«На „Марш вызваленьня палітвязьняў“ ён пайшоў паводле сваіх унутраных перакананьняў, таму што лічыць, што людзей несправядліва, незаконна кідаюць у турмы», — кажа маці 21-гадовага палітвязьня Ігара Пражэньнікава.
Падчас восеньскага маршу дайшоў да Акрэсьціна і дацягнуўся да камэры відэаназіраньня на будынку ізалятара. Яму пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.
Маці палітзьняволенага расказвае пра справу сына і шукае дапамогі неабыякавых людзей.
Ігара Пражэньнікава затрымалі 4 кастрычніка каля будынку ЦІП — у нядзелю праходзіў «Марш вызваленьня палітвязьняў» і калёна пратэстоўцаў з «Пушкінскай» дайшла да турмы на Акрэсьціна. Празь дзень адбыўся суд, маладому чалавеку прысудзілі 13 дзён арышту паводле адміністрацыйнага артыкулу 23.34. Калі 17 кастрычніка сваякі з Магілёва прыехалі сустракаць Ігара пасьля адседкі, высьветлілася, што з ЦІП яго перавялі ў ІЧУ — праз падазрэньне ў злачынстве. Потым завялі крымінальную справу за «арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч. 1 арт. 342).
«У апазіцыйных арганізацыях ня быў»
Ігар родам з Магілёва, скончыў там каледж, атрымаў спэцыяльнасьць тэхніка-праграміста, два гады таму пераехаў у Менск з Магілёва. Апошнім часам працаваў на прыёме і апрацоўцы замоваў на піцу, расказвае маці Ігара Іна Пражэньнікава.
«Ні ў якіх апазыцыйных арганізацыях сын ня быў, ні на якія забароненыя тэлеграм-каналы ня быў падпісаны. Ён кандыдат у майстры спорту ў шахматах, 8 гадоў сур’ёзна займаўся хакеем у магілёўскай камандзе „Львы“.
На „Марш вызваленьня палітвязьняў“ ён пайшоў па сваіх унутраных перакананьнях: таму што лічыць, што людзей несправядліва, незаконна кідаюць у турмы» — кажа маці Ігара.
Крыху пазьней МУС апублікаваў відэа зь Ігарам Пражэньнікавым, на якім ён залазіць на плечы іншага хлопца і дакранаецца да камэры відэаназіраньня, што ўмацаваная на будынку ЦІП. Ігар на міліцэйскую камэру прызнаецца толькі ў тым, што ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве.
За той марш 4 кастрычніка завялі 5 крымінальных спраў на маладых людзей, ніяк не зьвязаных паміж сабой і затрыманых у розных месцах. Адзін хлопец падставіў плечы Ігару каля Акрэсьціна. На Мікіту Ігнацюка «крыміналку» завялі за фота з дэтальлю вадамёта на праспэкце. Будаўніка Кірыла Паўлаўца, у якога двое малых дзяцей і жонка ў дэкрэце, падманам выцягнулі з кватэры і забралі пасьля маршу — нібыта ён «засьвяціўся» на відэакадрах у першым шэрагу пратэстоўцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я не нападаў на вадамёт». Выйшаў на волю мужчына, які сфатаграфаваўся з гідрантам5 лістапада ўсіх пяцярых, якім перакваліфікавалі адміністрацыйную справу ў крымінальную, прызналі палітвязьнямі.
Перад Новым годам Кірыла Паўлаўца перавялі з Жодзіна на «Валадарку». Таму родныя падумалі, што неўзабаве пачнуцца суды, кажа маці Пражэньнікава спадарыня Іна. Аднак Паўлавец захварэў на каранавірус, камэра на карантыне, суды яшчэ не пачаліся.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мужа пасадзілі за пратэсты, жонку з дваімі дзецьмі высяляюць са здымнай кватэры«Я кантактую зь іншымі роднымі зьняволеных — на ўсіх ціснуць»
Іна Пражэньнікава сьцьвярджае, што і на яе, і на сына ціснуць. Жанчыну выклікалі ў Магілёўскі камітэт дзяржкантролю на гутарку.
«Мне там казалі: «Вы вельмі актыўная маці». Адказваю: «Так, я актыўная мама, хадзіла ў школу мыць вокны, дапамагала з рамонтам. Я па жыцьці актыўная. І за сына буду змагацца да апошняга. Цяпер я прашу дапамогі для сына — гэта законам забаронена? Не!
