі, што выбары будуць сфальсыфікаваныя. Людзі былі да гэтага гатовыя. Але іх сьвядомасьць памянялася і яны ведалі, што гатовыя змагацца за гэтыя выбары, за свае галасы», — сказала яна.
Вядоўца папрасіў суразмоўцу расказаць пра тое, што адбылося 10 жніўня — на наступны дзень пасьля выбараў, калі, як сказаў Сакур, Ціханоўская была цалкам упэўненая ў перавазе галасоў на яе карысьць.
«Вы пайшлі ў беларускі выбаркам, каб запатрабаваць сумленнага падліку галасоў. Я ведаю, што там вы сутыкнуліся з рэальнасьцю і вам сказалі, што, калі вы працягнеце сваю кампанію, будуць сур’ёзныя наступствы. Вы не гаварылі канкрэтна, што вам сказалі. Можаце расказаць цяпер? » — спытаў Сакур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кожны такі вырак паскарае ўвядзеньне і пашырэньне санкцыяў», — Ціханоўская пра прысуд НяронскамуЦіханоўская адказала, што ня можа расказаць усе падрабязнасьці, але адзначыла, што яе паставілі перад выбарам — альбо адправіцца ў турму, альбо ў Літву да дзяцей, якіх яна адправіла туды загадзя, каб гарантаваць іх бясьпеку.
«У той момант я зрабіла свой выбар. Я ведала, што ня здамся і нават у выгнаньні буду працягваць змагацца і буду падтрымліваць Беларусь і народ у іх барацьбе. Мяне вымусілі пакінуць краіну», — адзначыла яна.
На пытаньне, ці не адчувае яна адказнасьць за тое, што ў краіне сотні людзей сталі палітычнымі вязьнямі, што ёсьць сьведчаньні катаваньняў і сэксуальнага гвалту ў адносінах да жанчын у турмах, а таксама за гібель людзей, якія пацярпелі ад дзеяньняў праваахоўнікаў, Ціханоўская сказала, што адзіны чалавек, які нясе адказнасьць за пакуты беларусаў, гэта Лукашэнка і яго атачэньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлану Ціханоўскую вылучылі на Нобэлеўскую прэмію міру«Ня я разьвязала гвалт і ня я ўчыніла зьверствы ў дачыненьні да нявінных людзей. Я адказваю толькі за сваё жаданьне дамагчыся сумленных выбараў, і ўсё. І кожны нясе адказнасьць за жаданьне пабудаваць новую краіну. Гэта адзінае, за што мы адказныя, але не за гвалт, пакуты і за ахвяры», — падкрэсьліла яна.
Адказваючы на пытаньне Сакура, ці ня служыць для яе прыкладам расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны, які вярнуўся ў Расею, ведаючы, што яго арыштуюць, Ціханоўская падкрэсьліла, што яны знаходзяцца ў розных сытуацыях.
«Навальны — ужо палітык, і ён займаецца гэтым не адзін год. Я апынулася ў гэтым становішчы воляю лёсу. Я не плянавала стаць прэзыдэнтам. І па-другое, я адчуваю адказнасьць за дзяцей. Таму што мой муж у турме. А аднаму зь дзяцей патрэбен асаблівы догляд. І мне трэба двойчы падумаць, перш чым прымаць рашэньне аб вяртаньні ў Беларусь», — сказала Ціханоўская.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люблінскі трохкутнік безь Беларусі ня поўны». У Кіеве расказалі пра размову зь Ціханоўскай і магчымы дыялёг з Лукашэнкам«А вы ня думаеце пра вяртаньне? Мы ўсе бачылі, як прыезд Навальнага ў Расею натхніў там апазыцыю. Тысячы людзей ізноў выходзяць на вуліцы. Калі б вы вярнуліся, гэта таксама зрабіла б вялікі эфэкт. Вы ня думаеце пра гэта?» — спытаў вядучы.
«Я думаю пра гэта. Але ў Беларусі няма закону, і ў Беларусі ўжо шмат палітычных зьняволеных, многіх затрымалі, — сказала Ціханоўская. — Нават калі я вярнуся і мяне пасадзяць у турму, на кагосьці гэта паўплывае — людзі, безумоўна, адрэагуюць. Але я ўпэўнена, што змагу зрабіць нашмат больш, чым калі проста стану чарговай ахвярай і апынуся ў турме. Людзі паднімуцца, я ўпэўнена, яны захочуць абараніць мяне. Але калі гэтага не адбудзецца — я стану чарговым палітычным вязьнем».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская выступіла перад 700 дыпляматамі з усяго сьветуСакур працытаваў ліст мужа Ціханоўскай Сяргея, у якім гаворыцца, што Лукашэнка не гатовы ні з кім весьці перамовы, а ўлада служыць для яго гарантыяй бясьпекі і для яе захаваньня ён гатовы пайсьці на што заўгодна, і спытаўся ў яе, як яна ў сьвятле сказанага ўяўляе сабе дыялёг з кім-небудзь з прадстаўнікоў цяперашняга рэжыму.
Ціханоўская ўпэўненая, што дыялёг магчымы.
