Кіраўнік сеткі рэгіянальных штабоў Фонду барацьбы з карупцыяй (ФБК) Леанід Волкаў у жывым эфіры «Навальный Live» заявіў аб плянах правесьці пратэсты ў наступныя выходныя.
Паводле яго, штабы Навальнага, нягледзячы на арышты каардынатараў, пакажуць, як яны ўмеюць «самаарганізавацца» і «перагрупоўваюцца».
«Мы ў наступныя выходныя правядзем новыя пратэставыя акцыі па ўсёй краіне. Аляксей Навальны павінен быць неадкладна вызвалены, — сказаў прадстаўнік фонду. — Ён цяпер знаходзіцца ў небясьпецы, і для гэтага ніякіх сродкаў, ніякіх інструмэнтаў не шкада. І мы лічым, што нашыя абсалютна справядлівыя патрабаваньні павінны быць выкананы».
Леанід Волкаў падкрэсьліў, што яны будуць заклікаць людзей зноў выходзіць на пратэсты ў наступныя выходныя і прыходзіць на суд за 2 лютага, каб там запатрабаваць вызваленьня Навальнага.
Другога лютага Сіманаўскі суд Масквы будзе разглядаць хадайніцтва аб замене ўмоўнага тэрміну Навальнаму на рэальны — тры з паловай гады зьняволеньня ў папраўчай калёніі. Паводле вэрсіі расейскіх уладаў, Навальны парушыў правілы ўмоўнага асуджэньня ў справе «Іў Рашэ», не адзначыўшыся ў расейскай інспэкцыі пасьля таго, як яго выпісалі зь нямецкай клінікі.