Я кантактую зь іншымі роднымі зьняволеных — на ўсіх ціснуць. Мне яшчэ крыху прасьцей, бо няма непаўналетніх дзяцей і я працую не ў дзяржаўнай установе.
Цісьне сьледчая і на мяне, і на сына. Ігару кажа: „Твая мама можа апынуцца побач з табой, бо актыўна падтрымлівае цябе“. Але я мама, як я магу не падтрымліваць сына?
Мяне яна таксама палохае: „Я падрыхтую вашаму сыну зону. Сушыце сухары, зьбірайце грошы, яны вам спатрэбяцца. Рыхтуйцеся да таго, што ваш сын будзе сядзець. І ніякага спатканьня з сынам — забудзьцеся“, — расказвае Іна Пражэньнікава.
Паводле слоў маці, сьледчая таксама пагражае перакваліфікаваць артыкул, паводле якога абвінавачваецца Ігар — з 342-га (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў) на больш жорсткі 293 (масавыя беспарадкі з гвалтам, супрацівам»).
«Сын цалкам усьведамляе, што сядзе. І псыхалягічна рыхтуе мяне да гэтага»
Іна Пражэньнікава ўважліва сочыць за судовымі працэсамі над удзельнікамі пратэстаў, вельмі ўражаная жорсткімі пакараньнямі, вялікімі тэрмінамі. Таму рэальна глядзіць на сытуацыю.
«На добрае я не разьлічваю. Сын у мяне таксама рэаліст, у аблоках не лунае. Ён цалкам усьведамляе, што сядзе. І рыхтуе псыхалягічна мяне да гэтага. Маё мацярынскае сэрца таксама падказвае, што пасадзяць.
Просіць: „Перадавайце чорнае адзеньне, бо туды, куды мяне адправяць, носяць усё чорнае“, а ў мяне проста сэрца крывёю абліваецца» — ня можа стрымаць сьлёз жанчына.
Ігар яшчэ ня ведае, што, калі яго пасадзілі, памерла бабуля. Маці вельмі перажывае за здароўе сына: Ігар перанёс апэрацыю на нырках, у яго гідранэфроз, яму нельга знаходзіцца ў халодным і вільготным памяшканьні.
«У камэры шмат людзей, вельмі холадна. Ён дзеліцца адзеньнем зь іншымі, просіць цёплыя шкарпэткі — я ўжо столькі іх перадала на „Валадарку“! Адвакатка кажа, што гэта адна з самых халодных камэр на „Валадарцы“. Да таго ж вельмі рэдка выводзяць на прагулкі.
Па лістах адчуваю, што Ігар сумуе. Піша, што не азлобіўся на людзей, што судзімасьць — гэта яшчэ не канец сьвету і што любая праблема павінна не ламаць чалавека, а загартоўваць. Праз адваката перадае: „Мама, ці ня ты мяне вучыла быць сумленным, правільным, гаварыць праўду? Я ня здраджу сабе, сваёй пазыцыі. Мне няма ў чым раскайвацца, бо я нічога кепскага не рабіў“», — кажа Іна Пражэньнікава.
Маці шукае дапамогі
Іна Пражэньнікава шукае дапамогі неабыякавых людзей, каб аплаціць паслугі адваката.
«Сын сядзіць у турме, а ў мяне пазыкі растуць: аплата адваката, перадачы. Фонды салідарнасьці патрабуюць дакумэнты аб крымінальнай справе, а хто мне іх дасьць? У адваката падпіска аб невыдаваньні. Сьледчая ніякіх дакумэнтаў у крымінальнай справе, натуральна, мне не пакажа — сьледзтва яшчэ не завершана. Атрымліваецца замкнутае кола. Хоць Ігара прызналі 5 лістапада палітзьняволеным, ніхто не дапамог з кастрычніка.
Адзін адвакат адмовіўся абараняць сына — баіцца страціць працу. Цяпер адвакат два-тры разы на тыдзень наведвае Ігара. Адзін дзень працы адваката каштуе 300 рублёў — для мяне гэта вялікія грошы», — кажа Іна Пражэньнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сказалі, што будуюць новы Асьвенцім». Фатограф расказаў, як у жніўні з Акрэсьціна трапіў у незвычайнае месца ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яму хочуць закрыць рот». Жонка зьняволенага блогера Паўла Сьпірына расказвае пра справу мужа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніцтва Радыё Свабода: Жыцьцё Ігара Лосіка пад пагрозай пасьля шасьцітыднёвай галадоўкі