Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Атлянтычная Рада: Байдэн павінен называць Лукашэнку былым прэзыдэнтам і сустрэцца зь Ціханоўскай


Джон Гербст, кіраўнік Эўразійскага цэнтру Атлянтычнай Рады, адзін з аўтараў дакладу
Джон Гербст, кіраўнік Эўразійскага цэнтру Атлянтычнай Рады, адзін з аўтараў дакладу

Атлянтычная Рада — амэрыканскі аналітычны цэнтар пры NATO — апублікавала даклад «Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі».

Аўтары дакладу: Джон Гербст, кіраўнік Эўразійскага цэнтру Рады, былы амбасадар ЗША ва Ўкраіне; Аляксандар Вэршбаў, былы амбасадар ЗША ў Расеі і былы намесьнік генэральнага сакратара NATO; Мэлінда Гарынг, намесьніца кіраўніка Эўразійскага цэнтру Рады; і Андэрс Ослунд, эканаміст.

Прапануем вам галоўныя тэзы дакладу.

У 2020 годзе беларусы нечакана паставілі пад сумнеў легітымнасьць Аляксандра Лукашэнкі на жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбарах у краіне. Лукашэнка нахабна сфальсыфікаваў вынікі, заявіўшы, што набраў 80% галасоў, але ні ЗША, ні Эўразьвяз не прызнаюць яго перамогі. Шматмесячны рух пратэсту аб’яднаўся вакол патрабаваньня новых выбараў пад наглядам міжнароднай супольнасьці.

Забясьпечыць дэмакратычныя зьмены ў Беларусі няпроста, улічваючы ўнутраны супраціў і рашучасьць Масквы прадухіліць чарговую «каляровую рэвалюцыю».

Лукашэнка, хутчэй за ўсё, ня здольны аднавіць сваю легітымнасьць. Але ён імкнецца трымацца, нягледзячы на намаганьні Масквы арганізаваць гнуткую замену, якая захавала б прарасейскую арыентацыю Менску. Расея па-ранейшаму застаецца ключавым геапалітычным гульцом у Беларусі, часта гуляе ў доўгую гульню і, магчыма, гатовая ўжываць вайсковыя варыянты, чаго ня могуць рабіць ЗША.

Магчыма, ключавы фактар — той, што беларусы ясна далі зразумець, што хочуць падсправаздачных лідэраў, якіх яны могуць выбіраць і пазбаўляць улады. Са жніўня было затрымана больш за трыццаць тысячаў мірных дэманстрантаў, больш за трыста пяцьдзясят міліцыянтаў перайшлі на бок народу, і звычайныя беларусы ўжо не баяцца выказваць сваю апазыцыю рэжыму.

Крэмль, падтрымліваючы рэпрэсіі ў Беларусі, рызыкуе схіліць беларускі народ — гістарычна прыязны да Расеі — у праэўрапейскі бок. Гэтыя зьмены ў Беларусі Масква ня можа ігнараваць, і ЗША ды іх саюзьнікі павінны ўмацоўваць іх пасьлядоўнымі крокамі, каб пазьбегнуць празьмернай рэакцыі Крамля. Байдэн са сваім шматгадовым вопытам прасоўваньня каштоўнасьцяў і інтарэсаў ЗША і рашучасьцю мацаваць трансатлянтычныя адносіны ідэальна падыходзіць для выразнай падтрымкі жыхароў Беларусі, якая непасрэдна не замахваецца на інтарэсы бясьпекі Масквы.

