Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Люблінскі трохкутнік безь Беларусі ня поўны». У Кіеве расказалі пра размову зь Ціханоўскай і магчымы дыялёг з Лукашэнкам


Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба
Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба

Сустрэча міністраў замежных спраў Украіны, Польшчы і Літвы праходзіла ў дыстанцыйным рэжыме пры ўдзеле Сьвятланы Ціханоўскай.

Міністар замежных спраў Украіны Дзьмітро Кулеба заявіў, што Люблінскі трохкутнік, заснаваны летась Украінай, Польшчай і Літвой, адкрыты да супрацы зь Беларусьсю.

«Безумоўна, безь Беларусі Люблінскі трохкутнік зьяўляецца трошкі няпоўным, і мы хацелі б, каб урэшце дэмакратычная Беларусь далучылася і ператварыла Люблінскі трохкутнік у Люблінскі квадрат. Але час пакуль не прыйшоў. Мы ўсе разумеем, што сытуацыя ў Беларусі мае ўплыў ня толькі на двухбаковыя дачыненьні гэтай краіны з суседзямі, а і на сытуацыю ў рэгіёне агулам. Менавіта таму размова са спадарыняй Ціханоўскай адбылася ў рэгіянальным фармаце», — паведаміў Дзьмітро Кулеба на брыфінгу ў Кіеве па выніках сустрэчы ў фармаце Люблінскага трохкутніка.

Міністар замежных спраў Украіны ня стаў удакладняць, якія прапановы выказала Сьвятлана Ціханоўская.

«Мы яе паслухалі, пачулі ейнае бачаньне сытуацыі ў Беларусі і ейныя чаканьні ад міжнароднай супольнасьці».

Дзьмітры Кулеба дадаў, што міністры замежных спраў краін Люблінскага трохкутніка не прымалі рашэньняў наконт сытуацыі ў Беларусі.

«Мы дасягнулі шэрагу палітычных дамоўленасьцяў зь міністрамі, і цяпер нашы каардынатары будуць іх адпрацоўваць і выкладаць на паперы. Мы пачулі спадарыню Ціханоўскую і ўважліва вывучым пазыцыі і просьбы, якія яна агучыла, абмяняемся думкамі з калегамі па Люблінскім трохкутніку і пра тое, як на іх рэагаваць і якія далейшыя крокі магчымыя», — патлумачыў украінскі міністар.

Міністар замежных спраў Украіны таксама нагадаў, што ад пачатку палітычнага крызісу беларускім уладам прапанавалі пляцоўку Люблінскага трохкутніка для дыялёгу. Фармат адкрыты і цяпер, але пры пэўных умовах.

«Мы гатовыя да размовы з Аляксандрам Лукашэнкам. Ніхто ні ад кога не зачыняецца, але, безумоўна, калі размаўляць, то размова павінна быць з узаемнай павагай і толькі ў тым выпадку, калі беларускі бок яе сапраўды захоча. Навязвацца мы ня будзем, але мы адкрытыя для дыялёгу. Усе, што можа зараз дапамагчы спыніць гвалт у Беларусі, забясьпечыць дэмакратычныя трансфармацыі ў гэтай краіне — ёсьць прадметам размовы, да якой мы гатовыя», — падкрэсьліў Дзьмітро Кулеба.

У паведамленьні на афіцыйным сайце Сьвятланы Ціханоўскай адзначаецца, што яна заклікала міністраў замежных спраў краін Люблінскага трохкутніка прыняць больш эфэктыўныя індывідуальныя санкцыі супраць усіх асоб, якія маюць дачыненьне да фальсыфікацыі выбараў і рэпрэсій, уключаючы самога Лукашэнку, а таксам супраць бізнэсоўцаў і кампаній, якія фінансуюць рэжым Лукашэнкі.

Сьвятлана Ціханоўская таксама прапанавала разгледзець магчымасьць стварэньня міжнароднай кааліцыі для спрашчэньня пераходу ўлады ў Беларусі. Апроч таго, яна заявіла, што цяпер створаны «ўнікальны гістарычны шанец закласьці аснову для трывалага мірнага супрацоўніцтва паміж Беларусьсю, Украінай, Польшчай і Літвой», і прапанавала, каб Люблінскі трохкутнік ператварыўся ў Люблінскую чацьвёрку з удзелам дэмакратычнай Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG