Суд пакінуў Навальнага пад арыштам. Відэа яго прамовы

Аляксей Навальны падчас суду.

Маскоўскі абласны суд пакінуў расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага пад вартай.

У судзе разглядалі апэляцыю па скарзе адвакатаў на рашэньне Хімкаўскага гарадзкога суду ад 18 студзеня арыштаваць Навальнага на 30 сутак. Палітык прымаў удзел у судзе празь відэасувязь са сьледчага ізалятара «Матроская цішыня».

Адвакаты Навальнага заявілі, што яго незаконна абвясьцілі ў вышук. З прадстаўленых матэрыялаў вынікае, што Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў атрымала ад Навальнага апавяшчэньне ад 23 лістапада 2020 году аб тым, што ён знаходзіўся на лячэньні ў бэрлінскай клініцы. Хімкаўскі суд, па словах абаронцаў, парушыў нормы Крымінальна-працэсуальнага кодэксу.

Навальны пасьля абвяшчэньня рашэньня на пытаньне судзьдзі заявіў, што яму было ўсё зразумела да пачатку пасяджэньня суду.

Хімкаўскі гарадзкі суд вынес рашэньне аб арышце Навальнага на наступны дзень пасьля прылёту палітыка зь Нямеччыны і затрыманьня ў аэрапорце. Справу разглядалі ў аддзяленьні паліцыі. Навальны назваў гэта беззаконьнем «найвышэйшай ступені».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У паплечнікаў Навальнага за дзень правялі 15 ператрусаў, ягонага брата і юрыстку фонду затрымалі

Больш як у ста гарадах Расеі 23 студзеня прайшлі акцыі з патрабаваньнем вызваліць Навальнага. У іх узялі ўдзел больш за 100 тысяч чалавек. У штабах палітыка заяўляюць пра 250 тысяч удзельнікаў. Сілавікі затрымалі па ўсёй Расеі чатыры тысячы чалавек. На 31 студзеня ў падтрымку Аляксея Навальнага заплянаваныя новыя акцыі.