18 студзеня супрацоўнікі міліцыі затрымалі старшыню Гомельскага аддзяленьня Праваабарончага цэнтру «Вясна» Леаніда Судаленку. Ён падазраецца ў крымінальнай справе паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак). Яго зьмясьцілі ў ІЧУ.
5 студзеня ў грамадзкім цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе знаходзіцца, сярод іншага, офіс «Гомельскай вясны», прайшоў ператрус, які цягнуўся амаль 10 гадзін. Таксама вобшук правялі ў доме праваабаронцы.
18 студзеня затрымалі і зьмясьцілі ў ІЧУ валянтэрку Гомельскага аддзяленьня «Вясны» Марыю Тарасенку. У яе доме таксама быў ператрус. У чым яна падазраецца і ў якім працэсуальным статусе знаходзіцца, невядома.
«Крымінальны перасьлед Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі адбываецца на фоне беспрэцэдэнтных палітычных рэпрэсій і глыбокага крызісу правоў чалавека ў Беларусі, ахвярамі якога сталі тысячы грамадзян. Ня сталі выключэньнем і прадстаўнікі праваабарончай супольнасьці, якія таксама зазнаюць ціск у сувязі зь дзейнасьцю па абароне правоў чалавека. У СІЗА каардынатарка „Вясны“ Марфа Рабкова і валянтэр Андрэй Чапюк, многія зазнавалі адміністрацыйны перасьлед», — гаворыцца ў супольнай заяве праваабаронцаў.
Зыходзячы з гэтага, адзначаецца ў дакумэнце, перасьлед Леаніда Судаленкі і Марыі Тарасенкі зьяўляецца палітычна матываваным і скіраваны на спыненьне іх публічнай і негвалтоўнай дзейнасьці, што дае падставу лічыць згаданых праваабаронцаў палітычнымі зьняволенымі.