Самыя масавыя акцыі пратэсту праходзяць у Маскве і Пецярбургу. Там жа адбываюцца найбольш жорсткія і масавыя затрыманьні.
У Маскве людзі сабраліся на Пушкінскай плошчы, аднак пасьля былі вымушаныя перамясьціцца на суседнюю Цьвярскую вуліцу.
Трансьляцыі з пратэстаў вядуць недзяржаўныя СМІ, ёсьць інфармацыя пра затрыманьні журналістаў.
У жывым эфіры каналу «Настоящее время» прагучала інфармацыя пра бел-чырвона-белыя сьцягі на пратэстах у Маскве.
Колькасьць удзельнікаў акцыі розная. Паводле тэлеканала «Дождь», ва Ўладзівастоку і Хабараўску сабралася а некалькі тысяч чалавек. У Маскве колькасьць пратэстоўцаў складае каля 10 тысяч (паводле афіцыйнай інфармацыі МУС Расеі — 4 тысячы).
Сайт «ОВД Инфо» паведамляе пра 369 затрыманых па ўсёй Расеі па стане на 15 гадзін.
У жывым эфіры затрымалі паплечніцу Аляксея Навальнага з Фонду барацьбы з карупцыяй Любоў Собаль.
Таксама затрымалі жонку Навальнага Юлію.
Па кадрах з пратэстаў можна меркаваць, што затрыманьні праходзяць значна больш мякка, чым гэта было ў Беларусі на восеньскіх акцыях.
Як адзначаюць расейскія журналісты, у некаторых гарадах пратэстоўцаў не разганялі нават нягледзячы на тое, што яны зьбіраліся каля гарадзкіх адміністрацый. У прыватнасьці так было ў Яраслаўлі.