Асноўныя рэкамэндацыі

  • Спрыяць росту дэмакратычнага руху ў Беларусі, умацаваць цяперашняга лідэра апазыцыі і аслабіць падтрымку Лукашэнкі.
  • Байдэн павінен сустрэцца зь Ціханоўскай на працягу першых 100 дзён знаходжаньня на пасадзе прэзыдэнта ЗША.
  • Байдэн павінен прызначыць высокапастаўленага чыноўніка для каардынацыі санкцыяў з ЭЗ, Вялікай Брытаніяй і Канадай.
  • Байдэн павінен увесьці санкцыі адносна сотняў беларускіх чыноўнікаў, якія парушаюць правы чалавека, як фактар стрымліваньня супраць далейшай эскаляцыі рэпрэсіяў.
  • Злучаныя Штаты павінны называць Лукашэнку былым прэзыдэнтам Беларусі. Амбасадар ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр павінна заняць сваю пасаду ў Менску і наведваць Вільню па меры неабходнасьці, але не ўручаць даверчыя лісты Лукашэнку.
  • Злучаныя Штаты павінны санкцыянаваць кампаніі, якія займаюцца прыватнымі фінансамі Лукашэнкі.
  • Злучаныя Штаты павінны папярэдзіць расейскія кампаніі і бізнэсоўцаў пра магчымасьць увядзеньня супраць іх санкцыяў у выпадку, калі яны будуць падтрымліваць рэжым Лукашэнкі фінансава альбо палітычна. Злучаныя Штаты павінны таксама ўвесьці санкцыі адносна расейскіх СМІ і журналістаў, якія ўдзельнічаюць у прапагандысцкіх кампаніях супраць беларускага пратэставага руху.
  • Кангрэс павінен даць канкрэтныя ўказаньні Дзяржаўнаму дэпартамэнту, каб той штогод выдзяляў прынамсі 200 мільёнаў даляраў на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і мэдыя Беларусі.
  • Кангрэс павінен падвоіць бюджэт беларускай службы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
  • Дзяржсакратар павінен спрыяць безумоўнаму вызваленьню і амністыі ўсіх палітвязьняў, заклікаць спыніць гвалт і настойваць на інклюзіўным нацыянальным дыялёгу дзеля вырашэньня палітычнага крызісу ў Беларусі і на правядзеньні свабодных і сумленных выбараў.
  • Злучаныя Штаты павінны выкарыстоўваць свой уплыў у міжнародных арганізацыях, такіх як АБСЭ, для забесьпячэньня іх актыўнага ўдзелу ў вырашэньні беларускага крызісу шляхам пасярэдніцтва ў дыялёгу, стварэньня дадатковага ціску на рэжым і збору доказаў злачынстваў, каб у выніку прыцягнуць вінаватых да адказнасьці.

Для кантролю расейскай рэакцыі на падзеі ў Беларусі аўтары дакладу даюць наступныя тры парады:

1. Адміністрацыя Байдэна павінна ў прыватным парадку перасьцерагчы беларускую апазыцыю ад любых сыгналаў, якія паказваюць яе зацікаўленасьць у далучэньні да ЭЗ ці NATO, і публічна растлумачыць сваю пазыцыю ў Беларусі як падтрымку права народу Беларусі выбіраць уласнага лідэра і будучыню.

2. Разам з ЭЗ адміністрацыя Байдэна павінна весьці рэгулярны дыпляматычны дыялёг з Масквой, падкрэсьліваючы, што рух пратэсту ў Беларусі мае ўнутрыпалітычныя, а не геапалітычныя мэты. Першапачатковыя мэты — неадкладнае спыненьне рэпрэсіяў, вызваленьне палітвязьняў і пачатак сапраўднага, інклюзіўнага палітычнага дыялёгу, які можа закласьці аснову для новых выбараў пад міжнародным кантролем.

3. Адміністрацыя Байдэна павінна давесьці, што Маскве пагражаюць дадатковыя санкцыі, калі яна накіруе ў Беларусь сілы бясьпекі (адкрыта ці таемна, уключаючы вайсковую або кадравую падтрымку), каб падтрымаць Лукашэнку альбо расправіцца зь беларускімі пратэстоўцамі.

Атлянтычная Рада не зьяўляецца амэрыканскай урадавай установай, яе парады не зьяўляюцца абавязковымі для выкананьня амэрыканскімі органамі ўлады. Даклад Рады «Байдэн і Беларусь: стратэгія для новай адміністрацыі» — адна з прапановаў, якія фармулююцца ў межах аналітычнай супольнасьці ЗША.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG