Сёньня стала вядома, што праваабаронцу, старшыні Гомельскай філіі праваабарончага цэнтру «Вясна» Леаніду Судаленку прадʼявілі абвінавачаньне па ч. 1 і 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, і фінансаваньне такой дзейнасьці).
Ён застаецца пад вартай у СІЗА-3 у Гомлі.
Пра гэта паведамляе сайт «Вясны».
Леанід Судаленка быў затрыманы 18 студзеня па дарозе ў офіс. Яго адвезьлі на допыт у Сьледчы камітэт, куды яго адвакат змог трапіць толькі ўвечары. Затым яго зьмясьцілі ў ізалятар, а празь некалькі дзён перавялі ў СІЗА. Беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Судаленку палітычным зьняволеным.
За два тыдні да затрыманьня Судаленкі ў Грамадзка-палітычным цэнтры ў Гомлі, дзе знаходзіцца офіс «Гомельскай вясны», прайшоў ператрус, падчас якога былі вынятыя дакумэнты, якія тычацца дзейнасьці праваабаронцы (пастановы судоў, абскарджаньні).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеных гомельскіх праваабаронцаў Леаніда Судаленку і Марыю Тарасенку прызналі палітвязьняміУвечары 18 студзеня была затрыманая таксама валянтэрка «Вясны» Марыя Тарасенка, якая дапамагала Леаніду Судаленку. Яе вызвалілі праз трое сутак пасьля затрыманьня. А 21 студзеня ў менскім аэрапорце затрымалі Тацьцяну Ласіцу з Рэчыцы, якая таксама дапамагала Судаленку. Яе зьмясьцілі пад варту ў СІЗА ў Гомлі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адвакат «дармаедаў» атрымаў францускую прэмію за абарону правоў чалавека