«Я ўпэўнена, што нам трэба як сьлед націснуць на гэты рэжым унутры краіны з дапамогай пратэставага руху, дэманстрацый, але таксама ціск неабходны і з-за межаў краіны ў выглядзе санкцыяў і рашэньняў міжнародных лідэраў. Мы ня хочам гвалту ні ў якай форме, таму што гэта ня наш шлях. Я спадзяюся, што беларусы самі ўсё зробяць», — дадала яна.
Хто такая Сьвятлана Ціханоўская?
Сьвятлана Ціханоўская — беларускі палітык, былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі. Цяпер знаходзіцца ў Літве.
- Сьвятлана Ціханоўская нарадзілася ў 1982 годзе ў Мікашэвічах (Берасьцейская вобласьць).
- 15 траўня 2020 году пасьля адмовы Цэнтральнай выбарчай камісіі зарэгістраваць мужа Сьвятланы, зьняволенага лідэра кампаніі «Страна для жизни» блогера Сяргея Ціханоўскага, Сьвятлана ад свайго імя падала дакумэнты на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. 20 траўня яе групу зарэгістравалі. 29 траўня кіраўніка яе выбарчага штабу Сяргея арыштавалі зноў.
- Кандыдаткай у прэзыдэнты Ціханоўскую зарэгістравалі 14 ліпеня 2020.
- Пасьля арышту прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Віктара Бабарыкі і ўцёкаў за мяжу яшчэ аднаго прэтэндэнта Валера Цапкалы іх штабы аб’ядналіся з штабам Сьвятланы Ціханоўскай. Аб’яднаны штаб правёў пасьпяховую выбарчую кампанію з шматтысячнымі мітынгамі ў вялікіх і малых гарадах Беларусі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- Паводле афіцыйных зьвестак ЦВК, на выбарах Сьвятлана Ціханоўская набрала 10,09%, а Аляксандар Лукашэнка — 80,08%. Ціханоўская адмовілася прызнаць гэтыя вынікі і 10 жніўня асабіста накіравалася ў ЦВК, каб іх абскардзіць.
- З ЦВК палітык не вярнулася. Сувязь зь ёю зьнікла, празь некалькі гадзін у вэстыбюлі ЦВК яна паведаміла, што «прыняла рашэньне» і зьехала ў невядомым кірунку. 11 жніўня стала вядома, што яна ў Літве. Былі апублікаваныя два відэазвароты Ціханоўскай, адзін зь якіх быў запісаны ў ЦВК пасьля размовы з двума высокапастаўленымі сілавікамі, у ім Ціханоўская заклікае дэманстрантаў не выходзіць на вуліцы. Кіраўніцтва Літвы 11 жніўня заявіла, што звароты Ціханоўская запісала пад ціскам і шантажом.
- Празь некалькі дзён пасьля фактычнай «дэпартацыі» ў Літву Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што бярэ на сябе ролю «нацыянальнага лідэра».
- 18 жніўня з ініцыятывы Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі была створаная Каардынацыйная рада для транзыту ўлады.
- 10 верасьня 2020 Сэйм Літвы прагаласаваў за прызнаньне Сьвятланы Ціханоўскай абраным кіраўніком Беларусі.
- Ад верасьня 2020 году Ціханоўская наведала з працоўнымі візытамі дзясяткі краін сьвету і сустрэлася зь іх лідэрамі. Сярод іх прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель, высокі прадстаўнік ЭЗ Жузэп Бурэль, прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн ды інш.
- Сьвятлана Ціханоўская кантактавала з актыўнымі людзьмі ў Беларусі падчас пратэстаў 2020 і 2021 гадоў, прызначыла сваіх прадстаўнікоў для падтрыманьня лучнасьці з сацыяльнымі і прафэсійнымі групамі ў краіне.
- Ціханоўская выступіла за правядзеньне ў Беларусі новых празрыстых прэзыдэнцкіх выбараў пры міжнародным кантролі і актыўна заклікала міжнародную супольнасьць да ўдзелу ў арганізацыі перамоваў зь цяперашнім кіраўніцтвам Беларусі.
- За два гады Ціханоўская, яе штаб і зьвязаныя з ёй ініцыятывы дапамагалі палітвязьням, выступалі з шэрагам гуманітарных і палітычных ініцыятываў.
- Яна выступала супраць сфальшаванага канстытуцыйнага рэфэрэндуму, ініцыяванага Лукашэнкам у 2022 годзе.
- У лютым 2022 Ціханоўская асудзіла расейскую агрэсію супраць Украіны і саўдзел у ёй рэжыму А. Лукашэнкі, у сакавіку 2022 году стварыла беларускі Антываенны рух.
- У красавіку 2022 году Ціханоўская на канфэрэнцыі Рады Бясьпекі ААН заявіла, што «поўдзень Беларусі фактычна знаходзіцца пад расейскай акупацыяй».
- Ціханоўская правяла пасьпяховыя перамовы з урадам Польшчы і дамаглася асаблівых умоваў для прыезду і легалізацыі беларусаў, ня згодных з рэжымам Лукашэнкі.
- У жніўні 2022 году Сьвятлана Ціханоўская стварыла Аб’яднаны пераходны кабінэт, назвала чатырох сваіх прадстаўнікоў.
- У лістападзе 2022 Ціханоўская ўпершыню назвала сябе прэзыдэнтам-электам